Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разам з Рэджэпам Эрдаганам Беларусь наведаюць вядучыя турэцкія бізнэсоўцы


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле, 13 красавіка 2016 году

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган падчас сустрэчы ў Стамбуле, 13 красавіка 2016 году

Сёньня прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган наведае Менск з афіцыйным візытам. Чакаецца, што разам з Эрдаганам прыбудзе дэлегацыя прадстаўнікоў турэцкай бізнэс-супольнасьці. У межах візыту яны абмяняюцца досьведам з беларускімі спэцыялістамі і абмяркуюць будучыя агульныя праекты.

За апошнія пяць гадоў турэцкі бізнэс знайшоў у Беларусі значную падтрымку і прастор для разьвіцьця. У прыватнасьці, найбольш дарагі і амбітны праект — будаўніцтва шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Галерэя «Менск» — быў рэалізаваны кампаніяй Turk Renaissance Construction. Ягоны сумарны кошт склаў 150 млн даляраў. Адкрыцьцё ГЦ было заплянавана на сёлетні жнівень, аднак падзею перанесьлі з прычыны прагназавана нізкага ўзроўню наведнікаў, бо большасьць брэндаў, якія будуць прадстаўленыя ў Галерэі «Менск», адпавядаюць катэгорыі «прэміюм». Турэцкі масмаркет прадстаўлены ў нас сеткай крамаў LC Waikiki, дзе пакупнікам прапануецца танны трыкатаж.

Турэцкі бізнэсовец Айдын Даган зьяўляецца ўласьнікам мэдыягрупы BDT, да якой належаць беларускае выданьне «З рук у рукі» і сумеснае прадпрыемства «Белпронта» з філіямі ў Расеі і Казахстане.

Найбуйнейшы ў Беларусі мабільны апэратар Life, «дачка» турэцкай Turkcell, быў створаны ў 2008 годзе на базе апэратара Best дзякуючы інвэстыцыі ў 60 млн даляраў.

Шэраг буйных кампаніяў праяўляе цікавасьць да гасьцінічнага бізнэсу ў Беларусі і да сфэры паслуг цалкам. Так, гатэль Crowne Plaza Minsk мае турэцкіх уласьнікаў і генэральнага мэнэджэра з Турэччыны, туркі валодаюць сеткаю казіно Princess, займаюцца аптовым гандлем садавіны і г.д.

Паводле дасьведчаных спэцыялістаў, Турэччына зацікаўленая і ў супрацоўніцтве ў галіне атамнай энэргетыкі: замежныя кампаніі забясьпечваюць пракладку падземных камунікацыяў у раёне БелАЭС у Астраўцы.

Як паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей, 150 бізнэсоўцаў з Турэччыны сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускага бізнэсу на адмысловым форуме.

Акрамя рабочых сустрэч і падпісаньня шэрагу дамоваў паміж краінамі, падчас свайго аднадзённага візыту ў Менск Рэджэп Эрдаган возьме ўдзел у адкрыцьці саборнай мячэці, паведамляе са Стамбулу дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Anadolu.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG