Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» плянуе падаць заяўку на рэгістрацыю. Пяты раз


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» можа стаць палітычнай партыяй: гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца сярод іншых на ўстаноўчым сходзе 12 лістапада.

Пасьля сходу «Гавары праўду» пяты раз паспрабуе афіцыйна зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі. Лідэр арганізацыі Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што чарговая падача заявы — не традыцыя і не спадзяваньне на цуд:

«Мы ня робім у гэтай краіне нічога незаконнага і лічым, што, безумоўна, мы павінны мець рэгістрацыю і магчымасьць для дзеяньня і працы з грамадзтвам. Мы робім тое, што трэба ад нас, а ўжо ўлада прымае свае палітычныя рашэньні».

Навошта ж трансфармавацца ў палітычную партыю? Новых палітычных партыяў у Беларусі не рэгістравалі з 2000 году, «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» падавала заявы на рэгістрацыю партыяй 6 разоў.

«З гэтага пункту гледжаньня розьніца невялікая. Але калі разумець, што могуць часы зьмяніцца і што будуць рэгістраваць партыі, то мець партыю — гэта азначае вылучаць кандыдатаў, больш актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, — кажа Дзьмітрыеў. — Але гэта ўнутранае пытаньне, дыскусія. Ня ўсе ў „Гавары праўду“ сёньня хочуць станавіцца партыяй і бачаць у гэтым патрэбу».

Дзьмітрыеў дадае: часткова сябры «Гавары праўду» ня бачаць патрэбы ў ператварэньні ў партыю праз тую працэдуру рэгістрацыі, але часткова — таму, што само слова «партыя» сёньня «дыскрэдытаванае». Прасьцей працаваць зь людзьмі ад імя грамадзкага руху.

Калі ж «Гавары праўду» стане партыяй, некаторым сябрам кампаніі, якія бяруць удзел у іншых партыях, давядзецца абіраць, з кім заставацца. Але такіх, кажа Дзьмітрыеў, няшмат: зь цяперашніх 700 удзельнікаў кампаніі 90% не зьвязаныя зь іншымі палітычнымі структурамі, а хто зьвязаны — аддаў перавагу «Гавары праўду»:

«Апошнія два гады мы паступова і мэтанакіравана ішлі ў бок таго, каб актывісты „Гавары праўду“ не былі ўдзельнікамі іншых партыяў. Збольшага дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў прэзыдэнцкай і парлямэнцкай кампаніях мы маем шмат людзей, не зьвязаных зь іншымі палітычнымі структурамі».

На сходзе 12 лістапада таксама будзе абмяркоўвацца стратэгія «Гавары праўду» да 2020 году. Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году кампанія заяўляла, што мае ў плянах і прэзыдэнцкую кампанію-2020. Удзел у парлямэнцкіх выбарах-2016 таксама быў крокам да 2020 году, кажа Дзьмітрыеў:

«Мы прымаем 2020 год як вельмі важны, бо ў ім супадуць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Як арганізацыя мы глядзім і далей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG