Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дыякан — «абаронца Наваросіі» не зьявіўся на навуковую канфэрэнцыю ў Віцебску


Павел Шульжонак

Павел Шульжонак

Сьвятар, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны, меўся прыехаць у Віцебск — пра гэта ён сам паведамляў у сацыяльных сетках, дзе прэзэнтуе сябе як «Ня проста дыякан. Царкоўны трыкстэр, сьпікер і апалягет. Удзельнік абароны Наваросіі».

Аднак у ліку ўдзельнікаў навуковай канфэрэнцыі «Духоўныя асновы славянскага сьвету» ён не зарэгістраваўся і на імпрэзу ў Віцебскай духоўнай сэмінарыі не зьявіўся. Ня бачылі яго і ў вышэйшых навучальных установах, дзе таксама праводзіліся мерапрыемствы ў межах міжнароднага царкоўна-грамадзкага і навукова-асьветніцкага Ірынінскага форуму.

Паводле папярэдне дасланай заяўкі, Павел Шульжонак рыхтаваў даклад на тэму «Цывілізаваная роля Расейскай Праваслаўнай Царквы ў міратворчым аспэкце». Што да асобы аўтара, то ён не ўтойвае таго, што ў 2014 годзе быў у зоне АТА. Але ён сьцьвярджае, што не забіваў іншых людзей, а быў «духоўнікам баявых падразьдзяленьняў Данецкай Народнай Рэспублікі».

Віцябляне былі абураныя, калі даведаліся, што гэтая асоба едзе ў Віцебск. Абурэньне займела канкрэтныя праявы: некалькі гараджан напісалі звароты ў КДБ і ў адміністрацыі навучальных устаноў, якія прымалі ўдзельнікаў Ірынінскага форуму. Сэнс зваротаў палягаў у тым, што ў Беларусь едзе злачынца, і гэты візыт варта прадухіліць.

Што здарылася і чаму дыякан Павел Шульжонак не зьявіўся на навуковую канфэрэнцыі — невядома. У сацыяльных сетках ён паведаміў толькі , што зьдзіўлены ўвагай мэдыя да ягонага прыезду ў Беларусь, і дадаў сваю рэакцыю на наяўнасьць ў Беларусі нацыянальных сілаў:

«Мяркуючы па ўсім, антырускае змагарства, гэты падвід украінства, нягледзячы на ўсю сваю бяззубасьць і няскладнасьць, дастаткова распаўсюджаная ў Беларусі зьява. І гэта трэба лячыць, чым раней і больш жорстка, тым лепш».

Замест навуковых выступаў 9 лістапада Павел Шульжонак у якасьці «праваслаўнага публіцыста» даў інтэрвію сайту tsargrad.tv наконт вынікаў выбараў у ЗША. Тамсама ён дае прагнозы разьвіцьця ўзаемадачыненьняў паміж Расеяй і Ўкраінай:

«Украіна страчвае ня проста зьнешнепалітычную падтрымку, яна страчвае зьнешняе кіраваньне і натуральным чынам, сілай геапалітычнай гравітацыі, падае ў бясконца пяшчотныя абдымкі Расеі, якой павінна належаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG