Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я б ня раіў Лукашэнку спадзявацца на лягчэйшы дыялёг з Вашынгтонам»


Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі, Уладзімер Глод

Каліноўскі: У выбарчую ноч часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі наладзіў прыём з нагоды выбараў. Пакуль іншыя запрошаныя галасавалі, журналісты пагутарылі са спадаром Райлі і ён агучыў сваю афіцыйную пазыцыю, што пэрспэктывы далейшага паляпшэньня дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю будуць залежаць перш за ўсё ад сумесных намаганьняў дзьвюх краінаў, а не ад пэўнага чалавека, які перамог на выбарах.

Робэрт Райлі зазначыў, што ўсе бакі хочуць, каб наступіла паляпшэньне ва ўзаемадачыненьнях. Цытую: «Стасункі паміж ЗША і Беларусьсю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата; яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыцьцяўляць у рамках паляпшэньня адносінаў», — падкрэсьліў амэрыканскі дыплямат.

Тым ня меней, зьмена ўлады, новая адміністрацыя, якая прыйдзе ў Белы дом 20 студзеня, дае абедзьвюм дзяржавам шанец іначай паглядзець на адносіны, нешта зьмяніць.

У будучага прэзыдэнта Дональда Трампа, які ў перадвыбарнай агітацыі казаў больш пра ўнутраныя амэрыканскія праблемы, чым пра міжнародныя, мяркую, доўга ня будзе магчымасьці асабіста зьвярнуць увагу на Беларусь, але ў ягонай адміністрацыі, у Дзярждэпартамэнце ЗША заўсёды будзе нехта, хто будзе займацца адносінамі з рэгіёнам Усходняй Эўропы.

Беларусь будзе разглядацца ЗША менавіта ў рэгіянальным кантэксьце.

Беларусь будзе разглядацца ЗША менавіта ў рэгіянальным кантэксьце. Не прагучаць ужо азначэньні з вуснаў Дзяржсакратара ЗША пра Беларусь як апошні бастыён дыктатуры ў Эўропе (цытата Кандалізы Райс), хаця б таму, што Лукашэнка ўжо не апошні дыктатар, гэтае месца захапіў Пуцін і да яго набліжаецца Эрдаган.

Але гэтыя словы Кандалізы Райс варта згадаць таму, што яна прадстаўляла рэспубліканскую адміністрацыю, якая цяпер зноў вяртаецца ў Белы дом. Рэспубліканцы заўжды былі больш крытычныя і пасьлядоўныя ў адносінах і да СССР і да постсавецкай Расеі і іншых дыктатарскіх рэжымаў. Знакаміты амэрыканскі закон «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» ўхваліла менавіта адміністрацыя рэспубліканскага прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага. Таму я б ня раіў Аляксандру Лукашэнку, як і Ўладзімеру Пуціну, дарэчы, спадзявацца на больш лёгкі дыялёг з Вашынгтонам пад час кадэнцыі Трампа.

Усё будзе залежыць ад таго, на якую ступень па прыярытэтнасьці адміністрацыя Трампа паставіць праблему расейска-ўкраінскага канфлікту, наколькі захоча ўдзельнічаць у мірным працэсе. Украінскі бок неаднаразова заяўляў, што да перамоваў у нармандзкім фармаце павінны далучыцца ЗША. Калі такое рашэньне будзе прынятае, то і значэньне Беларусі для палітыкі ЗША падвысіцца.

Але Беларусі варта будзе чакаць інтэнсыфікацыі культурніцкіх, адукацыйных, маладзёвых і падобных праектаў з ЗША, магчыма, візытаў чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню, а не прарыву ў палітычнай сфэры.

Магчыма, ЗША пойдуць па шляху ЭЗ.

Магчыма, ЗША пойдуць па шляху ЭЗ, які пасьля зьняцьця санкцыяў распачаў у Беларусі шэраг праектаў, але так і не надаў уладам палітычнай і значнай эканамічнай падтрымкі.

І апошняе. Каб палепшыць стасункі з ЗША, беларускім уладам ня варта чакаць абраньня новага прэзыдэнта ЗША з надзеяй, што вось цяпер-такі ён ацэніць наш самабытны эканамічны шлях і спэцыфічную дэмакратыю. Трэба Беларусі найперш парупіцца, каб стаць для ЗША больш прыцягальным партнэрам. З усімі зьменамі ўрадаў у ЗША патрабаваньні да Беларусі з боку Амэрыкі не мяняюцца — гэта свабодныя і сумленныя выбары, свабода выказваньняў, адсутнасьць палітвязьняў. Калі беларускі бок неяк прасунецца ў гэтым кірунку, то і адпаведныя крокі з боку ЗША мы ўбачым вельмі хутка. Пакуль што значнага паляпшэньня адносінаў чакаць не трэба, ацэнка палітычнай элітай ЗША сытуацыі ў Беларусі не памяняецца.

Глод: Я думаю, спачатку трэба адказаць на адно пытаньне: хто каму больш патрэбны? Злучаныя Штаты Амэрыкі Беларусі ці Беларусь Злучаным Штатам? Зразумела, Менск нашмат больш зацікаўлены ў Вашынгтоне. Чаму? Гэта ня трэба тлумачыць, паколькі, скажам так, вагавыя катэгорыі ў гэтых дзьвюх краін абсалютна розныя. Маштаб краін несувымерны, прыярытэты ў кіраўніка Белага дома зусім іншыя.

Пакуль у Дональда Трампа і ягонай адміністрацыі дойдуць рукі да Беларусі, пройдзе шмат часу.

І пакуль у Дональда Трампа і ягонай адміністрацыі дойдуць рукі да Беларусі, пройдзе шмат часу. Значыць, ініцыяваць паляпшэньне стасункаў мусіць Менск. А для гэтага Аляксандру Лукашэнку патрэбна, як мінімум, тры ўмовы. Першая — больш дэмакратыі ў Беларусі. Другая — поўная адмова ад антыамэрыканскай рыторыкі. Трэцяя — большае дыстанцыянаваньне ад Крамля.

Ці пойдзе на гэта Лукашэнка? Думаю, ня цалкам. Паколькі шмат чаго ён ужо дамогся, фактычна без трансфармацыі рэжыму. Так, Вашынгтон прыпыніў шэраг санкцый супраць беларускага рэжыму, ідзе размова аб вяртаньні амбасадараў і істотным павелічэньні штату амбасадаў, узнавіліся двухбаковыя кансультацыі. Афіцыйны Менск спадзяецца на амэрыканскую дапамогу ў атрыманьні крэдыту МВФ.

Пасьля ўкраінскіх падзеяў Менск адхіліўся ад шчыльнай супрацы з Масквой.

Пытаньне трансфармацыі рэжыму становіцца галоўным. Бо антызаходняя скіраванасьць ягоных прамоваў паступова зьнікае. Пасьля ўкраінскіх падзеяў Менск адхіліўся ад шчыльнай супрацы з Масквой. Фактычна на двух кірунках ужо дасягнуты нейкі прагрэс. Але галоўны — істотныя зьмены ў сытуацыі ўнутры Беларусі прынцыпова не зьмяняюцца. А мне падаецца, што ЗША, нягледзячы на занятасьць многімі іншымі міжнароднымі справамі, будуць раз-пораз нагадваць Лукашэнку і яго бліжэйшаму атачэньню пра неабходнасьць зьменаў. Бяз гэтага прагрэсу, мабыць, ня будзе. Амэрыканскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які згадваў Валер Каліноўскі, ніхто не адмяняў. Тым больш, што яго ўхваліла менавіта адміністрацыя рэспубліканскага прэзыдэнта.

І яшчэ трэба не забывацца на расейска-амэрыканскія дачыненьні. Калі яны будуць паляпшацца, то і Лукашэнку будзе лягчэй. І наадварот, калі яны пачнуць пагаршацца, то Крэмль паспрабуе глыбей уцягнуць Беларусь у сваё супрацьстаяньне з ЗША.

І самае апошняе — вельмі складана прагназаваць рэакцыю Дональда Трампа на любыя падзеі. Ягоная нявызначанасьць яшчэ чакае свайго праяўленьня. Таму мяне, напрыклад, цікавіць, каго канкрэтна прызначаць дзяржсакратаром ЗША. Я думаю, гэты чалавек хутчэй будзе вызначаць трэнд амэрыканска-беларускіх дачыненьняў, чым прэзыдэнт Злучаных Штатаў.

Гурневіч: Я назіраю за амэрыканскай палітыкай ужо гадоў 20, зь дзяцінства фактычна. Я не сказаў бы, што яна неяк радыкальна мянялася адносна Беларусі. Ня ўзгадваю рэвалюцыйных зьменаў ад 1998 году. Таму тут таксама ня варта спадзявацца на іх. Здавалася б, Трамп, ягоная рыторыка былі нетыповыя для амэрыканскай палітыкі, але гэта не да канца так. Здаецца, гэта быў 2004-ы год, калі ў выбарах прымалі ўдзел Буш і Керы. Тады я якраз быў у Нью-Ёрку і глядзеў гэтыя дэбаты ў наўпроставым эфіры. Там цікавая рэч была: Джордж Буш на пытаньне пра адносіны Расеі і ЗША адказаў, што Уладзімер Пуцін ягоны вельмі добры сябар, і яны заўсёды дамовяцца. Але сёньня ніхто не прыгадвае гэтых словаў, а рэальнасьць была іншай: не было такога, каб яны былі лепшымі сябрамі. Яны супрацоўнічалі па некаторых пытаньнях, але не сказаць, што гэта былі вельмі вялікія партнэры. Гэта добры знак для Беларусі, бо шмат што ў адносінах паміж Вашынгтонам і Менскам вырашае якраз-такі дачыненьне Амэрыкі з Расеяй. Гэта сапраўды Менску больш патрэбна, чым Вашынгтону, і адносіны будуць залежаць ад жаданьня Менску іх палепшыць. А Амэрыка будзе працягваць сваю традыцыйную палітыку.

Магчымыя дарадцы Трампа — людзі дастаткова прарасейскія,

Кім будзе наступны дзяржсакратар — гэта невядома, але вельмі важна, кім будуць бліжэйшыя дарадцы Трампа, таму што па сутнасьці ў Белым Доме апрача дзяржсакратара вырашаюць дарадцы прэзыдэнта. Я адмыслова ўчора праглядаў сьпіс магчымых дарадцаў Трампа — там трывожны сыгнал для Беларусі, гэта людзі дастаткова прарасейскія, многіх амэрыканская прэса абвінавачвала ў бізнэс-кантактах з Расеяй. Але ж не аднабакова будуць прымацца гэтыя рашэньні, тут жа і Кангрэс, і Сэнат. Рэспубліканская партыя мае вельмі вялікія традыцыі і каштоўнасьці. Ня будзе ніякіх страсеньняў, усё будзе адбывацца па інэрцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG