Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мастакі малявалі князёў, цароў, магнатаў?


Фрагмэнт карціны Барталамея Стробэля «Пір Ірада і адсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля»

Фрагмэнт карціны Барталамея Стробэля «Пір Ірада і адсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля»

Адносіны мастакоў і ўлады — тэма спрадвечная. Стагодзьдзямі менавіта той, хто меў моц улады, мог акумуляваць сродкі, каб рэалізоўваць вялікія мастацкія праекты, даваць замовы творцам і дойлідам. Хоць сам цяперашні кіраўнік Беларусі ня супраць выказаць свае эстэтычныя прыхільнасьці да такіх мастакоў, як Кузьміч або Шылаў, але маштабы і ролю мастакоў пры цяперашняй уладзе не параўнаць з тым, што было ў часы сацыялізму ці яшчэ даўнейшыя. Гутарка з мастацтвазнаўцам, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.

Карціна Барталамея Стробэля «Пір Ірада і адсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля»

Карціна Барталамея Стробэля «Пір Ірада і адсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля»

Вячаслаў Ракіцкі: На нашай памяці, у савецкія часы, мастакі былі моцна запатрабаваныя дзяржаваю, каб сваімі творамі або ствараць вакол нас ілюзію поўнага шчасьця, або гукаць да новых, завоблачных вяршыняў камунізму. А што ўрэшце сталася з тым «сацыялістычным рэалізмам», на які працавалі тысячы мастакоў дзясяткамі гадоў, каб славіць савецкую ўладу?

Сяргей Харэўскі: Урэшце гэтак званы «сацыялістычны рэалізм» ператварыўся ў поўную прафанацыю творчасьці. Найстарэйшы мастак Беларусі Яўген Ціхановіч прыгадваў:

«Мне таксама даводзілася рабіць партрэты Леніна або Сталіна невялікага памеру (60/80 см) па 20 рублёў за кожны. Працаваў я ад раніцы да вечара на 100 рублёў... Пісаў я партрэты „правадыроў“ і для Дому ўраду, і памеры іх дасягалі 10 мэтраў на 6. Часам, стоячы, на палатне, малюеш вока мэтровага памеру, а ў руцэ трымаеш фатакартку, разьлінаваную ў клеткі. Маляваў таксама партрэты для трыбуны, дзе ў дні сьвятаў і дэманстрацыяў стаялі сакратары ЦК КПБ разам з урадоўцамі. Хоць памеры „палотнаў“ тут былі меншыя (прыкладна 6 мэтраў на 4), але праца была ўсё адно нялёгкая...»

Ракіцкі: Гэта ўсё і я добра памятаю. А зь якіх часоў нам вядомыя імёны мастакоў ці дойлідаў у зьвязку зь іх датычнасьцю, скажам так, да праектаў улады?

Харэўскі: Ад самых першых старонак гісторыі нашага мастацтва. Яшчэ полацкая князёўна Эўфрасіньня рабіла замовы выбітнаму майстру Лазару Богшу, які для яе вырабіў цудоўны ўзор старажытнага беларускага мастацтва — славуты крыж, і, бадай, яшчэ нейкія рэчы, а дойліду Іаану — пабудову Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку, што стаіць там да сёньня. Або, напрыклад, дойліда Алексу валынскі князь Уладзімер паслаў збудаваць крэпасьць. Алекса знайшоў такое месца, і ў 1271–89 гадох пабудаваў славутую вежу і паставіў вакол яе горад Камянец. То бок ад самых першых крокаў прафэсійнага мастацтва яно было непарыўна зьвязанае з уладаю. У сярэднявеччы ніхто ня бачыў у тым супярэчнасьці. Мастакі, зазвычай манахі, паводле азначэньня ў тыя часы мусілі толькі выконваць волю ўладаў — царкоўных або сьвецкіх.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай

Крыж Эўфрасіньні Полацкай

Ракіцкі: У часы Рэнэсансу, аднак, стаўленьне да мастакоў радыкальна зьмянілася. Яны, можа, і не былі на той час уладарамі дум, але, пэўна ж, займалі вельмі высокае месца ў грамадзтве. Леанарда да Вінчы, Мікелянджэла, а пазьней Пітэр Рубэнс былі людзьмі на вяршынях, жылі пры каралеўскіх, папскіх дварах, нават выконвалі дыпляматычныя даручэньні. А ў гісторыі Беларусі ці былі такія асобы, калі ня прыяцелі, дык, прынамсі, добрыя знаёмцы манархаў?

Харэўскі: Такога маштабу быў, бадай, Барталамей Стробэль, слынны польска-нямецкі жывапісец, майстар часоў маньерызму, пачатку XVII стагодзьдзя, родам з Брэслаў (цяперашняга Ўроцлава). Ён жыў пры каралеўскіх дварах Вены і Прагі, пры імпэратарах Габсбургах — Мацею і Фэрдынанду Другім. Сябраваў са славутым нямецкім паэтам і філёзафам Марцінам Опіцам, які прысьвяціў сябру-мастаку колькі вершаў. У росквіце сваёй славы Барталамей Стробэль пераехаў у Польшчу. А там стаў прыдворным мастаком караля і вялікага князя Ўладыслава Вазы, з дваром якога бываў і ў нашых краях, жыў у Вільні. Да сёньня ў нашым Нацыянальным мастацкім музэі зьберагаюцца ягоныя творы — партрэты князёў Януша Радзівіла і Ўладыслава Дамініка Заслаўскага-Астроскага. На замову свайго патрона, караля Ўладыслава, ён намаляваў вялікае манумэнтальнае палатно «Пір Ірада і адсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля». На ёй Стробэль намаляваў ажно 60 постацяў, сярод якіх імпэратар Фэрдынанд II, кароль Францыі Генрых IV, генэралісімус Альбрэхт фон Валенштайн. Зразумела, што маляваць такое для душы мастаку не прыйшло б у галаву. Гэты шэдэўр набыла жонка гішпанскага караля Філіпа V, і захоўваецца ён сёньня ў музэі Прада ў Мадрыдзе. Пагадзіцеся, без каралеўскай волі не было б гэтага твору.

Барталамей Стробэль. Партрэт Уладыслава Дамініка Заслаўскага-Астроскага. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь

Барталамей Стробэль. Партрэт Уладыслава Дамініка Заслаўскага-Астроскага. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь

Ракіцкі: Але, выглядае, мастакі ў тую эпоху былі проста прывязаныя да сваіх усемагутных патронаў. Ці мог мастак дазволіць сабе хоць нейкую свабоду, хоць крыху быць свабодным у творчасьці?

Харэўскі: У XVII стагодзьдзі, відавочна, — не. Апроч манархаў ці арыстакратаў, замоўцам магла выступаць яшчэ толькі царква. Згадзіцеся, поле для свабоды творчасьці невялікае. Больш за тое, у тыя часы мастакам замаўлялі мноства копіяў як сваіх твораў, гэтак і іхных папярэднікаў. Захаваўся красамоўны дакумэнт 1620 году, паводле якога Крыштап Радзівіл замовіў мастаку Яну Мачульскаму ажно 11 копіяў фамільных партрэтаў! То бок — тое, што рабілася ў савецкі час, пра што гэтак красамоўна распавядаў мастак Яўген Ціхановіч, рабілася і ўва ўсе часы. Наогул, пры дварах Радзівілаў працавалі ледзь ня цэлыя калёніі мастакоў. Але, выглядае, становішча большасьці мастакоў было незайздроснае, яны былі фактычна ўласнасьцю сваіх усеўладных гаспадароў.

Ракіцкі: А калі мастакі ўсё ж займелі больш годнае месца ў грамадзтве? Ці былі сярод іх, напрыклад, жанчыны?

Харэўскі: Зьмены адбыліся пад канец XVIII стагодзьдзя. На Захадзе да таго часу ўжо існаваў вольны рынак мастацтва. Творы мастацтва сталі таварам. Нават таварам масавым, як у Галяндыі. Таньнейшыя сталі і самі матэрыялы для творчасьці — фарбы, лякі, палотны, якія таксама сталі вырабляцца на рынку масава. Мастакі, якія самі сталі прадаваць свой тавар, сталі нашмат вальнейшыя.

Ну, і сваю справу зрабіла эпоха Асьветніцтва. У зборах Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі ёсьць яшчэ адзін шэдэўр — партрэт князя-канцлера Міхала Казіміра Агінскага, сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. І гэты ўнікальны для нашых музэйных збораў твор быў напісаны акурат жанчынаю — Ганнай Разінай Лішэўскай, з Дрэздэнскай акадэміі мастацтваў.

Гэтая кабета пражыла доўгае жыцьцё і пакінула нам нямала цудоўных твораў. Ганна Разіна працягнула справу свайго бацькі-мастака, пераехала ў Дрэздэн, дзе яе нават прынялі ў члены Акадэміі мастацтваў.

Гэты партрэт князя, вялікага гетмана Агінскага, буйнога дзяржаўнага дзеяча і мэцэната, будаўніка славутага канала, стваральніка тэатраў, арганізатара мануфактурных цэнтраў, вельмі характэрны для нас. Мастачка дазваляе сабе весьці зь ім дыялёг, надаваць сваёй мадэлі вельмі тонкія асабістыя характарыстыкі, нават іронію. Відавочна, Лішэўская сымпатызуе маладому тады, бліскуча адукаванаму і таленавітаму чалавеку. Яна выявіла яго імпэтным, рашучым і вельмі натхнёным сваімі вялікімі плянамі. Бачна, што гэты твор належыць пэндзьлю насамрэч вольнай асобы, якая дае волю асабістым пачуцьцям.

То бок пры канцы існаваньня Рэчы Паспалітай надыходзіла ўжо зусім новая эпоха, у якой таленавіты мастак ужо мог стаць на адну прыступку з тымі, каму належала ўлада. Прынамсі, на ўзроўні асабістага выбару стасункаў. Зьявіўся выбар. Але ня стала Рэчы Паспалітай...

Ганна Разіна Лішэўская. Партрэт Міхала Казіміра Агінскага. 1755 г. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь

Ганна Разіна Лішэўская. Партрэт Міхала Казіміра Агінскага. 1755 г. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што разьняволеньне мастакоў супала з канцом Рэчы Паспалітай? І як пазьней складаліся іхныя лёсы?

Харэўскі: Лёсы складаліся па-рознаму, але ўсё ж мастакі па-ранейшаму шукалі падтрымкі ва ўладаў. У нашым выпадку — у новых уладаў, у расейскіх цароў.

У гэтым сэнсе паказальны прыклад выбітнага майстра пэйзажу Юзафа Пешкі. Гэты мастак, пасьля таго як Кракаў трапіў пад аўстрыйскую ўладу, у 1793 годзе, напярэдадні паўстаньня Касьцюшкі, раптам паехаў у Беларусь, якая апынулася пад Расейскай імпэрыяй. Ён жыў у Горадні, у Вільні, там маляваў шмат партрэтаў мясцовай магнатэрыі і сьвятароў.

Гэткі ж шлях абраў і Францішак Смуглевіч. Ён з Варшавы, якая на той час апынулася пад Прусіяй, перабраўся таксама ў Вільню, дзе стаў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. А тут зьнянацку ў 1797 годзе ў наш край прыехаў цар Павел Першы з сынамі. Пагасьцяваўшы ў Менску і Вільні, ён запрасіў Пешку і Смуглевіча ў Пецярбург, каб яны аздаблялі ягоны Міхайлаўскі замак, дзе яго ўрэшце і забілі ў 1801 годзе.

Фартуна перамянілася, і Юзаф Пешка вымушаны быў вяртацца ў Беларусь, дзе затрымаўся яшчэ на некалькі гадоў, жывучы пры дварах нашых уладароў — Радзівілаў, Прушынскіх, Кабылінскіх, Абуховічаў, Хмараў. І тут яго ўрэшце засьпявае вайна 1812 году.

Усе сымпатыі мастака Пешкі былі на баку Напалеона, якому ён прысьвяціў некалькі сваіх твораў. Пагатоў, да вялікага войска рэспубліканскай Францыі далучыўся і патрон-дабрадзей Пешкі, князь Дамінік Радзівіл.

Але параза Напалеона зьвяла на нішто ўсе спадзевы Юзафа Пешкі зрабіць кар’еру пры ўладарах, і ён вяртаецца дахаты ў родны Кракаў, дзе жыў заможна, шмат тварыў і, напэўна ж, быў шчасьлівы. Такая траекторыя — ад ласкі расейскіх цароў да ласкі Напалеона — вельмі характэрная для таго часу ў нашым краі.

Юзаф Пешка. Партрэт Францішка Смуглевіча. 1790–1800

Юзаф Пешка. Партрэт Францішка Смуглевіча. 1790–1800

Працяг гутаркі зь Сяргеем Харэўскім — чытайце на наступным тыдні

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG