Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў дэкрэт: за перавозку алькаголю могуць канфіскаваць машыну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 8 лістапада падпісаў дэкрэт № 5 «Аб перамяшчэньні, захоўваньні і продажы фізычнымі асобамі алькагольных напояў».

Дакумэнт адмяняе абмежаваньне на колькасьць замежных алькагольных напояў, якія захоўваюцца для асабістых мэтаў.

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, дэкрэтам «адмяняецца абмежаваньне па дазволенай для захоўваньня ў асабістых мэтах колькасьці алькагольных напояў, вырабленых за межамі Рэспублікі Беларусь, не маркіраваных акцызнымі маркамі РБ або адмысловымі маркамі».

Гранічны аб’ём такіх алькагольных напояў, якія фізычныя асобы маюць права перамяшчаць па тэрыторыі краіны, захоўваецца ранейшы: 5 літраў.

Як адзначае прэс-служба, дэкрэт павінен «комплексна ўдасканаліць мэханізмы процідзеяньня незаконнаму абароту алькаголю».

Парушэньне названага абмежаваньня, паводле дэкрэту, будзе карацца адміністрацыйным штрафам ад 10 да 100 базавых велічынь. Пры гэтым алькагольныя напоі, якія перавышаюць дазволеную да перамяшчэньня колькасьць, могуць быць канфіскаваныя.

За паўторнае цягам году правапарушэньне дадаткова могуць канфіскаваць транспарт, які выкарыстоўваецца для перавозкі алькаголю, незалежна ад таго, каму ён належыць.

Акрамя таго дэкрэтам узмацняецца адказнасьць за продаж фізычнай асобай алькагольных напояў, не маркiраваных ва ўстаноўленым парадку беларускімі акцызнымі маркамі. У тым лiку напояў уласнай вытворчасьцi, пры адсутнасьці прыкмет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Дэкрэт уводзіць магчымасьць канфіскацыі ўсіх такіх алькагольных напояў, якія належаць вінаватаму або якія знаходзіліся ў месцы правапарушэньня.

За паўторнае цягам году такое правапарушэньне прадугледжана павелічэньне штрафу з 20 да 30 базавых велічынь, а таксама абавязковая канфіскацыя названых напояў.

У мінулым годзе было некалькі выпадкаў, калі грамадзянаў судзілі за перавозку і захоўваньне адносна невялікай колькасьці алькаголю. Прычым людзі куплялі тыя напоі дзеля ўласных патрэбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG