Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павялічыцца колькасьць турэцкіх студэнтаў


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Ілюстрацыйнае фота. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Турэцкіх студэнтаў у беларускіх ВНУ налета можа стаць болей. Гэтаму паспрыяе мэмарандум аб узаемапаразуменьні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Радай вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі. Ён будзе падпісаны сёньня падчас візыту турэцкай дэлегацыі на чале з прэзыдэнтам Турэцкай Рэспублікі Рэджэпам Тайіпам Эрдаганам.

У 2015/2016 навучальным годзе ў Беларусі навучаліся 267 грамадзян Турэччыны. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў Міністэрстве адукацыі. У 2014/2015 навучальным годзе іх было 249, у 2013/2014 — 234.

«Мы маем устойлівую дынаміку павелічэньня колькасьці грамадзян Турэцкай Рэспублікі, якія атрымліваюць адукацыю ў нашых навучальных установах», — сказаў Свабодзе Андрэй Красуцкі, галоўны спэцыяліст упраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі.

Пакуль турэцкія студэнты складаюць каля 1% усіх замежнікаў, што навучаюцца ў Беларусі (усяго ў 2015-2016 годзе адукацыю на розных узроўнях атрымлівалі каля 19 тысячаў чалавек). Але перамовы паміж міністрам адукацыі Беларусі і прэзыдэнтам Рады вышэйшай адукацыі Турэччыны могуць прычыніцца да павелічэньня колькасьці турэцкіх грамадзян у Беларусі.

Сёньня будзе падпісаны мэмарандум аб узаемапаразуменьні паміж Міністэрствам адукацыі і Радай вышэйшай адукацыі Турэцкай Рэспублікі. Ён прадугледжвае ў тым ліку і накіраваньне турэцкіх грамадзян на атрыманьне вышэйшай адукацыі, павышэньне кваліфікацыі і абмен студэнтамі.

«Мы маем надзею на тое, што ўжо ў наступным годзе будзе павелічэньне (колькасьці турэцкіх студэнтаў. — РС.)», — сказаў Красуцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG