Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Нямеччыны заклікала Трампа жорстка ставіцца да Пуціна


Міністар абароны Нямеччыны Урсуля фон дэр Ляен у Іраку сярод салдат Пэшмэргі і Бундэсвэра. Верасень 2016

Міністар абароны Нямеччыны Урсуля фон дэр Ляен у Іраку сярод салдат Пэшмэргі і Бундэсвэра. Верасень 2016

У эфіры нямецкага тэлеканалу ZDF міністарка абароны Нямеччыны Урсуля фон дэр Ляен заклікала будучага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа быць верным NATO і заняць жорсткую пазыцыю да Расеі.

«Трамп мусіць выразна заявіць, на якім ён баку: на баку закону, усясьветнага парадку й дэмакратыі, ці ж яму абыякава і ён наладжвае свайго кшталту мужчынскае сяброўства», — сказала яна пра магчымыя стасункі Трампа і Пуціна і дадала, што ў перамовах з Пуціным нельга забываць пра бамбаваньне сырыйскага Алепа і анэксію ўкраінскага Крыму.

Яна нагадала, што NATO — гэта «ня бізнэс»:

«Гэта ня той выпадак, калі можна сказаць, што мінулае мяне не хвалюе, што каштоўнасьці, якія мы рэпрэзэнтуем, мне таксама ня важныя, я пагляджу, колькі грошай я магу зарабіць і ці можа атрымацца выгаднае пагадненьне, — працягвае фон дэр Ляен. — Так не кіруюць краінай, і гэта ня прынцып NATO».

Да абраньня прэзыдэнтам Дональд Трамп займаўся бізнэсам, але не вялікай палітыкай. Ягонае багацьце Forbes ацэньвае ў 3,7 млрд даляраў. Ён заяўляў, што ня супраць развалу NATO, бо іншыя чальцы альянсу ня робяць «свайго справядлівага ўнёску».

Праціўнікі абвінавачвалі Трампа ў сувязях з Уладзімірам Пуціным. Сам Трамп выказваў жаданьне сустрэцца з Пуціным да інаўгурацыі, казаў, што не адчувае ні любові, ні нянавісьці да яго. За некалькі дзён да выбараў Трамп абвінаваціў Расею ў парушэньні дамоўленасьцяў пра Сырыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG