Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыход Трампа – агульны сёньняшні трэнд. Крыху раней была Польшча, цяпер вось яшчэ Баўгарыя і Малдова.

Людзі галасуюць за палітыку простых рашэньняў. Пры гэтым ідэйная частка праграм, «лева» і «права» мала каго цікавяць і мала што значаць.

Будзь простым, і да цябе пацягнуцца людзі. У нашу інфармацыйную эпоху менавіта гэтая формула аказалася прывабнай і пасьпяховай. Што значыць, між іншым, што інфармацыйная рэвалюцыя зь яе сацыяльнымі сеткамі нічога істотнага ні ў чалавеку ні ў грамадзе не зьмянілі.

Дзевятнасьце сотняў,

Як Езус радзіўся,

I за гэту пору

Мужык не змяніўся.

(Цётка, 1903)

Чыстая кінэтыка, ніякіх табе поглядаў і ідэй. Прарасейскі Лукашэнка і нацыяналіст Пазьняк аднолькава віталі абраньне Трампа. Гэта з той самай опэры, што спадзявацца на «цьвёрдую руку», орднунг, парадак. Парадак робіцца заўсёды проста. Ён – супрацьлегласьць гармоніі.

Супрацьлегласьць палітыкі простых рашэньняў – палітыка цывілізацыйных рашэньняў. Скажам, адмена сьмяротнае кары, прызнаньне аднаполых шлюбаў, пасяленьне мігрантаў з Афрыкі… Усё гэта страшэнна непапулярныя крокі. Яны неверагодна складаныя. Гэтым шляхам ідзе пакуль што старая Эўропа. Як ідзе? Яна бясконца спатыкаецца, падае, яна робіць кучу памылак, яе дыскрэдытуюць, высьмейваюць, падрываюць…

Расстраляць усіх, хто замінае табе рабіць тваю палітыку, згадзіцеся, – працэдура простая і зразумелая. А вось як забясьпечыць суіснаваньне ўсіх – гэта заўсёды вельмі складаная, непапулярная і проста нецікавая работа.

Лукашэнка і Пазьняк віталі Трампа – каму зь іх ён дапаможа? Думаю, нікому. Трамп націсьне на Расею, што выгадна і Лукашэнку і Пазьняку. Але ж і Пуцін таксама вітаў Трампа. Што гэта значыць? Што яны ўсе не канкрэтнага Трампа віталі, а палітыку простых рашэньняў.

Такая палітыка часта эксцэнтрычная і амаль заўсёды цікавая для публікі, для тэлевізійных шоў. Згадзіцеся, глядзець як адзін правадыр-канібал зьеў другога правадыра цікавей, чым калі тыя два правадыры пагадзіліся на нейкія там саступкі і прыйшлі да кампрамісу. Сядзяць за сталом, нешта падпісваюць, лыбяцца. Нецікава, невідовішчна, «безь яец». Відовішчна калі зьелі. Але ж і жыць там у іх немагчыма. Таму і бягуць ад канібалаў туды, дзе руціна і палітыка цывілізацыйных рашэньняў.

Трэнды мяняюцца з хадою ківача. Выглядае, што палітыка цывілізацыйных рашэньняў яшчэ ня хутка ачысьціцца ад усяго, што яе дыскрэдытуе і верне сабе прывабны для большасьці выгляд.

Кажуць, Трамп непрадказальны, нават для сябе самога. Але народ прадчувае, што ён можа рубануць з пляча.

Простыя рашэньні звычайна зьвязаныя з гвалтам (выселіць 3 млн нелегалаў!), але публіка любіць хадзіць на карыду, рызыкаваць – цікава. І сьвята верыць, што бык уздыме на рогі не цябе, а кагосьці іншага.

Сьвятая прастата, як казаў Ян Гус. І гэта былі яго апошнія словы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG