Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Здагадкі: хто будзе кіраваць замежнай палітыкай ЗША пры новым прэзыдэнце


Пэрыяд перадачы ўлады ад дзейнага прэзыдэнта Барака Абамы да абранага Дональда Трампа зойме 73 дні. Інаўгурацыя Трампа адбудзецца 20 студзеня. Да гэтага яму трэба будзе вылучыць сваіх кандыдатаў на больш чым чатыры тысячы пасадаў. Пераходны штаб Трампа ўжо пачаў адбіраць людзей на ключавыя пазыцыі. Сьпісы верагодных кандыдатаў апублікавалі Wall Street Journal, Politico і іншыя амэрыканскія выданьні.

У асноўным, паводле іх, у сьвіце Трампа — старая гвардыя: кансэрватыўныя рэспубліканцы, якія падтрымалі яго падчас перадвыбарнай кампаніі.

Хто ў новым кабінэце будзе адказваць за зьнешнюю палітыку? І чаго чакаць Беларусі ад набліжаных Трампа? Пакуль нічога не вядома, як гэтыя людзі адносяцца да Беларусі, прапануем вам азнаёміцца з тым, што яны думаюць пра Расею.

Распавядае палітычны аглядальнік Радыё Свабода Браян Уітмар.

Ньют Гінгрыч, магчымы кіраўнік Дзярждэпу ЗША

Адзін з магчымых кіраўнікоў зьнешняй палітыкі — Ньют Гінгрыч, былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў. Гэта чалавек, мякка кажучы, ня вельмі дыпляматычны. У яго быў вельмі агрэсіўны, вельмі канфрантацыйны стыль, калі ён займаў пасаду сьпікера.

У яго мала вопыту — можна сказаць, у яго наогул няма вопыту ў зьнешняй палітыцы. Але ён падтрымлівае паляпшэньне адносін з Расеяй. Ён сказаў, напрыклад, летам у інтэрвію: «Навошта Амэрыка павінна абараняць Эстонію? Гэта прыгарад Санкт-Пецярбургу». Гэты чалавек можа быць дзяржсакратаром ЗША.

Джон Болтан, другі магчымы кандыдат на пасаду кіраўніка Дзярждэпу ЗША

Гэта былы амэрыканскі амбасадар у ААН. Ён мала згадваў Расею. Ён больш цікавіцца Іранам, таму мы ня ведаем, як яго палітыка будзе выяўляцца ў нашым рэгіёне.

Боб Коркер, трэці магчымы прэтэндэнт на ролю кіраўніка Дзярждэпу ЗША

Трэці кандыдат — для мяне самы цікавы — гэта Боб Коркер. Гэта сэнатар, старшыня камітэту па зьнешняй палітыцы ў Сэнаце. Гэты чалавек — вельмі жорсткі ў адносінах да Расеі. Напрыклад, ён падтрымліваў продаж сьмяротнай зброі Ўкраіне. Ён падтрымліваў пашырэньне санкцый супраць Расеі.

Джэф Сэшнс, магчымы міністар абароны ЗША

Яшчэ цікавая фігура — кандыдат, як кажуць, у міністры абароны. Гэта сэнатар са штату Алабама, Джэф Сэшнс. Ён таксама спэцыяліст па зьнешняй палітыцы. Гістарычна ў яго таксама вельмі жорсткі погляд на адносіны з Расеяй. Ён хоча абараняць Украіну, краіны Прыбалтыкі і гэтак далей. Ён казаў, што Эўропа і Злучаныя Штаты павінны аб’яднацца супраць Расеі.

Але пасьля таго, як ён стаў дарадцам Трампа падчас перадвыбарнай кампаніі, ён зьмяніў сваю рыторыку і сказаў: нам патрэбныя лепшыя адносіны з Расеяй. Невядома, які Джэф Сэшнс зьявіцца ў Міністэрстве абароны, калі атрымае намінацыю.

Майкл Флін, магчымы дарадца па нацыянальнай бясьпецы

Самая цікавая постаць — гэта генэрал-лейтэнант у адстаўцы Майкл Флін. Ён цяпер на пэнсіі. У прэсе яго называюць верагодным дарадцам па нацыянальнай бясьпецы. Гэта вельмі важная пасада. Гэты чалавек пастаянна выступае на Russia Today. На адным з банкетаў Russia Today ён сядзеў побач з Пуціным. Відавочна, што гэты чалавек хоча больш блізкіх адносін з Расеяй. І яго прызначэньне было б ня вельмі добрай навіной для Ўкраіны, Грузіі ці іншых краінаў нашага рэгіёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG