Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады лічаць немэтазгодным мясцовы рэфэрэндум наконт будаўніцтва Сафійскага сабору


З прапановай ініцыяваць мясцовы рэфэрэндум у Віцебскі гарсавет зьвярнуўся праваабаронца Леанід Сьвецік. Падставай для такой прапановы стала выразнае супрацьстаяньне жыхароў Віцебску. Адны зь іх выступаюць супраць вырубкі парку дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ўзору XI стагодзьдзя, другія — падтрымліваюць ініцыятыву віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы ўзьвесьці храм менавіта ў гэтым месцы.

Рэфэрэндум, на думку праваабаронцы, мог бы стаць цывілізаваным спосабам вырашэньня канфлікту паміж прыхільнікамі і апанэнтамі будаўніцтва. Але ў гарсавеце адмовіліся ад гэтага шляху, кажа спадар Сьвецік:

Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

«Падобна, у гарсавеце на зразумелі, што я прапаную правесьці рэфэрэндум пра тое, ці лічаць гараджане мэтазгодным зьяўленьне гэтага храму ў Віцебску, ці ня лічаць. Або ня хочуць гэтага зразумець, як і важнасьці самога пытаньня. Бо ў адказе за подпісам старшыні гарсавету Ўладзімера Бялевіча паведамляецца, што праект будаўніцтва атрымаў станоўчую ацэнку дзяржаўных экспэртызаў, у тым ліку экалягічнай. І што было праведзена грамадзкае абмеркаваньне праекту, і таму «ініцыяваць правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму дзеля дадатковага грамадзкага абмеркаваньня гэтага пытаньня мяркуем немэтазгодным». Але ж рэфэрэндум — гэта не абмеркаваньне, гэта волевыяўленьне тутэйшых жыхароў. Можа, яго і ня хочуць «народныя абраньнікі?»

Гэтую частку парка ўдалося ўратаваць дзякуючы грамадзкім пратэстам

Гэтую частку парка ўдалося ўратаваць дзякуючы грамадзкім пратэстам

На дадзены момант, пасьля гучных пратэстаў віцяблян, будаўніцтва ў парку паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага прыпыненае. Як надоўга — шараговых жыхароў не інфармуюць. Вядома толькі, што віцебскі гарвыканкам прапанаваў ініцыятарам узьвядзеньня Сафіі — Віцебскай эпархіі — зьмяніць праект з мэтаю захаваць дадатковую колькасьць дрэваў ад вырубкі. Прапанавана зрабіць шэраг зьменаў у праекце, у тым ліку адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка і зьменшыць плошчу ніжняга храму да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі. «Ніжні храм» — гэта «падземная» частка, дзе праектантамі заплянаваная «заля шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканьнямі; заля ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзная з кухняй, памяшканьні тэхнічнага прызначэньня». На думку праціўнікаў будаўніцтва, галоўная ідэя эпархіі ня ў тым, каб у горадзе зьявіўся новы праваслаўны храм, бо «на крокавай адлегласьці» месьцяцца і дзейнічаюць ажно чатыры царквы, а менавіта ў абсталяваньні прыдатных памяшканьняў для патрэбаў эпархіі, якая таксама месьціцца ня больш як за 200 мэтраў ад будаўнічага плоту.

Плот адгароджвае тэрыторыю меркаванага будаўніцтва па-ранейшаму, і не вядома, ці пагадзілася віцебская эпархія на прапановы гарадзкіх уладаў.

Праход для гараджан адчынены, але сьцежкі ня чысьцяць

Праход для гараджан адчынены, але сьцежкі ня чысьцяць

Будаўніцтва спыненае, але плот на месцы

Будаўніцтва спыненае, але плот на месцы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG