Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бронзавы кельт, знойдзены школьнікам на агародзе, стане музэйным экспанатам


Кельты, ілюстрацыйнае фота зь Вікіпэдыі
Кельты, ілюстрацыйнае фота зь Вікіпэдыі

У кастрычніку ў вёсцы Малешаў Жыткавіцкага раёну сям’я Варвановічаў капала на гародзе бульбу. Шасьціклясьнік Кірыл Варвановіч заўважыў зеленаваты прадмет, надзвычай падобны да таго, які бачыў у падручніку па гісторыі Беларусі. Высьветлілася, што гэта бронзавы кельт — прылада бронзавага веку, якая магла служыць і сякераю, і долатам, у залежнасьці ад таго, які тронак устаўляўся ўва ўтулку — паглыбленьне ў верхняй частцы прылады. Кельт раней знайшоў на полі і прынёс на сядзібу старэйшы сын Варвановічаў Міхаіл — але ці то забыўся на знаходку, ці то не аддаў ёй належнай увагі.

Кірыл жа занёс цікавы прадмет у мясцовую школу. Разам з настаўніцай гісторыі Аляксандрай Кавалевіч высьветлілі, што падобны бронзавы кельт быў знойдзены ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. Вырашана было перадаць знаходку ў Тураўскі краязнаўчы музэй.

«Мы паехалі ў Малешаўскую школу, прынялі знаходку, склалі адпаведны акт, — тлумачыць захавальнік фондаў музэю Сяргей Мароз. — Цяпер кельт праходзіць пэрыяд навуковай апрацоўкі — робяцца малюнкі, рыхтуецца артыкул. Канчатковая выснова будзе зроблена спэцыялістамі ў археалёгіі. Мяркую, што ў 2017 годзе знаходка будзе афіцыйна прынятая з прысваеньнем адпаведнага нумару ў фонды музэю як экспанат».

Пра знаходку ў Малешаве ўжо выказаліся ў СМІ навукоўцы. У прыватнасьці, вядучы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Мікалай Крывальцэвіч кажа, што тэрыторыя сучаснай Беларусі была далёка ад тых месцаў, дзе вырабляліся першыя прадметы зь медзі й бронзы. Хутчэй за ўсё, яны траплялі на Палесьсе рачным абменным шляхам з Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы.

Сякеры, падобныя па форме, памерах, арнамэнтацыі, выяўленыя ў вялікай колькасьці ў басэйне ракі Дунай, у заходніх раёнах Украіны, на тэрыторыі Польшчы. Але гэткай утульчатай сякеры ў Беларусі яшчэ не знаходзілі. Яна можа адносіцца да 1200–900 гадоў да нашай эры.

У Тураўскім краязнаўчым музэі захоўваюцца каменныя, крэмневыя сякеры й наканечнікі стрэлаў, кераміка, якія былі вырабленыя прыкладна ў VI стагодзьдзі да нашай эры. Кельт, перададзены ў музэй Кірылам Варвановічам, адзін у сваім родзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG