Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Ленін – гэта не галоўнае


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Пасля ўзьнікненьня новага (ці аднаўленьня старога) помніка Ўладзімеру Леніну стала ясна, што памяць будзе праблематызавацца ў Беларусі яшчэ вельмі доўга.

Лінія разлому ў меркаваньнях прайшла па даўнішняй тэрыторыі супрацьстаяньня камуністаў і антыкамуністаў (савецкае/антысавецкае, савок vs. Еўропа, Усход і Захад). Падняліся пытаньні пра вартасьці і недахопы жыцьця беларусаў пры Савецкім Саюзе. Згадалі ўкраінскі «Ленінапад». Безумоўна, успомнілі і біяграфіі правадыроў РКП(б), УКП(б) і КПСС.

Зусім выпадкова, даўно не тэлевізарны чалавек, праглядзеў дома на просьбу бацькі частку праграмы афіцыйнага тэлебачаньня, прысьвечанага 7 лістапада і ўсталяваньню помніка, нібыта інсьпіраванаму «супрацоўнікамі завода». З вуснаў прамоўцаў сыпаліся ўсё тыя ж словы пра «нашу гісторыю» і блізкую данбаскую вайну, якая, маўляў, таксама не ў апошнюю чаргу ідзе «дзякуючы» ленінападу і актыўнай дэкамунізатарскай палітыцы новае ўкраінскае ўлады.

Адпаведна, лёгіка была такая: калі захаваць Леніна (а сям-там і паставіць), нічога не цьвяліць з савецкай неадназначнай спадчыны, то і вайны ў нас ня будзе. Трэба ўсё прыняць, дараваць і блаславіць мінулае і наяўны стан рэчаў. То бок мудры парадачак і стабільнасьць «сацыялістычнага запаведніка».

Бясспрэчна, гэтым усталяваньнем няшчаснай скульптуркі была кінутая пальчатка з боку адпаведных уладных структур. Зьядуць ці не зьядуць? Брутальнае затрыманьне і зьбіцьцё Зьмітра Дашкевіча і яго паплечнікаў, паказала, што да адкрыцьця помніка рыхтаваліся загадзя.

Рыхтаваліся, мажліва, таму, што менавіта цяпер настае больш ці менш пераломны момант, калі афіцыёз ад канцэпцыі прэзыдэнцкай рэспублікі мусіць пакрысе адыходзіць, бо нават і апошняму трактаразаводзкаму апойку зразумела, што ўлада знаходзіцца ў руках, аналагічных колішняму «блёку камуністаў і беспартыйных», якім у бюлетэні адна графа і адно месца для галачкі.

Аднак для таго, каб заспакоіць сьвядомасьць паспалітага грамадзтва, варта яе апрацоўваць і ўгнойваць чырвона-зялёным, зусім не сьвятлафорным, чынам. Каб самая думка пра тое, што калісьці ўсё магло быць інакш, вытравілася з галавы тэлегледача. А пэрыяд неіснаваньня непарушнага блёку ў 1991-1994 гадах абвясьціць чорнай дзіркай, злачынствам, хаосам і адшчапенствам. Зрэшты, у гэтай краіне ўсё больш і больш галасуе людзей, якія ня памятаюць і наагул нават не падазраюць, што той пэрыяд увогуле быў.

Была партыя і генсек і ёсьць партыя і генсек. А пасягальніцтва на іх сьвятую веліч і стогадовую гісторыю караецца – крымінальная справа.

І ўсяляк адцяняецца, што сутнасьць супраціву ня ў Леніне, ня ў Сталіне і не ў Савецкім Саюзе, а ў глыбіні бяспраўя, зьдзеку з чалавечай асобы і цэлых народаў, у тым зьверы, якога сто гадоў таму абудзілі бальшавіцкія правадыры. Таго зьвера, якога некалі спалохаліся і Ленін у характарыстыках «Пісьма да зьезду», і Сталін у хапатлівым зьнішчэньні крывавага, асьлепленага сваёй уседазволенасьцю ягодаўска-яжоўскага апарату.

«3. За чатыры гады грамадзянскай вайны, калі мы ў выніку інтэрвэнцыі вымушаныя былі дэманстраваць лібэралізм Масквы ў нацыянальным пытаньні, мы пасьпелі выхаваць сярод камуністаў, насуперак сваёй волі, сапраўдных і пасьлядоўных сацыял-незалежнікаў, якія патрабуюць сапраўднай незалежнасьці ва ўсіх сэнсах і расцэньваюць умяшальніцтва Цэка РКП як падман і крывадушша з боку Масквы. 4. Мы перажываем такую паласу разьвіцьця, калі форма, закон, канстытуцыя не могуць быць ігнараваныя, калі маладое пакаленьне камуністаў на ўскраінах гульню ў незалежнасьць адмаўляецца разумець як гульню, упарта прымаючы словы пра незалежнасьць за чыстую манэту і гэтак жа ўпарта патрабуючы ад нас правядзеньня ў жыцьцё літары канстытуцыі незалежных рэспублік. 5. Калі мы цяпер жа не пастараемся прыстасаваць форму ўзаемін паміж цэнтрам і ўскраінамі да фактычных узаемаадносін, паводле якіх ускраіны ва ўсім асноўным безумоўна павінны падпарадкоўвацца цэнтру, то бок калі мы цяпер жа не заменім фармальную (фіктыўную) незалежнасьць фармальнай жа (і разам з тым рэальнай) аўтаноміяй, то праз год будзе незраўнана цяжэй захаваць фактычнае адзінства савецкіх рэспублік», — пісаў Сталін у лісьце да Леніна ад 22 верасьня 1922 года.

Помнікі Леніну і Сталіну ў Беларусі ёсьць знакі прыняцьця іх палітыкі: адмаўленьня незалежнасьці «ўскраін», фактычнага пазбаўленьня права вырашаць сваю будучыню і ўплываць на кіраўніцтва краінай. Улада-правапераемніца будзе трымацца за іх яшчэ вельмі доўга — бо менавіта яны нібыта бласлаўляюць яе быць. Заснулы, атлусьцелы ад крэдытаў «цэнтра» зьвер пакуль не палохае ўладу.

Хоць, калі спахапіліся Ленін і Сталін, было ўжо надта позна — з пункту гледжаньня падручніка гісторыі. Ды і проста — чалавечнасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG