Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанскага алігарха асудзілі на 21 год за спробу дзяржаўнага перавароту


Спэцыялізаваны міжраённы ваенны суд па крымінальных справах у Астане прысудзіў бізнэсоўца Тахтара Туляшова да 21 года пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Ён абвінавачваўся па 16 артыкулах КК, але галоўнай была спроба гвалтоўнага захопу ўлады ў Казахстане.

Справа Туляшова разглядалася ў закрытым рэжыме з-за зьвестак, якія адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў.

Усяго перад судом па гэтай справе паўсталі 24 чалавекі. Сярод фігурантаў гэтай справы — сын прадпрымальніка Тулеген Туляшоў, яго прысудзілі да пяці гадоў умоўна, вызваліўшы з-пад варты ў зале суда.

Прысудам суда былы намесьнік генэральнага пракурора Ільяс Бахтыбаеў прысуджаны да сямі гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі асуджаныя некалькі іншых чыноўнікаў.

Туляшоў — адзін з галоўных казахстанскіх алігархаў, дырэктар ТАА «Шымкентпіва». Ён быў затрыманы ў канцы студзеня 2016 года, а ў пачатку лютага арыштаваны за зьдзяйсьненьне, як было заяўлена, шэрагу цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку за падрыхтоўку да захопу ўлады ў Казахстане. Таксама яму ставілі ў віну фінансаваньне транснацыянальнай злачыннай супольнасьці і стварэньне і кіраўніцтва ўстойлівай узброенай злачыннай групай (бандай), якая зьдзейсьніла, паводле сьледзтва, забойства, замах на забойства, выкраданьне і незаконнае пазбаўленьне волі, катаваньне, разбой, наўмыснае зьнішчэньне чужой маёмасьці. Спэцслужбы сьцьвярджаюць, што ў склад злачыннай групоўкі Туляшова ўваходзіла каля сотні байцоў.

Сьледзтва сьцьвярджае, што Туляшоў і шэраг яго саўдзельнікаў «ажыцьцяўлялі падрыхтоўку да гвалтоўнага захопу ўлады, у тым ліку шляхам арганізацыі на тэрыторыі Казахстана ачагоў сацыяльнай напружанасьці, масавых беспарадкаў і акцый пратэсту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG