Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі Беларусі атрымала зьніжкі на Microsoft Office для ВНУ і школаў


Міністэрства адукацыі Беларусі падпісала з амэрыканскай карпарацыяй Microsoft пагадненьне на праграмы ліцэнзаваньня рашэньняў у адукацыйным сэктары (Enrollment for Education Solutions), перадае БелТА.

Паводле пагадненьня, установы адукацыі і дзяржаўныя органы кіраваньня ўстановамі адукацыі атрымаюць доступ да праграмаў у галінах электроннага дакумэнтазвароту і «Электроннай школы».

Кожны супрацоўнік установы адукацыі зможа ўсталяваць пакет праграмаў Microsoft Office 365 на пяць мабільных і пяць стацыянарных прыладаў, а навучэнцы і іх бацькі змогуць загрузіць адпаведныя праграмы на свае кампутары, пляншэты і смартфоны на любой з падтрыманых апэрацыйных сыстэмаў.

Плаціць Беларусі давядзецца па штогадовай падпісцы, але са зьніжкай 70% для школаў і 45% для ВНУ.

Установам адукацыі будуць рэкамэндаваць выкарыстоўваць праграмныя прадукты Microsoft, але іх выкарыстаньне ня будзе абавязковым.

У праграмаў пакету Office 365 ёсьць багата альтэрнатыў, у тым ліку бясплатных, як OpenOffice, LibreOffice ці Google Apps.

Microsoft афіцыйна супрацоўнічае зь беларускімі спэцслужбамі і дае справаздачы аб супрацы. За 2015 год карпарацыя атрымала зь Беларусі 4 запыты, якія тычыліся 13 акаўнтаў. Ніводзін зь іх ня быў задаволены. У 2013–2014 гадах карпарацыя атрымала зь Беларусі 7 запытаў, задаволіла адзін, і то толькі часткова: выдала зьвесткі пра абанэнта і перадачу ім інфармацыі, але не закрытыя зьвесткі карыстальніка. У 2012 годзе беларускія спэцслужбы зьвярталіся да Microsoft 5 разоў па 35 акаўнтах Skype сумарна. Карпарацыя ня выдала перапіскі, а толькі ідэнтыфікатары карыстальнікаў.

У Беларусі Microsoft пачынае змагацца зь пірацтвам, у 2015 годзе быў першы прысуд за «пірацкую» Windows. Беларусь дэманструе адзін з самых высокіх узроўняў кампутарнага пірацтва ў рэгіёне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG