Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР не зьмяніла сваіх высноваў наконт перапіскі Гілары Клінтан: крыміналу няма


Дырэктар ФБР Джэймс Комі

Дырэктар ФБР Джэймс Комі

Кіраўнік ФБР Джэймс Комі пацьвердзіў, што зробленыя ў ліпені высновы наконт электроннай перапіскі Гілары Клінтан захоўваюць моц.

Ён заявіў пра гэта 6 лістапада ў лісьце на адрас Кангрэсу ЗША. Комі падкрэсьліў, што пасьля другой праверкі лістоў былога дзяржаўнага сакратара ЗША Гілары Клінтан ізноў ня бачыць неабходнасьці распачынаць у дачыненьні да яе крымінальны перасьлед.

У пачатку ліпеня, выступаючы з заключэньнем аб праверцы сэрвэру Гілары Клінтан і яе электроннай перапіскі, дырэктар ФБР назваў абыходжаньне палітыка з сакрэтнымі зьвесткамі «вельмі неасьцярожным», але падкрэсьліў, што няма падставаў пачынаць крымінальнае расьсьледаваньне. Крыху раней, 2 ліпеня, Клінтан была дапытаная Федэральным бюро расьсьледаваньняў наконт выкарыстаньня ёю асабістага паштовага сэрвэру падчас працы дзяржаўным сакратаром ЗША.

Празь некалькі месяцаў пасьля гэтай падзеі, 28 кастрычніка, г. зн. менш чым за два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, кіраўнік ФБР ізноў заявіў, што ведамства можа аднавіць дасьледаваньне перапіскі, бо выяўленыя новыя доказы. Цяпер, 6 лістапада, ён абвясьціў, што ліпеньскія высновы ФБР захоўваюць моц.

З 2009 па 2013 гады Клінтан, якая займала тады пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША, карысталася прыватным сэрвэрам для службовай перапіскі, парушыўшы тым самым амэрыканскія правілы інфармацыйнай бясьпекі.

XS
SM
MD
LG