Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі, дзе нават афіцыйныя эканамісты і ўрадавыя чыноўнікі кажуць пра неабходнасьць эканамічных рэформаў, іх не праводзяць? Ці могуць выцягнуць беларускую гаспадарку кампутэрная сфэра і малы бізнэс? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Беларуская эканоміка будзе расьці ня болей чым на адзін працэнт у год, калі ўлады ня будуць праводзіць рэформаў. Такі прагноз апублікаваў не апазыцыянэр Яраслаў Раманчук, а дасьледчы інстытут Міністэрства эканомікі. Усё часьцей словы пра неабходнасьць рэформаў выходзяць з нетраў афіцыйных структураў. Зьміцер, ці згодныя вы з такой ацэнкай гэтага інстытуту?

Рэформаў не жадае прэзыдэнт

Крук: Па вялікім рахунку — згодны. Але часта афіцыйныя ацэнкі не пасьпяваюць за рэчаіснасьцю. Тое, пра што кажуць у гэтай справаздачы, незалежныя дасьледчыя цэнтры казалі ўжо некалькі гадоў таму. Але пэрспэктыва нават горшая, сёньня ёсьць падставы, што спад будзе працягвацца. І нават адзін працэнт доўгатэрміновага росту не выглядае гарантаваным. Я б не сказаў, што гэта першы «афіцыйны» голас пра неабходнасьць рэформаў. Дыскусія ўжо перасьпела і нават страчвае сэнс. І гэта ня новая зьява. У 2012 годзе тагачасны міністар эканомікі Снапкоў прадстаўляў прыблізна такія ж лічбы, і казаў, што мы без рэформаў імкліва страчваем канкурэнтаздольнасьць. Усё так і адбылося, эканоміка страціла шмат чаго, пэрспэктывы ўсё пагаршаюцца.

Цыганкоў: Тады ў чым замінка? Калі ўсе кажуць пра рэформы (і дзяржаўныя, і незалежныя эканамісты, і нават чыноўнікі), хто тады супраць?

Нават калі цана на нафту вырасьце, гэта не выратуе беларускую эканоміку, не забясьпечыць ёй устойлівы рост

Злотнікаў: Гэта вядома. Рэформаў не жадае прэзыдэнт. Ён не разумее, што існая мадэль ужо ніяк ня можа рухацца наперад. У ягоным разуменьні проста трэба падабраць такіх адказных і моцных людзей, паставіць перад імі паказчыкі, і яны выведуць краіну наперад. Колькі гадоў ён даказвае, што рэформы не дапамогуць, яны не патрэбныя, і ён верыць у гэта. Лукашэнка не ўспрымае каштоўнасьці рынкавай эканомікі і дэмакратычнага грамадзтва.

Цыганкоў: Але бывалі моманты, калі Лукашэнка ішоў насуперак уласным перакананьням, калі быў вымушаны рабіць практычныя і прагматычныя крокі. Чаму цяпер ён іх ня робіць? Можа, ён лічыць, што патэнцыйныя нэгатыўныя наступствы будуць больш страшнымі, чым неабходнасьць гэта рабіць?

Злотнікаў: Лукашэнка калісьці сказаў, што калі бізнэсу аддаць адзін палец, то ён адхопіць усю руку. Сыстэма, якую ён стварыў у Беларусі, ня можа існаваць у іншай эканамічнай мадэлі. Таму альбо рынкавыя адносіны і ўлады адыходзяць ад кіраваньня эканомікай. Што тады будзе рабіць уся вэртыкаль улады? Яна застаецца без функцыяй у гэтай новай сыстэме.

Цыганкоў: Магчыма, беларускія ўлады спадзяюцца, што нафта зноў падымецца ў цане, і традыцыйныя беларускія галіны зноў ачуняюць. Навошта праводзіць нейкія падазроныя і небясьпечныя рэформы?

Крук: Нават калі цана на нафту вырасьце, гэта не выратуе беларускую эканоміку, не забясьпечыць ёй устойлівы рост. Калі мы не забясьпечым на бліжэйшыя 10 гадоў рост як мінімум 4-5 працэнтаў у год, — гэта азначае, што мы будзем набліжацца да «пасткі беднасьці». Наш разрыў у даходах і адставаньне ад суседзяў будзе толькі павялічвацца. Мне здаецца, што без істотных зьменаў у мэханізмах функцыянаваньня эканомікі руху наперад ня будзе. І няма спадзяваньняў, што нейкая падзея ў сьвеце дазволіць павярнуць гэтыя нэгатыўныя тэндэнцыі. Ёсьць розныя разуменьні таго, што такое «кепска». Я лічу, што сёньня мы назіраем крызіс і маральнае і ідэалягічнае банкруцтва той эканамічнай мадэлі, якая ў нас была. Іншы можа сказаць, што гэта проста часовыя абставіны, і эканоміка можа забясьпечваць нейкі дабрабыт.

Цыганкоў: Ну вось нядаўна ў перадачы «Інтэрвію тыдня» кіраўнік Тут.бай Юры Зісер казаў, што дзяржава стварыла найлепшыя ўмовы для ІТ-сфэры і яна можа выцягнуць усю краіну...

Нейкі час даходы ад кампутэрнай сфэры будуць расьці, але яны ня будуць кампэнсаваць страты ў іншых галінах эканомікі

Крук: Я магу пагадзіцца, што некаторыя напрамкі (насуперак існым умовам) растуць і некаторыя бізнэсы маюць някепскі патэнцыял для разьвіцьця. Некаторыя дасьледаваньні нашага Цэнтру паказваюць, што наш беларускі малы бізнэс паводле сваіх характарыстык болей падобны да польскага і швэдзкага, чым да ўкраінскага ці расейскага. Абставіны былі нязручнымі, і ён вымушаны быў змагацца за канкурэнтаздольнасьць. Але гэта два паралельныя сьветы — адзін цягне эканоміку ўніз, другі — дае глебу для аптымізму. Але на сёньня пераважвае першы, і ён не дае разьвівацца другому.

Злотнікаў: Цяжкасьці ў нашай эканомікі пачаліся ў сярэдзіны 2012 году, калі яшчэ не пачалося падзеньня цэнаў на нафту. Тут свае, менавіта беларускія прычыны крызісу. Першая зь іх — дэградацыя асноўных галінаў беларускай эканомікі, машынабудаваньня, хімічнай і гэтак далей. Сапраўды, паралельна ідуць два працэсы — ня першы год ідзе рост аб’ёмаў аказаньня паслугаў у інфармацыйнай і кампутэрнай сфэры. Зь іншага боку — падзеньне канкурэнтаздольнасьці прамысловасьці. І гэты працэс будзе працягвацца, бо ў пэрыяд крызісу цяжка праводзіць мадэрнізацыю. Нейкі час даходы ад кампутэрнай сфэры будуць расьці, але яны ня будуць кампэнсаваць страты ў іншых галінах эканомікі. Таму я ня бачу, каб праграмісты маглі пераадолець агульную тэндэнцыю. Да таго ж, у гэтай сфэры магчымы «перагрэў», і рост нават там ня можа ўвесь час расьці такімі тэмпамі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG