Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўстанцы FARC пакрыюць шкоду ахвярам грамадзянскай вайны ў Калюмбіі


Улады Калюмбіі і прадстаўнікі левай паўстанцкай групоўкі «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі» (FARC), пасьля чарговых перамоваў у Гаване падпісалі новае мірнае пагадненьне.

Яно закліканае пакласьці канец пяцідзесяцігадовай грамадзянскай вайне, ахвярамі якой сталі больш за 250 тысяч чалавек.

Пасьля таго як у пачатку кастрычніка жыхары Калюмбіі на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць пагадненьня аб міры з FARC, у дакумэнт былі ўнесены зьмены, у прыватнасьці, новы дагавор абавязвае паўстанцаў даць ураду інфармацыю аб сваёй маёмасьці, якая будзе выкарыстана для пакрыцьця шкоды ахвярам грамадзянскай вайны.

У новым пагадненьні таксама ўлічаныя мэханізмы абмежаваньня волі вінаватых у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў прыхільнікаў FARC — жыхары Калюмбіі былі незадаволеныя першапачатковай рэдакцыяй дакумэнта праз тое, што ён дазваляў шматлікім паўстанцам пазьбегнуць турэмнага зьняволеньня. У дагаворы пры гэтым застаўся пункт, які дазваляе FARC прэтэндаваць на 10 месцаў у парлямэнце Калюмбіі. Абодва бакі канфлікту заклікалі ўсіх жыхароў краіны абʼяднацца і падтрымаць новыя дамоўленасьці, паколькі «сьвет больш ня можа чакаць».

Групоўка FARC прызнана тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ. У кастрычніку прэзыдэнт Калюмбіі Хуан Мануэль Сантас атрымаў Нобэлеўскую прэміі міру за 2016 год «за намаганьні па спыненьні ў краіне больш чым паўвекавой грамадзянскай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG