Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прыбіраюць помнікі Леніну. У нас то цішком прыбіраюць, то патасна ставяць.

«Малады Фронт» на чале са Зьмітром Дашкевічам азмрочыў пастаноўку скульптуры бальшавіцкага гуру каля цэнтральнай прахадной МТЗ. На наступны дзень — абліты чырвонай фарбай Ільіч у Лідзе.

Неяк пачуў фразу — «кожная генэрацыя дасканаліць сьвет на падставе ўласнае недасканаласьці».

Для пакаленьня Зьмітра Дашкевіча асэнсаваньне Кастрычніцкай рэвалюцыі адбывалася зусім па-іншаму, чым для майго, бо яны сталелі ў зусім іншую эпоху…

7 лістапада 1970 году ў будынку Музэя айчыннай вайны нас, першаклясьнікаў школы №16 прымалі ў акцябраты.

Была ўрачыстая лінейка, разгорнутыя чырвоныя сьцягі з выявамі Леніна-Маркса-Энгельса. Трубілі горны, білі барабаны, гучала маршавая рэвалюцыйная музыка.

Напярэдадні наша настаўніца Вера Андрэеўна гаварыла пра рэвалюцыю й рэвалюцыянэраў, якія паклалі жыцьцё за тое, каб у нас не было паноў.

Памятаю, я ніяк ня мог уцяміць, чаму рэвалюцыя называецца кастрычніцкай, а сьвяткуецца ў лістападзе. Колькі мне не тлумачылі пра зьмену календара, заставаўся нейкі недавер.

Урачыстая лінейка была першым блізкім знаёмствам са сьвятам Кастрычніцкай рэвалюцыі, бо да школы мае сваякі ня надта каб адзначалі, як яны казалі «рэвалюцыю».

Але атмасфэра ўрачыстасьці на лінейцы маё стаўленьне да гэтага сьвята зьмяніла ў лепшы бок. Фінальным акордам было пасьвячэньне нас – першаклясьнікаў у акцябраты.

Пад змагарную музыку да мяне падышла ўсьмешлівая дзяўчына-старшаклясьніца з тугой сьветлай касой да паса, пагладзіла мяне па галаве, зазьзяла вачыма й прыкалола да майго школьнага жакета зорачку з маленькім Валодзем Ульянавым.

Дзяўчына падалася мне настолькі прыгожай, сьветлай, узьнёслай, што я аж затрымцеў.

Яна яшчэ раз пагладзіла мяне па галаве, усьміхнулася й адышла.

Я стаяў з прыколатай зорачкай узрушаны й спрабаваў знайсьці яе сярод шэрагаў старшаклясьнікаў, што стаялі насупраць.

Прыйшоўшы дадому, я загадаў маці купіць кружэлку з рэвалюцыйнымі песьнямі й маршамі. Слухаў іх і згадваў, як тая прыгожая старшаклясьніца мацавала зорачку на маім жакеце.

Напэўна, гэта была такая дзіцячая закаханасьць, ці як яшчэ можна назваць тыя эмоцыі, што мяне апанавалі.

Я так і не спытаў у яе імя. Пры выпадковых сустрэчах у школе яна працягвала мне ўсьміхацца, а калі й гладзіла па галаве. У гэты момант я чырванеў.

Але аднойчы я перайшоў у іншую школу дый памяняў месца жыхарства, дзе на чарговую кастрычніцкую гадавіну ў 1974 годзе стаў піянэрам.

Усё адбывалася інакш, будзённа. Падышоў прышчавы камсамолец з тлустымі валасамі, завязаў мне піянэрскі гальштук, павярнуўся й зьнік.

На гэтым пара рэвалюцыйных песень скончылася назаўжды. Панасіўшы чырвоны гальштук завязаным, як мае быць, у пятым клясе, у шостым сярод маіх раўналеткаў стала модна насіць яго ў кішэні.

У нашым школьным асяродку настаў час песень Уладзімера Высоцкага й блатнога шансону.

Мае аднаклясьнікі-піянэры са школы №61, што была на бульвары Шаўчэнкі, пачалі трапляць у міліцыю за бойкі й крадзяжы.

Вобраз Кастрычніка працягваў тускнець у нашых вачох.

Неяк, калі мы зьбіралі макулатуру, нехта з аднаклясьнікаў на школьным двары распавёў гісторыю пра піянэраў і акторку Фаіну Ранеўскую.

Калі такія самыя, як і мы, піянэры пазванілі ў кватэру да Фаіны Ранеўскай па макулатуру, вялікая савецкая акторка, адчыніўшы дзьверы й дазнаўшыся ў чым рэч, прамовіла незабыўнае:

— Пионэры, идите в ж…пу.

Мы жыва ўяўлялі, як гэта адбывалася й рагаталі да сьлёз.

На 7 лістапада 1977 году настала пара ўступаць у камсамол. Памятаю пытаньні пра колькасьць ордэнаў на сьцягу савецкага камсамолу. Нейкіх ветэранаў партыі, якім мы мусілі гэта адказваць.

Ветэраны былі нармальныя дзядзькі, не чапляліся да няправільных адказаў, а то й падказвалі, бо лічба новых камсамольцаў была даўно ўзгодненая ў розных райкамах і парушаць яе было нельга.

Мы блыталіся ў адказах, пасьмейваліся між сабой, але ўсе атрымалі камсамольскія білеты й значкі.

Прыйшоўшы да школы, наша клясная дама Нэла Аркадзеўна, праводзіла ўрок патрыятызму, дзе з патасам, але бяз шчырасьці распавядала пра пераемнасьць пакаленьняў, пра кніжку «Як гартавалася сталь», Паўку Карчагіна й камсамольскую будоўлю Байкала-Амурскае магістралі.

Як натхнёныя камсамольцы цугам едуць будаваць савецкую будучыню.

Але мы былі ўжо кепскімі слухачамі, бо марылі не пра БАМ, а пра джынсы «Wrangler» і слухалі «Pink Floyd».

І таму на чарговую рэпліку пра камсамольскі гераізм на БАМе, я зьедлівым тонам ухмыляўся:

— Но так, камсамольцы магістраль будуюць. У асноўным «забайкальскія камсамольцы».

Намякаючы на тое, што гэтак называлі зэкаў, якія былі сапраўднымі будаўнікамі тае магістралі.

Пасьля пачалася перабудова і пра Кастрычніцкую рэвалюцыю й яе вынікі можна было даведацца ня толькі ад клясных дам і лектараў з райкамаў.

Вобраз маленькага Валодзі Ўльянава на акцябрацкай зорачцы рабіўся больш і больш змрочным.

Аднойчы я прыйшоў у свой райкам камсамолу і здаў білет.

На пытаньне нейкай камсамольскай сакратаркі, якой было пад сорак, маўляў чаму?

Адказаў, што скончылася каханьне.

Камсамольская сакратарка зусім не нагадвала тую дзяўчыну-старшаклясьніцу, што калісьці прыкалола мне акцябрацкую зорачку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG