Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню праўду пра рэвалюцыю і Леніна я пачуў у раньнім дзяцінстве. Хадзіў я тады ў першую ці другую клясу Празароцкай школы. У мяне, як і ва ўсіх маіх адналеткаў, на грудзях была прышпіленая акцябрацкая зорачка з выяваю прыгожанькага кучаравага хлопчыка Валодзі Ўльянава. А мама працавала настаўніцай.

І вось мярзотным лістападаўскім ранкам, акурат як сёньня, чаму я і ўспомніў той далёкі дзень на пачатку 1960-х гадоў, да нас прыехаў дзядзька Янук, брат бабулі. Мама асабліва ўзрадавалася, бо рыхтавалася да кляснай гадзіны (быў тады такі ідэалягічны ўрок у школах). Адразу ж і кажа дзядзьку: «Прыйдзі да мяне на ўрок, раскажы дзеткам пра Леніна, ты ж у Піцеры, як быў на заробках, браў удзел у рэвалюцыі». Дзядзька Янук паглядзеў на маму, уздыхнуў і кажа: «Ну, што я, Зоська, раскажу? Стаяў я ля таго Зімняга, крычаў нешта, і да Смольнага падыходзіў. Бачыў я таго Леніна... Бандыт і жулік...»

Бабуля, якая таксама жыла ў Піцеры некалькі гадоў да той рэвалюцыі, глыбока ўздыхнула на знак згоды. Зь Піцера яна вярнулася ў Заходнюю Беларусь, і тут праз пару дзесяцігодзьдзяў яе таксама дагнала рэвалюцыя — выправіла ў Казахстан, а яе мужа, майго дзеда, — у Кіргізію, яе дачку, маю цётку, — пад Архангельск, яе сына, майго дзядзьку, тая ж рэвалюцыя прыкончыла у сталінскай цяплушцы.

Я вельмі любіў і бабулю, і дзядзьку Янука, таму паверыў ім адразу ж, а на кучаравага Валодзю зірнуў з дакорам. Так што, клясная гадзіна з праўдай пра Леніна і рэвалюцыю адбылася ў той дзень толькі для мяне, у нашай хаце.

Такі вобраз Леніна — бандыта і жуліка — я і пранёс праз усё сваё жыцьцё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG