Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пойдзе даляр заўтра раніцай?


Асноўнае пра падзеі 8 лістапада з сайту Свабоды.

Добры вечар! Дэмакратыя, усё ж, прымушае людзей пахвалявацца ў час выбараў. Ня толькі ў Амэрыцы. З аўтарытарнымі сыстэмамі ў гэтым сэнсе значна прасьцей, больш стабільна, менш нэрвова. Перамагае заўсёды ён. А яўка – нязьменна высокая.

ДОНАЛЬД ТРАМП ЦІ ГІЛАРЫ КЛІНТАН? Вячаслаў Кебіч перакананы, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Гілары Клінтан. А Станіславу Шушкевічу ўсё роўна, хто стане амэрыканскім прэзыдэнтам. Палітычныя экспэрты, якіх мы папрасілі спрагназаваць вынік амэрыканскіх выбараў, схіляюцца да перамогі Клінтан. Адно Ўладзімер Мацкевіч пазьбягае рабіць адназначныя прагнозы. «Ня думаю, што будзе вялікая розьніца, хто пераможа — Клінтан ці Трамп» – кажа ён. Зайдзіце на наш сайт, каб даведацца, чаму Мацкевіч так мяркуе.

ЗЬБІТАГА ДАШКЕВІЧА АБСЬЛЕДАВАЛІ. Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч зьняў у мэдычнай установе пабоі, якія атрымаў 7 лістапада падчас затрыманьня на адкрыцьці помніка Леніну. Актывіст кажа, што ўсе траўмы атрымаў ад амапаўцаў у аўтобусе. Сакратар БРСМ Сяргей Клішэвіч, пра якога ў некаторых мэдыях паведамілі, што ён зьбіў Дашкевіча, удараў яму не наносіў. «Хутчэй за ўсё, [амапаўцы] напішуць сустрэчную заяву, што гэта не яны, а я іх зьбіваў у аўтобусе» – сказаў нам Дашкевіч.

ПЯТЫ ПАДЫХОД «ГАВАРЫ ПРАЎДУ». Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» можа стаць палітычнай партыяй: гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на ўстаноўчым сходзе 12 лістапада. Пасьля сходу «Гавары праўду» пяты раз паспрабуе афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі. Нагадаем, што ў гэтым сэнсе «Гавары праўду» апярэдзіла Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, якая ўжо шэсьць разоў спрабавала безвынікова рэгістравацца ў згаданым міністэрстве.

САЮЗЫ ПАЛЯКАЎ БЕЛАРУСІ НЯ ХОЧУЦЬ АБ’ЯДНОЎВАЦЦА. Галоўная Рада непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Беларусі абвяргае магчымасьць абʼяднаньня з СПБ пад кіраўніцтвам Мечылава Лысага. Пра магчымасьць закуліснага абʼяднаньня двух саюзаў інфармавала раней польская прэса. Разьяднаньне Саюзу палякаў Беларусі пачалося ў 2005 годзе, калі ўлады анулявалі выбар на старшыню арганізацыі Анжалікі Борыс.

АЛЕКСІЕВІЧ АХВЯРУЕ ГРОШЫ НА ЛЯЧЭНЬНЕ МАРАКОВА. Сьвятлана Алексіевіч ахвяравала на лячэньне Леаніда Маракова 1 тысячу даляраў. Пісьменьніка і дасьледніка сталінскіх рэпрэсіяў Леаніда Маракова пераводзяць з госьпісу ў Дом міласэрнасьці. Лекары дыягнаставалі ў яго пухліну галаўнога мозгу, якая разьвілася пасьля цяжкага інсульту.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG