Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Увесь бізнэс стогне», — вынікі апытаньня «Індэкс дзелавога аптымізму» ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Дробны бізнэс: гандаль на рынку «Цэнтральны» ў Горадні. Большасьць гандлёвых шэрагаў пустуе, пакупнікоў няма
Ілюстрацыйнае фота. Дробны бізнэс: гандаль на рынку «Цэнтральны» ў Горадні. Большасьць гандлёвых шэрагаў пустуе, пакупнікоў няма

На будучыню свайго бізнэсу беларускія прадпрымальнікі глядзяць з «памяркоўным скептыцызмам». Да такіх высноваў прыйшлі экспэрты па выніках апытаньня «Індэкс дзелавога аптымізму» (ІДА).

«Паляпшэньне сытуацыі ў сваім бізнэсе за апошнія паўгоду адзначаюць толькі 14% рэспандэнтаў. А вось пагаршэньне сытуацыі адзначаюць 64,8%. То бок 2/3 субʼектаў гаспадараньня адчуваюць пагаршэньне ў сваім бізнэсе — гэта вельмі сурʼёзная лічба», — паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль. Пры гэтым 46,5% прадпрымальнікаў лічаць, што становішча іхнага бізнэсу ў бліжэйшыя паўгоду будзе пагаршацца.

Паводле ІДА, амаль 78% прадпрымальнікаў упэўненыя, што сытуацыя ў эканоміцы Беларусі за апошнія паўгоду пагоршылася, і толькі 5,9% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркаваньня. 56,9% апытаных бізнэсоўцаў упэўненыя таксама, што сытуацыя ў эканоміцы Беларусі будзе ў бліжэйшы час толькі пагаршацца.

Лілія Коваль канстатавала, што адной з галоўных праблемаў беларускі бізнэс лічыць неадэкватнасьць пакараньняў за выяўленыя парушэньні. Бізнэсмэны скардзяцца на шматлікія праверкі, большасьць якіх заканчваюцца неабгрунтавана буйнымі штрафамі.

Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці Ніна Лукʼянава пацьвердзіла, што адной з ключавых праблемаў для беларускіх прадпрымальнікаў ёсьць вялікая колькасьць розных праверак ды іх рэпрэсіўны характар:

«Сапраўды, увесь бізнэс стогне. Плянавыя праверкі скарацілі, але ідуць жа пазаплянавыя праверкі, маніторынгі. Мэта адна — як мага больш пакараць прадпрыемства».

«Усё ідзе ў бок пагаршэньня. Прадпрымальнікі ня бачаць, дзякуючы якім фактарам сытуацыя можа зьмяніцца на лепшае», — канстатавала Лукʼянава. Сярод асноўных праблемаў, якія замінаюць бізнэсу, прадпрымальнікі называюць брак стабільнасьці ў эканоміцы Беларусі, немагчымасьць плянаваць (64,4% апытаных), нізкая пакупніцкая здольнасьць (63,1%), нявыплаты (56,2%), высокую падатковую нагрузку (50,8%), залішнія адміністрацыйныя працэдуры (48,8%), нестабільнасьць заканадаўства і некампэтэнтнасьць уладаў (48,5%), адсутнасьць абаротных сродкаў (47,1%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG