Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Беларусь дамовіліся аб зьняцьці абмежаваньняў у гандлі


Віцэ-прэм’ер Украіны Генадзь Зубко (зьлева) і віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Менск, 10 лістапада 2016 году
Віцэ-прэм’ер Украіны Генадзь Зубко (зьлева) і віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Менск, 10 лістапада 2016 году

Упершыню за апошнія чатыры гады адбыўся рост таваразвароту паміж Украінай і Беларусьсю. За тры кварталы 2016 году, нягледзячы на ўсе і зьнешнія, і ўнутраныя праблемы ва Ўкраіне і Беларусі, таваразварот паміж дзьвюма краінамі вырас на 10% і дасягнуў 2,8 мільярда даляраў. Па выніках 2016 году краіны плянуюць выйсьці на 4 мільярды даляраў. Хоць гэта далёка да таго максымуму, які быў у 2012 годзе — 8 мільярдаў даляраў.

«Мы выпрацавалі схему, як не дапусьціць бар’ераў у гандлі на стадыі іх утварэньня і як вырашаць пытаньні, калі яны зьяўляюцца», — сказаў віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. І прывёў канкрэтныя прыклады:

«У нас была праблема пастаўкі цэмэнту ва Ўкраіну. За апошнія тры гады мы мадэрнізавалі тры цэмэнтныя заводы, адзін — Касьцюковіцкі — практычна з нуля, стварылі магутнасьці па вытворчасьці 10,5 мільёна тон цэмэнту ў год. Але вымушаны канстатаваць, што за апошнія два гады наш экспарт ва Ўкраіну па цэмэнце ўпаў у 20 разоў. І мой калега Генадзь Зубко паабяцаў, што скарэктуе дакумэнтацыю, каб не было абмежаваньняў. Абмежаваньне будзе адно: канкурэнтаздольнасьць па цане і якасьці. А фармальных абмежаваньняў ня будзе.

У нас было абмежаваньне, якое дзейнічала паўгода, па пастаўцы рэактыўнага паліва для запраўкі самалётаў цывільнай авіяцыі. Але з 1 лістапада абмежаваньні зьнялі».

Асноўным напрамкам супрацоўніцтва павінна стаць прамысловая каапэрацыя. Ва Ўкраіне створана 6 зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі (трактары МТЗ, камбайны «Гомсельмашу», ліфты «Магілёўліфтмашу», грузавая тэхніка і тралейбусы МАЗ). Але працуюць яны не на поўную магутнасьць. Беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка прывёў такія лічбы:

«1,5 тысячы трактароў сабралі ў мінулым годзе, а паводле той праграмы, якую Ўкраіна мае па нарошчваньні сельгасвытворчасьці, неабходна абнаўленьне трактарнага парку тысяч на 25. Трыста камбайнаў для Ўкраіны — гэта таксама мала. Аналіз сьведчыць, што Ўкраіне спатрэбіцца 5–6 тысяч нашых камбайнаў у год. Мы павінны прапанаваць адпаведны сэрвіс, выгадныя фінансавыя схемы, каб украінскі фэрмэр мог купляць беларускую тэхніку».

Віцэ-прэм’ер — міністар рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва і ЖКГ Украіны Генадзь Зубко пагадзіўся, што цалкам магчыма павялічыць вытворчасьць беларускай тэхнікі на тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку ёсьць магчымасьць субсыдыяваньня фэрмэрскіх гаспадарак Украіны пры куплі такой тэхнікі:

«Мы накіравалі дзяржаўны бюджэт 2017 году на падтрымку малых фэрмэрскіх гаспадарак. Грошы сёньня ляжаць ня толькі ў плоскасьці дзяржавы, грошы сёньня ляжаць у плоскасьці мясцовых бюджэтаў. Мы за два гады зрабілі бюджэтную дэцэнтралізацыю і практычна ўдвая павялічылі мясцовыя бюджэты. Сёньня асноўны заказчык і гарадзкога транспарту, і гарадзкой гаспадаркі — мясцовае самакіраваньне, і вось тут неабходна выбудоўваць узаемаадносіны паміж Менскам і Кіевам, Віньніцай і Мазыром».

Беларусь і Ўкраіна дамовіліся скласьці «дарожную мапу», дзе будуць вызначаны тэрміны і выканаўцы канкрэтных пунктаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG