Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму і навошта патрэбная «выспа лібэралізму» у Беларусі


Кастрычніцкі эфканамічны форум
Кастрычніцкі эфканамічны форум

Кастрычніцкі эканамічны форум — «пацёмкінская вёска» для Захаду ці сыгнал аб старце рэформаў?

Кастрычніцкі эканамічны форум — «пацёмкінская вёска» для Захаду ці сыгнал аб старце рэформаў?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Каму быў патрэбны Кастрычніцкі эканамічны форум, своеасаблівы збор самых значных недзяржаўных і ўладных эканамістаў краіны? На форуме прысутнічалі замежныя эканамісты, якія дасягнулі посьпеху ў рэформах у сваіх краінах, паслы ЗША і Эўразьвязу, а таксама шэраг чыноўнікаў немалога рангу: намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў, намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Збароўскі, намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны, пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.


Найбольшую ўвагу публікі прыцягнуў выступ Рудага, але ня менш цікавыя іншыя асаблівасьці форуму. Варта адзначыць, што мерапрыемства праводзілася ў Дыпсэрвіс холе, які належыць кіраўніцтву справамі адміністрацыі прэзыдэнта.

Гэта, у спалучэньні з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў, сьведчыць пра тое, што мерапрыемства атрымала блаславеньне вышэйшай улады. А вось чаму?

Леташні форум і леташні выступ на ім Рудага, тады памочніка прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях, выклікалі спадзяваньне, што за словамі будуць дзеяньні. Сёлета энтузіязму паменела. Але пытаньне застаецца: калі форум не азначае сыгнал старту рэформаў, то што азначае?

Леташні форум і леташні выступ на ім Рудага, тады памочніка прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях, выклікалі спадзяваньне, што за словамі будуць дзеяньні. Сёлета энтузіязму паменела.

Нешта важнае, бо ўмовы яго правядзеньне блытаюць дзяржаўны апарат: прэзыдэнт гаворыць, што рэформаў ня трэба, незалежныя эканамісты разам з чыноўнікамі, якія сабраліся ў Дыпсэрвіс холе — што трэба. Дык хто хітруе, якая ж устаноўка?

Ёсьць некалькі вэрсіяў. Першая, самая пажаданая і наіўная — усё ж сыгнал пра старт рэформаў. Прыперла нарэшце, стан эканомікі, стасункі з Расеяй, пажаданьні Захаду.

Аднак вэрсія надта добрая, каб быць адзінай праўдзівай.

Іншае тлумачэньне — «пацёмкінская вёска» для замежнікаў. Пра тое ўскосна сьведчыць і месца правядзеньне — Дыпсэрвіс хол, і адсутнасьць на форуме антырэфарматарскіх выступоўцаў. Прыгожая карцінка для замежнікаў. Пахваліцца рэформамі не выпадае, ну дык можна пахваліцца наяўнасьцю рэфарматараў, і ня толькі ў грамадзянскай супольнасьці, але й ва ўладзе. Праўда, не зусім зразумела, на які плён у дадзеным выпадку разьлік. Калі не арыштоўваюць удзельнікаў масавых акцыяў — ну, дык гэта фармальна выкананьне свабоды сходаў і свабоды выказваньня. А сход лібэральных эканамістаў і чыноўнікаў — гэта што? Ну, напэўна заходнікі парадуюцца, што ў Беларусі і ў беларускай уладзе ў тым ліку ёсьць людзі, якія выступаюць за рэфармаваньне эканомікі. І што далей? За гэта даваць грошы?

Ні для каго не сакрэт, хто ў Беларусі прымае рашэньне наконт рэформаў і іх адсутнасьці. Пра гэта гаварылася і на форуме, пра гэта гаворыць і МВФ. Ды правядзі хоць 10 такіх форумаў — пра рэформы гэта аніяк ня сьведчыць.

Яшчэ адна вэрсія — своеасаблівы тэст. Ну, а калі вярхоўная ўлада ўсё ж, скрыгочучы зубамі, наважыцца на рэформы, то з кім іх рабіць? Што гэта за публіка, наколькі яна разумее балючыя дылемы рэформаў, ведае кантравэрсійны досьвед рэформаў у розных краінах? Гэта ў нейкім 90-м годзе можна было казаць і пісаць: завядзем капіталізм і будзе Беларусі шчасьце. Зараз хацелася б больш глыбокага асэнсаваньня. І ня толькі ўладзе, дарэчы, але і грамадзтву таксама.

Ну, і нарэшце — апошняя вэрсія: выспачка лібэралізму. Апынуліся ў палаце прадстаўнікоў Канапацкая і Анісім — вось выспачка палітычнага лібэралізму. Ёсьць жа апазыцыя ў парлямэнце цяпер. Гэтак жа і з эканамічным лібэралізмам. Вось выспачка ёсьць, ёсьць такое ў беларускіх грамадзтве. Хай пагавораць. І ня больш за тое.

А якая з гэтых, ці нейкіх іншых вэрсіяў, падаецца найбольш праўдападобнай вам, калегі?

Карбалевіч: Сёлетні Кастрычнiцкi эканамічны форум — чацьвёрты. Два першыя прайшлі мала заўважна для шырокай грамадзкасьці. Мінулагодні трэці форум стаў гучным менавіта з-за выступу тагачаснага памочніка прэзыдэнта Кірыла Рудага. Уласна і сёлетні форум прыцягнуў увагу зноў жа выступам Рудага. Усе астатнія афіцыйныя прадстаўнікі нічога цікавага ці новага не сказалі.

Дарэчы, самым высокім па пасадзе чыноўнікам на форуме быў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў. Урадоўцы былі прадстаўленыя намесьнікамі міністраў. Ніводнага міністра не было. Як і кіраўніка Нацбанку ці кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта таксама паказальна.

У прынцыпе, і раней у Менску ўлады не забаранялі канфэрэнцыі на эканамічныя тэмы, якія ладзіліся недзяржаўнымі арганізацыямі. Бо ня бачылі ў іх асаблівай небясьпекі. Іншая справа, што не прадстаўлялі такую залю.

Ці дадуць крэдыты за імітацыю? Ня выключана, што могуць і даць. Вось у адказ за касмэтычную лібэралізацыю ў грамадзка-палітычным жыцьці пачаўся працэс нармалізацыі адносінаў з Захадам. Глядзіш, можа і выдзяляць крэдыты па геапалітычных прычынах.

Усё гэта называецца адным словам: імітацыя, ці, як вы, Юры, кажаце, «пацёмкінская вёска». Увагу ўладаў да гэтага мерапрыемства можна патлумачыць тым дыялёгам, які ідзе з МВФ і іншымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі аб выдзяленьні крэдытаў Беларусі.
На форуме прысутнічалі паслы заходніх краінаў, рэгіянальны прадстаўнік МВФ па нашым рэгіёне Бас Бакер, кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім. І было б дзіўна, калі б прадстаўнікі ўлады, якая вядзе перамовы з гэтымі структурамі аб крэдыце, не прыйшлі на гэтую тусоўку. Гэта знак дыпляматычнага палітэсу. Маўляў, МВФ патрабуе рэформаў, дык мы і не зусім супраць. Разыходжаньні толькі ў іх тэмпах і глыбіні.

І па іншых спрэчных пытаньнях з Захадам ідзе дыялёг. Вы патрабуеце шанаваць правы чалавека — урад зацьвердзіў адмысловы Нацыянальны плян па правах чалавека аж да 2019 году. Вы патрабуеце зьменаў у Выбарчым заканадаўстве — дык мы гатовыя да дыялёгу, нешта можам і памяняць. Вы патрабуеце адмены сьмяротнага пакараньня — дык мы правядзем яшчэ адзін сэмінар на гэтую тэму з удзелам прадстаўнікоў Рады Эўропы. Так і тут: вы патрабуеце эканамічных рэформаў — вось вам Кастрычніцкі форум. Чаму не пагаварыць?

Ці дадуць крэдыты за імітацыю? Ня выключана, што могуць і даць. Вось у адказ за касмэтычную лібэралізацыю ў грамадзка-палітычным жыцьці пачаўся працэс нармалізацыі адносінаў з Захадам. Глядзіш, можа і выдзяляць крэдыты па геапалітычных прычынах.

Цыганкоў: Тэму «ці магчымыя ў Беларусі рэформы» мы абмяркоўвалі ўжо даволі часта ў нашых аналітычных перадачах цягам апошняга году. І ў пэўны час, Юры, як мне здаецца, вы былі настроены ня так скептычна, як зараз, маючы на ўвазе, што пэўныя перамены ў Беларусі ўсё ж ідуць. Зараз вы ацэньваеце гэты форум як «пацёмкінскую вёску», і я схільны падтрымаць менавіта такую ацэнку.

Самую неабходнасьць рэформаў ніхто ня ставіць пад сумнеў. І я таксама нават у гэтым схільны бачыць пэўны пазытыў. Бо ўсё пачынаецца са зьмены рыторыкі.

У любым выпадку — нічога кепскага ад такіх форумаў уладзе ня будзе. Улада як бы паказвае Захаду: бачыце, якія рэфарматары ў нас ёсьць, гатовыя да дзеяньняў, якія эканамічныя лібэралы сядзяць у нас ва ўладзе. Адзін з удзельнікаў Форуму, Андрэй Дзьмітрыеў, у нашай перадачы «Экспэртыза Свабоды» даволі пазытыўна ацэньваў тое, што адбывалася на Форуме, маўляў, у папярэднія гады ўдзельнікі дыскутавалі на тэму, ці патрэбныя рэформы, а цяпер наконт гэтага ўжо поўная згода, і цяпер усе абмяркоўваюць тое, якія рэформы трэба рабіць, як іх рабіць. Самую неабходнасьць рэформаў ніхто ня ставіць пад сумнеў. І я таксама нават у гэтым схільны бачыць пэўны пазытыў. Бо ўсё пачынаецца са зьмены рыторыкі. Часам гэта нічым і не заканчваецца ці заканчваецца трагічна, як, напрыклад, скончылася лібэралізацыя 2008-2010 году.

Чым скончыцца гэтая асьцярожная эканамічная лібэралізацыя, якая ідзе цяпер — мы пакуль ня можам ведаць. Аднак калі раптам абставіны складуцца так, што Лукашэнка сапраўды пажадае рабіць рэальныя эканамічныя перамены, калі жыцьцё прымусіць рабіць гэта — то рыторыка, маральная і псыхалягічная глеба для гэтага ўжо падрыхтаваная.

Калі Лукашэнка дапускае, што ў яго пад бокам ягоныя ж чыноўнікі гаворыць пра рэформы — то пры пэўных абставінах можна дапусьціць ужо і ня толькі размовы. Так што «на ўсялякі выпадак» такія форумы трэба дазваляць — раптам калі-небудзь давядзецца гэтыя размовы ўвасабляць у рэальнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG