Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква праз газавы ціск хоча зрабіць Менск яшчэ больш паслухмяным»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.

Глод: Праблемныя аспэкты беларуска-расейскіх дачыненьняў абмеркавалі ўчора Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Яны размаўлялі па тэлефоне і дамовіліся, што праз два тыдні на сваёй сустрэчы прымуць адпаведныя рашэньні. Пры гэтым стала вядома, што спрэчныя пытаньні ўжо прапрацоўваліся ўрадамі абедзьвюх краін.

Аналітыкі мяркуюць, што нявырашаныя праблемы гэта найперш цана на расейскі газ і аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь. Літаральна некалькі словаў пра гісторыю абодвух пытаньняў. Расея пастаўляе газ у Беларусь па цане 132 даляры за тысячу кубамэтраў. У сувязі з сусьветным падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты Менск лічыць справядлівай цану ў 73 даляры, то бок амаль удвая таньнейшую. Адсюль і запазычанасьць перад Расеяй у памеры дзесьці 300 мільёнаў даляраў. Паколькі Беларусь адмаўляецца вяртаць доўг, Расея скараціла пастаўкі нафты. У адказ Менск падняў тарыфы на перапампоўку расейскай нафты празь Беларусь. Але пасьля таго, як два прэм’еры нібыта пра нешта дамовіліся, беларускія ўлады адмянілі падвышэньне перапампоўкі.

Расея паабяцала так званыя «міжбюджэтныя кампэнсацыі». Выглядае, што Беларусь павінна будзе вярнуць даўгі «Газпрому», але ўзамен яна атрымае нейкія сумы з Расеі.

Падрабязнасьці перамоваў прэм’ераў дагэтуль невядомыя. Можна толькі меркаваць, што фармальна цэны на газ для Беларусі не памяняліся. Гэта зьвязана з тым, што «Газпром» цяпер вядзе судовыя спрэчкі зь некалькімі энэргетычнымі кампаніямі краінаў Эўразьвязу па цэнах на газ. Таму зьніжэньне цэнаў для Беларусі дало б дадатковыя аргумэнты апанэнтам «Газпрому». Але каб неяк задаволіць беларускія ўлады, Расея паабяцала так званыя «міжбюджэтныя кампэнсацыі». Выглядае, што Беларусь павінна будзе вярнуць даўгі «Газпрому», але ўзамен яна атрымае нейкія сумы з Расеі. Аднак пакуль дамова аб кампэнсацыі не падпісаная, Менск ня хоча вяртаць даўгі.

Другое пытаньне — нафтавае. Узамен за сырую нафту Беларусь абавязаная пастаўляць на расейскі рынак пэўную колькасьць нафтапрадуктаў — бэнзін, мазут і г.д. Аднак тут таксама ўзьнікла праблема. Прадаваць вытворчасьць сваіх двух нафтаперапрацоўчых заводаў на Захад нашмат выгадней чым у Расею. Таму Беларусь пераарыентавалася ў гэтых продажах. Маскву гэткі паварот не задавальняе і раздражняе. Таму, пачынаючы з трэцяга кварталу 2016 году, яна зьменшыла пастаўкі нафты на беларускі рынак. І гэта трывожна, бо паніжэньне паставак нафты і ў чацьвёртым квартале з высокай доляй верагоднасьці можа прывесьці да таго, што беларускі бюджэт не далічыцца валютнай выручкі.

Тут самы раз дадаць, што валютныя паступленьні Беларусі за першыя тры кварталы сёлета зьнізіліся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 3,5 мільярды даляраў. І роля нафтапрадуктаў у гэтых стратах істотная.

28 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў Менску сустракаўся з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Аднак па выніках іх перамоваў ніякай інфармацыі пра пераадоленьне рознагалосьсяў не было. Значыць, праблема сапраўды сур’ёзная. З другога боку, мы ўсе добра памятаем, што газа-нафтавая вайна паміж Расеяй і Беларусьсю вядзецца ўжо далёка ня першы год. І кожны раз урэшце рэшт бакі дамаўляюцца. Як вы думаеце, калегі, ці праз два тыдні на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі вайна таксама будзе часова прыглушаная?

Гурневіч: Я перакананы, што праз два тыдні калі не на 100%, то прынамсі мы даведаемся пра завяршэньне ўсіх гэтых спрэчак і пра набліжэньне да падпісаньня канкрэтнага пагадненьня. Мы можам назіраць дачыненьні па пытаньнях нафты і газу Расеі і Ўкраіны, якія знаходзяцца ў стане вайны, хоць гэта так і не называецца, а называецца антытэрарыстычнай апэрацыяй. Адносіны ёсьць, газ прадаецца, перапампоўваецца на Захад, ідзе транзыт, няма ніякіх пытаньняў. Дык што тады казаць пра Беларусь, якая зьяўляецца для Расеі і найбліжэйшым саюзьнікам. Для афіцыйнага Менску гэта ўвогуле «бог і цар». Таму яны дамовяцца. Якраз учорашняя навіна пра перамовы Пуціна і Лукашэнкі — гэта якраз і сыгнал усім, што гэтая спрэчка ідзе да завяршэньня. Такія перамовы і званкі, як вядома, у палітыцы адбываюцца ўжо тады, калі на ніжэйшым узроўні нешта вырашана, а вось вышэйшыя кіраўнікі толькі паказваюць такі сыгнал, што рашэньні прынятыя.

У такіх спрэчках заўсёды ўсё ж такі выйграе Расея... насамрэч я перакананы, што Расея ў разы больш ад гэтага атрымлівае, калі не ў грашовым пляне, то ў геапалітычным ці вайсковым

Учора я пераключаў расейскія тэлеканалы, і калі я ўбачыў навіну пра перамовы па тэлефоне Пуціна і Лукашэнкі, пытаньні газу і нафты, што цікава, напрыканцы прагучалі, напачатку было сказана, што Аляксандар Лукашэнка расказаў пра ягоныя ўражаньні ад падарожжа ў ААЭ і Катар. Былі спрэчныя пытаньні і яны ўжо, паводле мяне, вырашаны. У такіх спрэчках заўсёды ўсё ж такі выйграе Расея. Не ведаю, адкуль узялося, што Беларусь заўсёды выкарыстоўвае Расею. А насамрэч я перакананы, што Расея ў разы больш ад гэтага атрымлівае, калі не ў грашовым пляне, то ў геапалітычным ці вайсковым. Менск ідзе на саступкі. І тут хоць гаворка ідзе пра эканоміку, у зьвязку з гэтымі дамовамі мы даведаемся праз некаторы час і пра нейкія новыя палітычныя рашэньні, бо пытаньне ня толькі ў грошах. Праз два тыдні, думаю, завершыцца гэтая эпапэя, мы станем сьведкамі чарговага «прымірэньня» Беларусі і Расеі. У Менску можна будзе адчыняць шампанскае, а Масква будзе працягваць статус-кво, бо гэтыя спрэчкі для яе не навіна.

Каліноўскі: Я б такога аптымістычнага вырашэньня гэтай газавай праблемы ня меў бы, таму што калі б дамовіліся, то можна і цяпер нешта было б можна рабіць. Сёньня журналісты Свабоды зьвязваліся зь Міністэрствам энэргетыкі Беларусі і Белнафтахім там пацьвердзілі, што грошы за газ (гэты доўг памерам 281 мільён даляраў) дагэтуль не пералічаныя, пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у поўным аб’ёме не адноўленыя. Хоць абяцалі гэта яшчэ ў кастрычніку — гаворка ішла пра 5 мільёнаў тон нафты на 4 квартал 2016 году.

Таму канешне, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін будуць сустракацца, каб ухваліць канчатковыя рашэньні па нафтагазавых «праблемных аспэктах беларуска-расейскіх стасункаў». Вырашыць не да канца ўрэгуляваную нафта-газавую спрэчку так і не ўдалося на ўзроўні міністраў, віцэ-прэм’ераў і прэм’ераў. Апошняе слова пакінулі кіраўнікам дзяржаваў.

Чаму так адбываецца? Чаму не працуюць бягучыя дамоўленасьці? На мой погляд, тут два адказы? «Денег нет», — як казаў расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў — «Грошай няма», — як меў бы сказаць і ягоны беларускі калега Андрэй Кабякоў.

няма даверу паміж Менскам і Масквою. Яго зрэшты заўсёды не было, з часоў двухбаковага расейскага крызысу пад назвай «аддзяліць мух ад катлет» узору 2002 год

А па-другое, няма даверу паміж Менскам і Масквою. Яго зрэшты заўсёды не было, з часоў двухбаковага расейскага крызысу пад назвай «аддзяліць мух ад катлет» узору 2002 году, Масква разьвівала адносіны зь Беларусьсю маючы на ўвазе яе магчымую анэксію шасьцю абласьцямі, а афіцыйны Менск лявіраваў, атрымліваючы расейскія льготы, пакрыху аддаючы свой сувэрэнітэт у розныя інтэграцыйныя аб’яднаньні, але не пагаджаючыся на такія прапановы Пуціна — маю на ўвазе яго заклік для Беларусі ўвайсьці шасьцю абласьцямі ў склад Расеі.

З гэтай жа опэры і маскоўскі ціск на Менск ва ўкраінскім пытаньні, ціск наконт прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, наконт пабудовы ў Беларусі расейскай авіябазы.

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна маюць адбыцца цягам 2 тыдняў. Думаю, што іх могуць яшчэ перанесьці, скасаваць, а могуць яны і зноў скончыцца безвынікова — усё гэта знаходзіцца ў рэчышчы таго, што Масква хоча зрабіць Менск яшчэ больш паслухмяным.

Нагадаю, што ў кастрычніку міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык казаў пра камфортную для Беларусі цану на газ «у раёне» 117 даляраў за тысячу кубоў. Гэта не нашмат меней за тое, што патрабуе Расея. Але Расея на саступкі ня пойдзе. Таму хутчэй за ўсё, фармальна цана на газ для Беларусі застанецца ранейшай, умовы перапрацоўкі ў Беларусі расейскай нафты у Беларусі не палепшацца. Такі мой прагноз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG