Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Іхныя бацькі былі вайскоўцамі ў амэрыканскай паветранай базе каля Лёндану.

Джэры Бэклі (нар. 1952), Д’юі Банэл (нар. 1952) і Дэн Пік (1950-2011) выхаваліся ў Эўропе і закончылі эўрапейскія сярэднія школы, але пастанавілі граць амэрыканскі фольк як амэрыканцы. Каб іх ня блыталі з эўрапейскімі выканаўцамі амэрыканскай фольк-музыкі, яны назвалі сваё трыё «America».

Першы альбом, аднайменны з назвай трыё, яны запісалі ў 1971 годзе. Вельмі добры альбом, ён утрымлівае два гіты, якія выконваюцца Бэклі і Банэлам на канцэртах па сёньняшні дзень: «I Need You» і «Sandman». Але на першае месца амэрыканскіх гіт-парадаў гэты альбом патрапіў у 1972 годзе, калі музыкі яго перавыдалі, далучыўшы песьню «A Horse with No Name». Мабыць, гэта найлепшая амэрыканская фольк-баляда ўсіх часоў. У кожным разе — ня горшая за найлепшыя баляды Боба Дылана з 1960-х. Паслухайце:

У 1970-х трыё «America» выпусьціла шэраг мэлядычных — софт-рокавых або, калі хочаце, поп-рокавых ці фольк-рокавых — альбомаў, на кожным зь якіх былі як мінімум дзьве песьні, якія чаплялі за вуха. Паводле дзіўнай прыхамаці, усе гэтыя альбомы мелі назвы, якія пачыналіся на літару «H»: «Homecoming» (1972), «Hat Trick» (1973), «Holiday» (1974), «Hearts» (1975), «Hideaway» (1976), «Harbor» (1977).

Дэн Пік пакінуў калегаў у 1977 годзе і заняўся сваёй аднаасобнай музычнай кар’ерай. А Бэклі і Банэл працягвалі запісваць новыя альбомы пад шыльдай «America» і выступаць з канцэртамі практычна па сёньняшні дзень. Мызычна гэтыя запісы не прапанавалі нічога новага ў параўнаньні зь першай паловай 1970-х, але той стары чар мэлядычнай баляды ў стылі софт-рок нікуды ня выпарыўся, і такія мэляманы-вэтэраны як я трымаюць іхныя дыскі пад рукою, на паліцы з найбольш улюбёнымі выканаўцамі.

Мая самая ўлюбёная песьня трыё «America» («Ventura Highway», 1972):

І яшчэ адна з улюбёных («Sister Golden Hair», 1975):

А вось песьня зь першага альбому, якую Бэклі і Банэл тут выконваць трыццаць зь лішкам гадоў пасьля таго, як выканалі яе ўпершыню («Sandman», 1971):

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG