Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь адзначае гадавіну камуністычнай рэвалюцыі ў Расейскай імпэрыі, а Расея — не?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі сьвяткуецца як дзяржаўнае сьвята, выходны дзень.

Варта зазначыць, што гэта ў пэўным сэнсе супярэчыць афіцыйнаму ідэалягічнаму канцэпту. Антырэвалюцыйнасьць даўно стала яго галоўным элемэнтам. Да сучасных рэвалюцыяў беларуская ўлада ставіцца скрайне нэгатыўна. «Каляровыя рэвалюцыі», Майдан, у дзяржаўных мэдыяў выклікаюць толькі лаянку.

Дзяржаўныя СМІ асуджаюць рэвалюцыі паўсюдна: у Сэрбіі, Украіне, Грузіі, Кыргызстане, арабскіх краінах.

Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была — рэч сакральная. А рэвалюцыі — гэта гвалт, хаос. Па БТ увесь час ідуць фільмы, перадачы, якія паказваюць, да якіх нэгатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. Лукашэнка нават папікаў АДКБ за тое, што яна не бароніць кіроўных уладароў ад народнага пратэсту.

І тым ня менш, дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі сьвяткуецца, Лукашэнка накіроўвае віншаваньні беларускаму народу. Для таго, каб адказаць на пытаньне, навошта гэта робіцца, трэба ўзгадаць палітычны кантэкст, калі ўзьнікла гэтае сьвята.

Беларуская сацыяльная мадэль у пэўным сэнсе зьяўляецца спадкаемцай савецкай сыстэмы. Таму існуе ідэйная і палітычная повязь з Кастрычнікам.

Адразу пасьля краху СССР і камуністычнага рэжыму гэтае сьвята было адмененае. Лукашэнка ізноў абвясьціў гэты дзень сьвятам у 1995 годзе, разам з правядзеньнем рэфэрэндуму пра сымболіку і мову. Гэта быў пік настальгіі па СССР. Адначасова быў абвешчаны курс на інтэграцыю з Расеяй, якую шмат хто лічыў крокам па рэанімацыі Савецкага Саюзу. Гэта быў курс на сацыяльны, палітычны і гістарычны рэванш. На гэтай хвалі апэляцыя да Кастрычніцкай рэвалюцыі давала кіраўніку Беларусі дадатковыя палітычныя дывідэнды.

Але гэта хутка прайшло. Чым далей, тым больш настальгія па СССР зьмяншалася. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі грамадзтва пачало ставіцца індыфэрэнтна. Палітычных дывідэндаў гэта не дадавала. У выніку шмат гадоў улады фактычна ніяк не сьвяткавалі дзень 7 лістапада на дзяржаўным узроўні. Толькі чальцы камуністычнай партыі ўскладалі вянкі і кветкі да помніка Леніну. Часам мясцовае кіраўніцтва да помніку Леніну зганяла моладзь і дзяцей па разнарадцы. Але адмовіцца ад таго сьвята, якое сам устанавіў, Лукашэнку цяжка.

Але ёсьць і яшчэ адзін чыньнік. Справа ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль у пэўным сэнсе зьяўляецца спадкаемцай савецкай сыстэмы. Таму існуе ідэйная і палітычная повязь з Кастрычнікам. Таму Лукашэнка час ад часу выказвае сымпатыі да тых ідэяў, заяўляе, што «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», пераймяноўвае станцыю мэтро «Плошча Незалежнасьці» у «плошчу Леніна», што стварае вельмі дзіўнага кентаўра: плошчы Леніна няма, а мэтро з назвай «Плошча Леніна» — ёсьць.

Тэрор і масавыя забойствы былі наўпроставымі наступствамі тых ідэй, якія, як аказваецца, сёньня прымальныя для Лукашэнкі.

Сам Лукашэнка 6 лістапада 2012 году, падчас адкрыцьця новых станцыяў мэтро ў размове з журналістамі сказаў пра гэтае сьвята: «Мне прымальныя ўсе ідэі, зь якімі рэвалюцыянэры ішлі да народу. Тады яны ішлі з добрымі ідэямі: зямля — сялянам, фабрыкі — рабочым, навядзеньне парадку, выратаваньне краіны і г.д. Ніводнага дрэннага лёзунгу не было. І пад гэтымі лёзунгамі рэвалюцыя перамагла... Гэтыя нэгатыўныя працэсы, калі забівалі людзей і наогул адышлі ад ідэй, дэкляраваных напярэдадні рэвалюцыі, — гэта было няправільна, але гэта было потым, і мы гэта асуджаем. Але нельга ў сувязі з гэтым ганіць тое, што было ў 1917 годзе, і наогул пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, зь якімі Ленін і яго каманда ішлі на гэтую рэвалюцыю».

Неяк дзіўна адрываць ідэі і лёзунгі рэвалюцыі ад грамадзянскай вайны і тэрору, якія зьявіліся пасьля. Бо яны былі непасрэдным вынікам рэвалюцыі. Тэрор і масавыя забойствы былі наўпроставымі наступствамі тых ідэй, якія, як аказваецца, сёньня прымальныя для Лукашэнкі.

Цыганкоў: Беларусь — краіна ідэалягічных парадоксаў. Антырэвалюцыйная ўлада, мантрай якой зьяўляецца стабільнасьць і парадак, адзначае гадавіну рэвалюцыі.

Але парадаксальным чынам сьвяткаваньне гадавіны рэвалюцыі для цяперашняй беларускай улады якраз азначае захаваньне стабільнасьці і старых каштоўнасьцяў. Менавіта на ідэі захаваньня стабільнасьці савецкіх каштоўнасьцяў Аляксандар Лукашэнка і прыйшоў да ўлады. І, паводле інэрцыі, ня так зацята, як раней, але ўлада застаецца прыхільнай да левых, сацыялістычных і савецкіх каштоўнасьцяў.

Лукашэнка пакуль не зьбіраецца адмаўляцца ад гэтага сьвята, хаця і разумее, што тэма даўно «астыла» і не выклікае захапленьня ў грамадзянаў. Магчыма, пэўнае ажыўленьне чакае нас у 2017 годзе, калі будзе сьвяткавацца стагодзьдзе Кастрычніцкага перавароту.
Напэўна, левыя палітычныя сілы будуць праводзіць пэўныя мерапрыемствы — але рэакцыя дзяржавы, я думаю, будзе дастаткова млявай і абыякавай.

Калі грамадзтва зьменіцца — магчыма, будзе адбываецца і больш рашучая «дэленінізацыя». Але пакуль грамадзтва дастаткова абыякавае да гэтай тэмы, вялікага антыкамунізму ў большасьці беларусаў няма.

На нашым сайце ёсьць добры рэпартаж пра лёс помнікаў Леніну ў розных беларускіх гарадах, колькасьць якіх за апошнія гады зьменшылася прыблізна на траціну. Ва ўладаў такое «апалітычнае» стаўленьне да помнікаў: мы іх не здымаем, не руйнуем, але калі іх час сыходзіць, новых ня ставім. Здаецца, прыблізна так выглядае і стаўленьне да 7 лістапада.

Калі грамадзтва зьменіцца — магчыма, будзе адбываецца і больш рашучая «дэленінізацыя». Але пакуль грамадзтва дастаткова абыякавае да гэтай тэмы, вялікага антыкамунізму ў большасьці беларусаў няма. Грамадзтва ў сваёй большасьці не патрабуе актыўнай дэкамунізацыі, дзяржаўнасьць сьвята 7 лістапада не выклікае масавых пярэчаньняў — акрамя як у нацыянальна-дэмакратычнай часткі грамадзтва.

Дракахруст: У 90-я гады і напачатку нулявых ушанаваньне Кастрычніцкай рэвалюцыі, апроч ідэалягічных і палітычных функцыяў, выконвала для беларускай улады і функцыю ўтварэньня нацыі. Наўпрост ніколі не гаварылася, але ўскосна даводзілася, што Беларусь не Расея таму, што беларусы захавалі вернасьць свайму камуністычнаму мінуламу. Расея, маўляў, гэтай спадчыне здрадзіла, запэцкалася, разьвяла ў сябе алігархаў, якія ўсё пакралі, а Беларусь засталася чыстая і верная.

Менавіта таму, паводле гэтага бачаньня, Беларусь і мусіла захоўваць свой сувэрэнітэт і не абʼядноўвацца з Расеяй. Формулу Лукашэнкі «Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу», агучаную ў 2006 годзе, нельга ўявіць сабе ня толькі ў вуснах Ельцына, але і Пуціна, і больш рэпрэсіўных, чым Лукашэнка, дэспатаў кшталту Карымава ці Ніязава. Дарэчы, у Ташкенце ў цэнтры гораду ёсьць музэй памяці ахвяраў камуністычнага тэрору. Пуціну і Карымаву для кіраваньня камуністычныя правадыры не былі патрэбныя, а Лукашэнку — патрэбныя.

Цяперашняму наступу «рускага сьвету», ідэі культурна-этнічнага адзінства, у Беларусі таксама супрацьпастаўляецца савецкая ідэя.

Цяперашняму наступу «рускага сьвету», ідэі культурна-этнічнага адзінства, у Беларусі таксама супрацьпастаўляецца савецкая ідэя.

Але, гледзячы па ўсім, гэта сапраўды сыходзячая натура. І цяперашнія спробы ўлады заігрываць і з вышыванкамі, і з беларускай мовай — гэта пошук таго, што ў сэнсе нацыянальнай мабілізацыі працуе лепш, чым савецкі наратыў.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG