Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстычнага буму ня будзе


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Турыстычнага буму не чакайце. Яго ня будзе. Ну й што, што бязьвізавы ўезд на пяць дзён зрабілі на Аўгустоўскі канал і ў суседнюю Горадню. Што з таго? Гэта як мёртваму прыпаркі.

Столькі часу ўпарта займацца ізаляваньнем эўрапейскай краіны ад Эўропы, а потым нарэшце ачомацца. Што гэта азначае насамрэч? Што час незваротна страчаны, што цягнік — ту-ту! Вы што, думаеце эўрапейцам няма куды езьдзіць?

Беларусь чым магла быць цікавай? Што гэта сьвежая, свабодная і дэмакратычная краіна. З адметным, вельмі прыцягальным рыцарскім гербам і прыгожым сьцягам. Яны што зрабілі з гэтым усім? Яны думаюць, што заімшэлая а-ля савецкая, недэмакратычная, і ў дзесяць разоў менш свабодная, чым была дагэтуль рэспубліка кагосьці зацікавіць? Вы паглядзіце на свае геральдычныя плады, чаго яны вартыя? А перад тым быў сапраўдны герб, якому сотні гадоў.

Перш за ўсё на тым Аўгустоўскім канале свабоднымі сябе павінны былі адчуць самі гарадзенцы, гаспадары. А яны што? Як зрабілі пры Сталіне пагранзону, так яны яе мёртвай хваткай трымалі, ды яшчэ пашырылі. Мы раз сабраліся з прыяцелем туды, запрасіў у грыбы. Недзе выехалі на сто мэтраў убок, адразу пагранцы: штраф! І чалавек мусіў на Савецкай (турыстычнай!) вуліцы чакаць у чарзе на адміністрацыйную камісію, каб заплаціць. За што? Ён патомны гарадзенец. У яго і бацькі, і дзяды з Горадні. Ахвоту езьдзіць на канал адбілі.

Ну няхай не адразу, але дайшло: была камсамольска-маладзёжная будоўля па аднаўленьні Аўгустоўскага каналу. Зрабілі. І што? Дзесяць год мінула. Дзесяць! Ніякіх там капіталістычных турыстаў. Толькі начальства рэгулярна на сваіх нарадах журыцца: што ж прыдумаць? Так, некаторыя сьвяты для гораду робяцца, людзі на шашлыкі езьдзяць. І гэта правільна, гэта нармальна. Горад жа немалы, а зь месцамі адпачынку не асабліва.

Памятаю, напачатку 1990-х прызвычаіліся мы езьдзіць у Парэчча, што на поўначы Гарадзенскага раёну пры мяжы зь Літвой. Выдатнае возера, санаторый, мінэральная вада. І што вы думаеце? Пры цяперашнім начальстве раптам робяць пагранзону. Углыб беларускай тэрыторыі на 30-50 кілямэтраў! Чым думалі? Шэрае рэчыва навошта? І мы, жыхары Горадні, страцілі адразу магчымасьць бываць у месцы свайго адпачынку. Дачы ў мяне там не было, сваякоў з прапіскай таксама. Значыць — забудзь: уезд забаронены.

Гэтага падалося мала. На чыгуначным вакзале ў Горадні паставілі вялікую жалезную клетку з тоўстых прэнтаў. Для пасажыраў, хто купляў квіток на цягнік у Польшчу, у тым ліку для саміх палякаў ды іншых замежнікаў. Дзе мазгі былі? І яшчэ інцыдэнты здараліся, калі які паляк спрабаваў фотку зрабіць на памяць. Як жа, сакрэтны аб’ект, наша ноў-хаў!

Даволі доўга прастаяла. Самі разумееце: калі клетку паставілі на балянс, ніхто ня меў права ўзьнімаць руку. Але хіба некалі мядзьведзь па суседзтву ў заапарку памёр, любімую клетку спачатку аўтагенам разрэзалі. Пазьней скасавалі пагранзону «на глыбіню пяцьдзесят кілямэтраў». Прайшоў яшчэ пэўны час, дазволілі гарадзенцам свабодна (так, як да цяперашняга начальства было заўсёды!) езьдзіць у Парэчча.

І цяпер начальства чакае каля мора надвор’я — калі ж капіталістычны турыст апануе натоўпамі гарадзенскія вуліцы. А для чаго? Матывацыя якая можа быць?

Брытанцы зрабілі некалі дарагую візу для грамадзян РБ. Адразу — «наш адказ Чэмбэрлену»: вось і вы раскашэльвайцеся ў такім разе. А шэрае рэчыва навошта? Яны стараюцца абмежаваць, туды ўсе ахвотныя. А вы што? На сто тысяч беларусаў, якія хоць зараз ня супраць паглядзець Лёндан, знойдуцца хіба што сто англічан, якім захочацца наведацца да нас.

Дадумаліся потым на хакей у Менск палегчыць прыезд тым брытанцам у тым ліку. Вынік безумоўна быў. Але ж гэта хакейныя фанаты толькі.

Ну й вернемся да нашых бараноў, да турыстычных прынадаў Горадні. Прачытаў толькі што адзін мясцовы тэкст, які заканчваўся аптымістычным прагнозам: тысячы капіталістычных турыстаў захочуць убачыць гарадзенскага Леніна. Які, як вядома, вельмі вялікі, стаіць высока і зроблены з бронзы. Калі гэта на поўным сур’ёзе, то бадай даволі наіўна. Хаця гэта можа быць і формай іроніі, трэба спадзявацца.

Навошта англічаніну ці французу Ленін, калі ён стаіць на поўным табе сур’ёзе? Пастаўце сябе на месца турыста, паспрабуйце. Які прыехаў адтуль, дзе столькі захаваных помнікаў архітэктуры, што нам і ня сьнілася. Дзе стаіць не адна, прычым адыёзная, статуя на ўсіх плошчах, а розныя. Мой знаёмы ангелец так, заўсёды на Леніна зьвяртае ўвагу і здымкі робіць часам. Калі побач са статуяй ставяць на зіму вялікую сьвяточную яліну. Як ты сябе адчуваеш, comrade Lenin, ці не халодна табе? — пытаецца мой знаёмы. Словам, робіць гэта з прыколам. Ленін на поўным сур’ёзе яму ня трэба.

Але ўся загваздка ў тым, што Ленін стаіць на самым поўным сур’ёзе. І што з гэтым рабіць? Як завабіць «каптурыста» ў горад, які, уласна кажучы, гэта — дзьве плошчы — Савецкая і Леніна, злучаныя паміж сабой таксама аскомна эсэсэсэраўскай Савецкай вуліцай. Ну раскіньце мазгамі: куды вы запрашаеце? Каго вы чакаеце? Немцаў, швэйцарцаў? Ці дэлегацыю працоўных КНДР?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG