Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан перамагла ў мястэчку Дыксвіл-Нотч у Нью-Гэмпшыры


Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан перамагла па выніках галасаваньня ў маленькім мястэчку Дыксвіл-Нотч у штаце Нью-Гэмпшыр. Гэтае галасаваньне адкрыла прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Паводле традыцыі, якая пачалася ў 1960 годзе, у Дыксвіл-Нотч выбаршчыкі маюць права прагаласаваць прыкладна апоўначы, за некалькі гадзін да адкрыцьця іншых выбарчых участкаў.

На ўчастку былі зарэгістраваныя сем чалавек, аднак у апошнія хвіліны перад галасаваньнем да іх далучыўся яшчэ адзін.

Чатыры чалавекі прагаласавалі за Клінтан, два — за рэспубліканца Дональда Трампа, адзін выбаршчык — за прадстаўніка Лібэртарыянскай партыі, былога губэрнатара штату Нью-Мэксыка Гэры Джонсана. Акрамя таго, адзін чалавек аддаў свой голас рэспубліканцу Міту Ромні, які ня ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі. Амэрыканскія законы дазваляюць грамадзянам галасаваць і за тых палітыкаў, якія не прэтэндуюць на пост прэзыдэнта ЗША.

Клінтан атрымала перамогу ў яшчэ адным гарадку ў Нью-Гэмпшыры, дзе галасавалі апоўначы. А ў трэцім мястэчку перамогу атрымаў Трамп.

Агулам у выніку паўночнага галасаваньня Трамп атрымаў 32 галасы, Клінтан — 25. Пра гэта паведамляе USA Today.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG