Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі на выбарах прэзыдэнта наперадзе прарасейскі кандыдат


На прэзыдэнцкіх выбарах у Баўгарыі падчас другога туру галасаваньня наперадзе прарасейскі кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Румэн Радэў.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя экзытполаў, якія публікуе агенцтва Reuters. Папярэднія вынікі галасаваньня чакаюцца 14 лістапада.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі Радэў набраў крыху больш за 59 адсоткаў галасоў. 53-гадовы Радэў заклікае да адмены санкцый супраць Расеі і выступае супраць міграцыйнай палітыкі Эўразьвязу. Яго апанэнт — сьпікер парлямэнта Цэцка Цачэва, якая прадстаўляе кіруючую партыю «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі».

Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў прайшоў у Баўгарыі ў нядзелю. У першым туры Радэў набраў 25,5 працэнтаў галасоў, за Цачэву прагаласавалі 22 адсоткі выбарнікаў. Абраны прэзыдэнт уступіць у пасаду 1 студзеня 2017 года. Тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у Баўгарыі складае пяць гадоў.

Генэрал Румэн Радэў займаў пасаду вайскавода ВПС Баўгарыі. У пачатку жніўня ён падаў у адстаўку ў сувязі зь нязгодай з плянамі міністэрства абароны краіны дасягнуць пагадненьня з Польшчай аб сумеснай ахове баўгарскай паветранай прасторы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG