Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве санкцыянаваў ператрусы на тэлестудыі Савіка Шустэра


Пячэрскі раённы суд Кіева санкцыянаваў ператрусы ў кватэры і на тэлестудыі журналіста Савіка Шустэра.

Рашэньне прымалася ў закрытым рэжыме, без прысутнасьці адвакатаў Савіка Шустэра яшчэ на мінулым тыдні, але вядома пра гэта стала толькі 11 лістапада.

«Нам існаваць засталося некалькі тыдняў, таму што ўлада пагражае ўсім, хто хоча нам дапамагчы, — выклікаюць падатковую, прызначаюць велізарныя штрафы», — заявіў Шустэр 11 лістапада ў жывым эфіры ток-шоў «Шустэр LIVE» пасьля таго, як яму паведамілі пра пастанову суду.

У гэтай праграме прыняў удзел і экс-прэзыдэнт Грузіі, былы губэрнатар Адэскай вобласьці Міхаіл Саакашвілі. У мінулую пятніцу ён абвясьціў аб стварэньні новай палітычнай сілы, якая будзе дамагацца датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду. Як адзначыў Шустэр, пасьля адстаўкі Саакашвілі і яго гучных абвінавачваньняў на адрас кіраўніка дзяржавы і яго атачэньня канал 3s.tv, які трансьліруе праграмы студыі, — адзін зь нямногіх сярод украінскіх СМІ, якія далі слова апазыцыйнаму палітыку.

Генэральны дырэктар 3s.tv Павел Елізараў апублікаваў копіі рашэньня суду аб правядзеньні ператрусаў, якія ён расцэньвае як «адноўлены ціск» украінскіх уладаў на тэлеканал і Савіка Шустэра. «Яны спрабуюць нас дабіць», — напісаў Елізараў на сваёй старонцы ў Facebook.

У самой жа пастанове суду ад 2 лістапада 2016 году гаворыцца, што яна прынятая праз хадайніцтва сталічнай пракуратуры ў рамках заведзенай больш за год таму справы аб наўмысным ухіленьні ад выплаты падаткаў. Пакараньне па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны прадугледжвае пазбаўленьне волі ад 5 да 10 гадоў.

Сёлета 25 красавіка Кіеўскі цэнтар занятасьці ануляваў грамадзяніну Італіі і Канады Шустэру дазвол на працу ва Ўкраіне. Прадстаўнікі цэнтру патлумачылі гэта прадстаўленай тэлевядучым недакладнай інфармацыяй і распачатай супраць «Савік Шустэр Студыі» крымінальнай спарвай за нявыплату падаткаў (на суму каля $ 83 тысяч) і прыніжэньнем падатку на даданую вартасьць тэлепраграм (каля $ 78,6 тысяч). Сам Шустэр тады заявіў, што забарона на працу зьвязаная з тым, што " украінская ўлада абсалютна не трывае ніякай крытыкі на свой адрас«, і на знак пратэсту абвясьціў галадоўку. Праз некалькі дзён рашэньне цэнтру занятасьці было прыпынена, а ў ліпені Кіеўскі апэляцыйны адміністрацыйны суд пацьвердзіў права тэлевядучага на працу ў краіне.

Савік Шустэр пераехаў з Масквы ў Кіеў у 2005 годзе і з гэтага часу вёў грамадзка-палітычныя ток-шоў на ўкраінскіх тэлеканалах «ICTV», «Інтэр», «Украіна», «112», «1 + 1».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG