Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне Беларусі змогуць наведваць памежную зону бясплатна


З 1 студзеня 2017 году ўсе грамадзяне, якія стала пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны за ўезд (уваход) і знаходжаньне ў памежнай зоне.

Каб наведаць памежную зону, трэба толькі мець з сабой дакумэнт, які пацьвярджае асобу (пашпарт, пасьведчаньне ўцекача або від на жыхарства).

«Зьезьдзіць на рыбалку ці наведаць сяброў альбо сваякоў у памежнай зоне стане значна прасьцей», — паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.

Да таго ж тэрмін дзеяньня пропускаў у памежную паласу павялічваецца з аднаго да двух гадоў. Дзяржпошліна за гэтую паслугу складзе 0,4 базавай велічыні.

Паводле праекта прэзыдэнцкага ўказу, плаціць яе ня будуць жыхары памежнай зоны, работнікі арганізацыяў, якія вядуць гаспадарчую дзейнасьць у памежнай паласе, і шэраг іншых катэгорыяў грамадзян.

У новым годзе таксама зьменіцца парадак наведваньня памежнай зоны і памежнай паласы замежнымі грамадзянамі. Тэрмін дзеяньня пропуску ў пагранзону для іх павялічыцца з аднаго да двух гадоў, а стаўка дзяржпошліны за яго выдачу складзе 0,4 базавай велічыні.

Парадак атрыманьня пропуску ў памежную паласу для замежнікаў будзе такі самы, як і для грамадзянаў Беларусі. Бясплатна трапіць у памежную паласу зможа іншаземец, які мае пропуск у памежную зону.

XS
SM
MD
LG