Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіша:

8 лістапада амэрыканцы абіраюць 45-га прэзыдэнта ЗША. Прэзыдэнт абіраецца не наўпроставым галасаваньнем, а праз структуру, вядомую як калегія электараў, дзе кожны штат мае прадстаўніцтва прыблізна ў адпаведнасьці са сваім насельніцтвам. Для перамогі кандыдату трэба набраць, як мінімум, 270 галасоў электараў, агульная колькасьць якіх — 538. Кандыдатка от кіраўнічай Дэмакратычнай партыі — Гілары Клінтан. Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі — Доналд Трамп. Вынікі выбараў маюць быць вядомыя раніцай 9 лістапада паводле менскага часу.

Менск — «Барадулінскі сьпеўны сход». Кавярня «Грай», вул. Інтэрнацыянальная, 33. Пачатак а 19-ай.

Менск — Дыскусія «Як ажывіць Менск: Кастрычніцкая vs Зыбіцкая». Бізнэс-клюб «Imaguru» (Фабрыцыуса, 4). Пачатак а 19-ай.

У гісторыі:

1620 — у часе трыццацігадовай вайны адбылася бітва на Белай Гары, якая на некалькі стагодзьдзяў пазбавіла Чэхію незалежнасьці.

1895 — Вільгельм Рэнтген вынайшаў від радыяцыі, названы пазьней рэнтгенаўскімі або X-промнямі.

1923 — «Піўны путч» у Мюнхэне, спроба захопу ўлады нацыстамі ў Вэймарскай Нямеччыне.

1929 — адкрыцьцё Менскага заводу мэдычных прэпаратаў.

1939 — у Менску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя.

1956 — адкрыцьцё музэя абароны Берасьцейскай крэпасьці.

У гэты дзень нарадзіліся:

1050 — Сьвятаполк Ізяслававіч, Князь полацкі, тураўскі, Вялікі князь кіеўскі.

1784 — Тэадор Нарбут, гісторык, археоляг, вайсковы інжынэр. Як гісторык Нарбут вядомы сваёй дзевяцітамовай «Гісторыяй літоўскага народу».

1785 — Міхал Баброўскі, беларускі славіст, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, уніяцкі сьвятар.

1847 — ангельскі пісьменьнік Брэм Стокер, які праславіўся сваім раманам «Дракула».

1858 — Тадэвуш Урублеўскі, беларускі адвакат і грамадзкі дзеяч.

1883 — Вацлаў Ластоўскі, беларускі навуковец, выдавец, пісьменьнік, публіцыст і палітычны дзяяч, прэм’ер-міністар БНР.

1902 — кампазытар Нестар Сакалоўскі, аўтар музыкі гімну БССР, а цяпер Рэспублікі Беларусь. Яшчэ зь ягонага даробку — вядомая песьня пра Нёман.

1941 — Міхась Гурын, беларускі археоляг і гісторык.

У гэты дзень памерлі:

1953 — Іван Бунін, расейскі пісьменьнік і паэт.

1964 — Валянцін Волкаў, народны мастак Беларусі.

2010 — Міхась Савіцкі, беларускі мастак.

Цытата на памяць:

«Чалавека робяць шчасьлівым тры рэчы: каханьне, цікавая праца і магчымасьць падарожнічаць».

Іван Бунін

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG