Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільдар Дадзін на сустрэчы з праваабаронцамі пацьвердзіў, што яго зьбівалі ў калёніі


Адзін з плякатаў, зь якімі Ільдар Дадзін выходзіў на адзіночныя пікеты.

Адзін з плякатаў, зь якімі Ільдар Дадзін выходзіў на адзіночныя пікеты.

Для таго, каб высьветліць ўмовы ўтрыманьня ў калёніі і наяўнасьць парушэньняў, паводле слоў, праваабаронцаў, «ім трэба карціну бачыць цалкам». Члены РПЧ паспрабуюць патрапіць у тыя памяшканьні, пра якія ідзе гаворка ў скаргах — нібыта ў калёніі ёсьць калідоры, дзе няма відэаназіраньня, а ў ШІЗА ёсьць «ледзяныя», гэта значыць практычна не ацяпляльныя камэры, паведамляе карэспандэнт РС, які знаходзіцца каля калёніі.

Праваабаронцы адзначаюць, што пакуль іх патрабаваньні ў калёніі выконваюцца, але зьдзіўляюцца з нагоды некаторых нюансаў. У прыватнасьці, ім забаранілі выкарыстоўваць дыктафон на сустрэчы з Дадзінам, а фота- і відэафіксацыю будзе праводзіць толькі супрацоўнік калёніі.

Паводле словаў сябра камісіі РПЧ Паўла Чыкава, Дадзін пасьля першай двухгадзіннай гутаркі пацьвердзіў праваабаронцам факты пра зьбіцьцё ў калёніі, пра якія ён напісаў у сваім лісьце.

Камісія працягне працу і 8 лістапада. Праваабаронцы маюць намер праглядзець запісы камэр назіраньня, якія маглі захаваць зьдзекі са зьняволеных.

Адміністрацыя калёніі абяцала прадставіць камісіі запісы з камэр відэаназіраньня. «Нам абяцалі сёньня ці заўтра прадэманстраваць відэазапісы. Заўтра ўвечары я вам ужо змагу сказаць, атрымалі мы да іх доступ або не. Пакуль нам ніхто не сказаў, што іх няма, але нам пакуль іх яшчэ і не далі», — паведаміў Павел Чыкаў.

1 лістапада СМІ апублікавалі ліст актывіста Ільдара Дадзіна жонцы Анастасіі Зотавай, у якім ён паведаміў ўсе падрабязнасьці аб катаваньнях у сегежскай калёніі ВК-7, арганізаваных супрацоўнікамі ўстановы, і ў якіх асабіста прымаў удзел начальнік калёніі Сяргей Косіеў.

У прыватнасьці, Дадзін напісаў: «11 верасьня 2016 году да мяне прыйшоў начальнік калёніі Косіеў з трыма супрацоўнікамі. Яны разам пачалі мяне зьбіваць. Усяго зьбівалі за гэты дзень чатыры разы, па 10-12 чалавек адначасова, білі нагамі. Пасьля трэцяга зьбіцьця апусьцілі галаву... ва ўнітаз прама ў камэры ШІЗА».

Лекары, дапушчаныя да Дадзіна са згоды ФСВП, сьцьвярджаюць, што на целе актывіста «няма сьлядоў зьбіцьця».

Эўрапейскі Суд правоў чалавека 3 лістапада прысвоіў скарзе Ільдара Дадзіна прыярытэтны статус. Суд патрабуе, каб Расея да 18 лістапада падала яму мэдычныя дакумэнты, а таксама правяла абсьледаваньне Дадзіна, прычым зрабіць гэта павінны незалежныя ад ФСВП лекары.

Начальніка ІЧ-7 Сяргея Косіева пасьля скаргі Ільдара Дадзіна адхілілі ад працы.

XS
SM
MD
LG