Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian: кіраўнік расейскай Рады бясьпекі выбачыўся за спробу забойства прэм’ера Чарнагорыі


Кіраўнік Рады бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў лётаў у Бялград, каб прынесьці прабачэньні за спробу перавароту ў Чарнагорыі і спробу забойства прэм’ер-міністраў Чарнагорыі і Сэрбіі, паведамляе The Guardian. У змове, як мяркуецца, удзельнічалі «рускія нацыяналісты».

Паводле крыніцы газэты, блізкай да ўраду Сэрбіі, Мікалай Патрушаў, які раней узначальваў ФСБ, папрасіў прабачэньня за «нелегальную апэрацыю», на якую не было «санкцыі Крамля». Візыт Патрушава ў Бялград адбыўся 26 кастрычніка.

Газэта высьветліла, што змоўшчыкі плянавалі пераапрануцца ў паліцэйскую форму, узяць штурмам будынак парлямэнту Чарнагорыі ў Падгорыцы, забіць прэм’ер-міністра краіны Міла Джуканавіча. Канчатковай мэтай змовы стаў бы прыход да ўлады прарасейскай партыі.

У Падгорыцы затрымалі групу з 20 сэрбаў і чарнагорцаў, частка зь якіх раней ваявала на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў. У Сэрбіі затрымалі некалькіх расейцаў, якія падазраюцца ў каардынацыі змовы. У іх знайшлі 120 тысяч эўра і ўніформу. Затрыманых расейцаў дэпартавалі ў Расею, пра гэта пазьней паведаміла мясцовая газэта Danas. The Guardian сьцьвярджае, што расейцаў выслалі пасьля ўмяшаньня Мікалая Патрушава.

Непадалёк ад дома сэрбскага прэм’ер-міністра Аляксандра Вучыча знайшлі склад зброі. Яго абсталявалі непадалёк ад месца, дзе аўтамабіль кіраўніка ўраду Сэрбіі рухаецца зь нізкай хуткасьцю.

Міністар унутраных спраў Сэрбіі Нэбойша Стэфанавіч заявіў, што ў яго ёсьць «сур’ёзныя падставы» лічыць мэтай групы забойства Аляксандра Вучыча. Нібыта ўдзельнікі змовы павінны былі атрымаць узнагароду ў памеры 10 млн эўра. Ён не сказаў, хто мог быць заказчыкам замаху, растлумачыўшы, што далейшае расьсьледаваньне павінна паказаць, што ў змову былі ўцягнутыя людзі «не з рэгіёну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG