Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турыстаў пусьцяць у Косаўскі палац у 2017 годзе


Палац Пуслоўскіх каля Косава

Палац Пуслоўскіх каля Косава

Ад 2017 году плянуецца вадзіць турыстаў у адрэстаўраваныя памяшканьні палацу Пуслоўскіх, што ў Косаве Івацэвіцкага раёну, абяцае БелТА намесьнік упраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Вячаслаў Гарбузаў.

Пакуль пускаць будуць у чатыры залі, рэстаўратары цяпер займаюцца іх аздабленьнем. Плянуецца выставіць экспанаты, што патрабуюць асаблівых умоваў захаваньня, фатаздымкі, эскізы відаў палаца. Экскурсіі маюць быць аб’яднаныя з наведваньнем музэю-сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі, што стаіць ля палаца і ўжо даўно адкрыты для турыстаў.

Як аднаўляюць Косаўскі палац

Рэканструкцыя палаца пачалася ў 2006 годзе, ішла зь перабоямі, бо грошай не хапала. Меркавалася, што фасад адновяць у тым выглядзе, які быў пры Пуслоўскіх. Аднак ня ўсё будзе аўтэнтычным. Дах, напрыклад, пакрылі чырвонай мэталічнай дахоўкай. Крытыкавалася і ўсталяваньне «негістарычных» вокнаў.

Косаўскі палац (былая рэзыдэнцыя графаў Пуслоўскіх) быў узьведзены ў першай палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту архітэктара Францішка Яшчэлды за паўтара кілямэтра ад Косава. Гэта помнік архітэктуры нэаготыкі з элемэнтамі клясыцызму. Паводле найбольш распаўсюджанай сярод гісторыкаў вэрсіі, палац разбурылі ў 1944 годзе партызаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG