Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскія кандыдаты трыюмфавалі ў Баўгарыі і Малдове, перамаглі жанчын


Ігар Дадон падчас галасаваньня на выбарчым участку ў Кішынёве, 13 лістапада 2016 году
Ігар Дадон падчас галасаваньня на выбарчым участку ў Кішынёве, 13 лістапада 2016 году

Паводле вынікаў падліку 98,6% бюлетэняў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове перамагае сацыяліст Ігар Дадон, у якога прыблізна 53,79% галасоў. Яго правалібэральная суперніца Мая Санду мае каля 46,21% галасоў. Яўка склала каля 53%.

«Я выразна разумею адказнасьць, што ўсклалі на мяне сёньня. Я разумею, што будзе няпроста. Я абяцаю быць прэзыдэнтам усіх: і тых, хто хоча інтэграцыі з Эўразьвязам, і тых, хто хоча больш шчыльных сувязяў з Расеяй», — заявіў Дадон у пераможнай прамове. Ён павіншаваў суперніцу зь вельмі добрым вынікам і заклікаў «захоўваць спакой», бо «не патрэбная нянавісьць у грамадзтве».

Малдова — парлямэнцкая рэспубліка, паўнамоцтвы прэзыдэнта абмежаваныя кіроўнай бальшынёй парлямэнту і Канстытуцыяй. На выбарах практычна не гучала тэма аб’яднаньня Малдовы з Румыніяй, дый прыхільнікі аб’яднаньня з Румыніяй не набралі шмат галасоў. Выбары ў адной з найбяднейшых краінаў Эўропы праходзілі пасьля вялізных карупцыйных скандалаў, скраданьня мільярду эўра з трох найбуйнейшых банкаў і масавых акцыяў пратэсту супраць дзейнага кіраўніцтва дзяржавы, якое называла сябе праэўрапейскім.

Кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Баўгарыі Румэн Радэў
Кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Баўгарыі Румэн Радэў

У Баўгарыі тым часам падлічылі 99,33% галасоў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў. З 59,35% галасоў перамагае прарасейскі кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Румэн Радэў. Ягоная суперніца Цэцка Цачэва, якая прадстаўляе кіроўную партыю «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі», мае 36,17% галасоў. Яна прызнала паразу і выказала гатоўнасьць пакінуць парлямэнт. Яўка склала 41,95%.

Баўгарыя — таксама парлямэнцкая рэспубліка, але прэзыдэнт мае права вета на рашэньні парлямэнту (ня больш за тры разы на рашэньне). Абраны прэзыдэнт уступіць у пасаду 1 студзеня 2017 году. Тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у Баўгарыі складае пяць гадоў. Генэрал Румэн Радэў займаў пасаду камандзіра ВПС Баўгарыі. У пачатку жніўня ён падаў у адстаўку ў сувязі зь нязгодай з плянамі міністэрства абароны краіны дасягнуць пагадненьня з Польшчай аб сумеснай ахове баўгарскай паветранай прасторы.

Радэў заяўляў аб плянах палепшыць стасункі з Масквой і выступаў за зьняцьце санкцыяў Эўразьвязу, накладзеных праз Крым і Данбас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG