Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая фізычная актыўнасьць патрэбная для здаровага даўгалецьця?


Часта даводзіцца чуць: трэба больш рухацца. А ці ёсьць канкрэтныя рэкамэндацыі пра тое, колькі гэта «больш»?

Адказ на гэтае пытаньне дае Сусьветная арганізацыя аховы здароўя, сябрам якой зьяўляецца Беларусь: здаровы лад жыцьця, у тым ліку дасягненьне здаровага даўгалецьця, павінны суправаджацца фізычнай актыўнасьцю ня менш чым 150 хвілінаў на тыдзень.

Уся наша фізычная нагрузка павінна складацца з дзьвюх асноўных частак — рухальнай (аэробнай) i ciлавой (анаэробнай). Асноўная частка — аэробная, што значыць бег, інтэнсіўная хадзьба, плаваньне, заняткі гульнявымі відамі спорту (футбол, валейбол) і інш. Акрамя гэтага, два разы на тыдзень чалавек павінен мець нагрузку сілавога характару. Трэба адзначыць, што ў панятак фізычнай актыўнасьці ўключаецца і праца на гародзе, на прысядзібных участках і іншыя розныя віды сельскагаспадарчых работ. У выніку гэта ўмацоўвае сардэчна-судзінную сыстэму, павышае супраціўляльнасьць да стрэсаў, умацоўвае імунную сыстэму, мае антыдэпрэсіўны эфэкт, зьніжае рызыку разьвіцьця некаторых відаў анкалягічных хваробаў (рак малочнай залозы, тоўстай кішкі).

Выпадак з практыкі. Часта даводзіцца назіраць у жыхароў і гарадоў, і вёсак рэзкае пагаршэньне стану здароўя у раньні вясеньні або позьні восеньскі час, калі пачынаюцца або заканчваюцца сельскагаспадарчыя працы, да якіх так схільныя і якія так любіць асноўная частка беларусаў. У нашай пацыенткі, гарадзкой жыхаркі, якая мае артэрыяльную гіпэртэнзію і якая ўвесь час дысцыплінавана ўжывае прэпараты супраць павышанага артэрыяльнага ціску, мы назіралі пагаршэньне стану ў выглядзе скачкоў артэрыяльнага ціску, галаўнога болю, болю ў сэрцы два разы на год: першы раз увесну, калі сельскагаспадарчыя клопаты пачыналіся, другі — позьняй восеньню пасьля таго, як працы заканчваліся. Гэта было зьвязана з рэзкай зьменай рэжыму фізычнай актыўнасьці: вясной зь неактыўнага на актыўны, а напрыканцы восені — з актыўнага летне-асеньняга на больш павольны зімовы. Зразумела, што як першы, так і другі варыянт зьмены рэжыму фізычнай актыўнасьці дрэнным чынам адбіваецца на стане здароўя. Мы параілі нашай пацыентцы падтрымліваць добрую фізычную форму ўзімку шляхам плаваньня ў басэйне. Пасьля зімы з плаваньнем стан і цячэньне яе хваробы палепшыўся, а праца па гаспадарцы перастала адбівацца на яе стане.

Практычная парада. Калі вы актыўна працуеце на лецішчы ці прысядзібным участку ў летні час, то не забывайцеся пра тое, што каб добра падрыхтавацца да наступнага «дачнага» сэзону, трэба і зімой вытрымліваць норму фізычнай актыўнасьці — мінімум 150 хвілін на тыдзень. Узімку гуляйце, плавайце ў басэйне, запішыцеся ў спартовую сэкцыю — карацей, займіцеся фізычнай культурай у любой форме, якая вам падыходзіць.

XS
SM
MD
LG