Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жыхара Барані канфіскавалі цэлы арсэнал: процітанкавае ружжо, маўзэр, ППШ, 14 гранат, 17 кг тратылу


Фота УУС Віцебскага аблвыканкаму

Фота УУС Віцебскага аблвыканкаму

Міліцыянты канфіскавалі ў жыхара мястэчка Барань, што пад Воршай, сапраўдны арсэнал зброі часоў Другой усясьветнай вайны, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Раней не судзімы мужчына 1973 году нараджэньня, які працуе ў транспартнай арганізацыі, у сваёй кватэры незаконна захоўваў процітанкавае ружжо, карабін «Маўзэр», дэталі пісталета-кулямёта ППШ, 477 патронаў розных калібраў, каля 17 кг тратылу, 8 ружэйных гранатаў, 2 гранаты Ф-1, 3 гранаты РГ-42 і кумулятыўную гранату, 5 піратэхнічных патронаў, 20 запалаў, артылерыйскія 45 мм зарады, 6,8 кг збройнага пораху.

Супраць мужчыны распачатая крымінальная справа за падробку або наўмыснае зьнішчэньне маркіроўкі агнястрэльнай зброі, паводле ч.2 арт. 295 яму пагражае да двух год пазбаўленьня волі. Частка канфіскаванай зброі была зьнішчаная празь небясьпеку выбуху, частка — накіраваная на балістычныя і выбуховатэхнічныя экспэртызы.

Месяцам раней у Віцебскай вобласьці была распачатая іншая справа па тым жа артыкуле з буйной канфіскацыяй. У Шумілінскім раёне затрымалі кіроўцу-дальнабойшчыка, раней асуджанага за браканьерства, які незаконна прадаў за 800 даляраў двуствольны камбінаваны карабін з аптычным прыцэлам, тры глушыльнікі, 734 патроны калібру 7,62 мм і 340 патронаў калібру 5,6 мм. Пазьней у яго знайшлі гладкаствольнае ружжо «ИЖ», якое захоўвалася незаконна, і 16 патронаў да яго, а таксама 595 патронаў калібру 7,62.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG