Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парашэнка спадзяецца на падтрымку Беларусі. Але гэта марныя спадзяваньні»


Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод

Грузьдзіловіч: Нагадаю, інцыдэнт адбыўся 21 кастрычніка. Паветраныя службы Ўкраіны вярнулі беларускі пасажырскі самалёт у аэрапорт «Жуляны» пасьля таго, як беларускія лётчыкі ўжо фактычна прамінулі мяжу: сказалі вяртацца з прычын бясьпекі, якіх не назвалі, і папярэдзілі, што пры невыкананьні загаду могуць быць паднятыя баявыя самалёты на перахоп.

Як вынікала з далейшых заяваў беларускага боку, у тым ліку ноты МЗС, гэтую пагрозу афіцыйны Менск успрыняў асабліва хваравіта. У выніку беларусы пачалі ня толькі патрабаваць кампэнсацыі стратаў, якія панесла «Белавія» ад вяртаньня самалёта, але і афіцыйных выбачэньняў.

Магчыма, хапіла б і выбачэньняў кіраўніцтва лётных службаў Украіны, чаго патрабавалі іх беларускія калегі. Вось дырэктар Дэпартамэнту авіяцыі Мінтрансу Беларусі Ўладзімер Косьцін і кіраўнік «Белавія» Анатоль Гусараў казалі журналістам, што чакаюць такіх выбачэньняў ад сваіх калегаў. Маўляў, беларускі экіпаж зазнаў шмат нязручнасьцяў, дый пасажыры самалёта шмат перажывалі.

Пры гэтым авіяцыйныя чыноўнікі прызнавалі, што па сутнасьці ўкраінскія калегі інструкцыю не парушылі — меркаваньні бясьпекі патрабуюць безагаворачна выконваць такія загады дыспэтчараў, як той, што атрымалі беларускія лётчыкі. Прэтэнзіі тычыліся хіба што гэтага неабавязковага нагадваньня пра баявыя самалёты, бо гэта выглядала як пагроза.

Ужо празь некалькі дзён украінскі бок з гэтым пагадзіўся і заявіў пра гатоўнасьць кампэнсаваць страты. Але і гэтага аказалася недастаткова: учора мы даведаліся, што падчас тэлефоннай размовы з Лукашэнкам Парашэнка выбачыўся перад ім за інцыдэнт і нават праінфармаваў, што вінаватых пакараюць. Для мяне ўзьнікае пытаньне: чаму спатрэбіліся гэтыя выбачэньні і чаму спатрэбілася выносіць іх на публіку?

Парашэнка шукае і знаходзіць пэўныя магчымасьці, каб атрымаць ад Беларусі дапамогу

Найперш заўважу, што выбачэньні ў такой форме, як прагучалі, калі верыць Лукашэнку, уласьцівыя ўсё ж ня ворагам і нават не людзям, якія знаходзяцца ў халодных адносінах, а хутчэй сябрам ці хаця б тым, хто спрабуе сябраваць і захоўваць добрыя адносіны. І гэта радуе, бо сьведчыць пра тое, што на ўзроўні кіраўнікоў паміж Беларусьсю і Ўкраінай сапраўды ўсталяваліся добрыя, магчыма, нават сяброўскія адносіны. І што патэнцыял у іх немалы, яны ня будуць пагаршацца праз такую драбязу, як інцыдэнт з самалётам.

Канечне, бачна, што Лукашэнка ўспрымаецца Пятром Парашэнкам як даволі капрызны сябра, якому трэба аказваць усялякія фармальныя знакі павагі, хоць сяброўскія адносіны тым і адрозьніваюцца, што можна абыходзіцца без фармальнасьцяў. Але ўсё ж Парашэнка на гэта ідзе. І гэта таксама добра. Ён дэманструе, на маю думку, што на пасадзе прэзыдэнта ня страціў палітычнай гнуткасьці, якая яму была ўласьцівая яшчэ да і падчас Майдану. Па-другое, гэта паказвае, што ён шукае і знаходзіць пэўныя магчымасьці, каб атрымаць ад Беларусі дапамогу.

Пытаньне: а якая дапамога можа спатрэбіцца ўкраінскаму прэзыдэнту ад беларускага калегі ў будучыні? Тут можна згадаць ня толькі перамоўны працэс па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, хоць і гэта таксама. Галоўнае, як мне падаецца, гэта супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў эканамічнай сфэры як магчымасьць ратаваць уласную эканоміку. Тут патэнцыял найбольшы.

Дарэчы, украінская эканоміка апраўляецца ад шокавага падзеньня вытворчасьці пасьля падзей 2015 году на Данбасе, але выхаду на расейскі рынак у яе ўсё меней, фактычна ён страчаны, а значыць, тэрмінова патрэбная замена. Пры гэтым беларуская эканоміка таксама перажывае цяжкія часы, яе экспартная выручка штогод зьніжаецца, трэба шукаць новыя рынкі, не засяроджвацца толькі на расейскім. І Ўкраіна — добрая для гэтага магчымасьць.

Нарэшце, ёсьць і схаваныя ад вачэй сфэры супрацоўніцтва. Прыкладам, па такіх жыцьцёва важных пытаньнях, як забесьпячэньне войска. Можна згадаць той факт, што ў самыя напружаныя часы, калі Ўкраіна спрабавала ўратаваць фронт на ўсходзе і перажывала крызіс з палівам для вайсковай тэхнікі, Беларусь працягвала пастаўкі туды саляркі ды іншага паліва, якое выкарыстоўвалася ўкраінскім войскам.

Цяпер зноў пайшлі размовы пра магчымыя пастаўкі ўкраінскай нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы. Калі гэта адбудзецца, дык такая ўгода будзе выгадная абодвум бакам. Зразумела, што яна ня будзе ўхваляцца Расеяй, але калі беларускі бок на гэта пойдзе — такое сапраўды варта ўдзячнасьці. Таму, магчыма, і выбачаецца Пятро Парашэнка перад Аляксандрам Лукашэнкам, каб не сарваліся гэтыя пастаўкі. Хоць яны карысныя і для Беларусі, дзе нафтаперапрацоўчыя заводы не загружаныя.

А яшчэ трэба не забываць пра такі доўгатэрміновы фактар, як Крым. Беларусь дагэтуль не прызнала яго захоп Расеяй, і Ўкраіне жыцьцёва патрэбна хаця б захаваць гэтую сытуацыю — тут таксама ўсё зробіш, абы не пагоршыць адносіны.

Глод: Зьвярну ўвагу, найперш, на цяперашні стан прэзыдэнта Ўкраіны. Рэйтынг яго падае вельмі моцна. Магчыма, нават не таму, што ён дрэнны кіраўнік. Мабыць, у такіх складаных умовах любы прэзыдэнт ня мог бы ўтрымліваць свой рэйтынг, ня тое што павялічваць яго.

Таму нажываць сабе яшчэ адну складанасьць, псаваць дачыненьні зь Беларусьсю Парашэнку зусім не выпадае. Я думаю, што гэтае выбачэньне — праява рэальнай слабасьці самога прэзыдэнта Ўкраіны. Але ж, з другога боку, гэта паказвае, што ён адэкватна ацэньвае сытуацыю. Парашэнка разумее, што яму цяпер абсалютна не патрэбны на дадатак да ўнутраных украінскіх праблемаў яшчэ нейкі замежны вораг. Таму, я думаю, менавіта гэта падштурхнула яго пазваніць Лукашэнку, выбачыцца, пагаварыць на іншыя тэмы.

выбачэньне — праява рэальнай слабасьці самога прэзыдэнта Ўкраіны

Калі казаць пра іншыя тэмы, дык тут я працытую афіцыйнае паведамленьне: «Прэзыдэнт Украіны закрануў тэму падтрымкі шэрагу ўкраінскіх ініцыятыў на міжнародных пляцоўках, у прыватнасьці ААН». Па ўсім бачна, што Парашэнка спадзяецца на падтрымку Беларусі. Але, з майго пункту гледжаньня, гэта ўсё ж марныя спадзяваньні. Што б хто ні казаў, штогод праводзяцца сумесныя калегіі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі. І на іх узгадняецца плян сумесных дзеяньняў на міжнароднай арэне дзьвюх краін — у ААН, АБСЭ і іншых структурах. І я ня думаю, што Беларусь будзе падтрымліваць украінскія ініцыятывы. Хоць бы таму, што кожны разумее — гэтыя захады будуць скіраваныя найперш супраць Крамля. Але выступіць супраць Крамля нават з прычыны фармальнай, маючы сумесную праграму дзеяньняў, беларускае кіраўніцтва ня зможа.

Я не люблю гучных словаў кшталту «правакацыя», але мне падаецца, што нешта падобнае ў гэтай гісторыі з самалётам ёсьць. Мы ня ўсё ведаем пра тое, як гэта адбывалася. Магчыма, была правакацыя і з боку Менску. Бо ня ўсім у беларускім кіраўніцтве падабаецца тое, што адбываецца ва Ўкраіне, палітыка Парашэнкі. Для некаторых высокіх беларускіх чыноўнікаў Януковіч больш прыязны і больш прымальная фігура, чым Парашэнка.

Я хацеў бы дачакацца 17 лістапада. У гэты дзень у Кіеве будзе праходзіць вельмі вялікая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная дачыненьням Беларусі і Ўкраіны. Там мяркуецца грунтоўны выступ новага амбасадара Беларусі, спадара Сокала. Магчыма, нешта мы даведаемся пасьля гэтага выступу. На мой погляд, магчыма, у гэтых дачыненьняў ёсьць пэрспэктыва. Але можна чакаць і некаторага пахаладаньня.

Карбалевіч: Варта адзначыць, што пра выбачэньне стала вядома толькі ад прэсавай службы Лукашэнкі. Прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта пра гэта не паведамляе. Відаць, украінскаму боку ўзгадваць пра гэты эпізод непрыемна. Бо афіцыйны Кіеў трапіў у ня вельмі зручную сытуацыю. Рэальных падставаў для таго, каб садзіць беларускі самалёт, тым больш пужаючы вайсковымі зьнішчальнікамі, не было. Таго чалавека, празь якога здарыўся інцыдэнт, хутка адпусьцілі, і ён паляцеў у Менск наступным рэйсам.

Таму можна лічыць, што інцыдэнт вычарпаны. Выбачэньні прынесеныя, украінскі бок гатовы выплаціць кампэнсацыю «Белавія».

Увогуле, калі казаць пра беларуска-ўкраінскія адносіны, то ўзаемны гандаль вырас сёлета на 10%. Думаю, гэта найперш зьвязана з тым, што ўкраінская эканоміка пачала расьці і там зьявіліся грошы для таго, каб купляць беларускія тавары, у першую чаргу нафтапрадукты. Якраз адбылося паседжаньне міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі па супрацоўніцтве ў Менску.

Беларусь спрабуе выкарыстаць, манэтызаваць расейска-ўкраінскі канфлікт. Тут і супрацоўніцтва з Украінай у ВПК, і авіяперавозкі (у зьвязку з перапыненьнем авіясувязі паміж Расеяй і Ўкраінай палёты расейскіх і ўкраінскіх грамадзян ажыцьцяўляюцца празь Беларусь).

Калі казаць пра міратворчую ролю Беларусі ва ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту, то яна зьмяншаецца. Перамовы «нармандзкай чацьвёркі» адбываюцца ня ў Менску, а ў Бэрліне, іншых гарадах і краінах.

Ну, а кіраўнікам суседніх краін трэба сустракацца рэгулярна. Думаю, ня менш чым раз на паўгода. Бо тут паўза зацягнулася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG