Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрэза Мэй дамагаецца «брэксіту» насуперак рашэньню Высокага суду


Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй паабяцала ажыцьцявіць «брэксіт» у поўным аб’ёме, нягледзячы на рашэньне брытанскага Высокага суду пра неабходнасьць узгадніць працэдуру выхаду з ЭЗ з парлямэнтам.

Паводле Мэй, урад павінен зрабіць для гэтага ўсё неабходнае, а дэпутатам варта прызнаць вынікі чэрвеньскага рэфэрэндуму пра выхад Брытаніі з Эўразьвязу.

Лідэр лейбарыстаў Джэрэмі Корбін заявіў, што яго партыя будзе блякаваць увод у дзеяньне артыкулу 50 Лісабонскай дамовы, якая запускае працэдуру выхаду з ЭЗ, калі Мэй падчас перамоваў з Брусэлем ня зможа гарантаваць доступ да адзінага эўрапейскага рынку.

У мінулы чацьвер Высокі суд Брытаніі пастанавіў, што без ухваленьня парлямэнту брытанскі ўрад ня можа пачаць працэдуру выхаду з Эўразьвязу. Рашэньне суду стала сур’ёзным ударам па пазыцыях Тэрэзы Мэй, якая заявіла, што да канца сакавіка пачне працэдуру выхаду з ЭЗ без кансультацыяў з парлямэнтам, грунтуючыся толькі на выніках рэфэрэндуму, які прайшоў у чэрвені.

У калёнцы для Sunday Telegraph Мэй напісала, што падае апэляцыю на рашэньне Высокага суду.

«Парлямэнт прагаласаваў за тое, каб перадаць рашэньне пра будучыню нашага сяброўства ў ЭЗ у рукі народу. Людзі зрабілі свой выбар і зрабілі яго рашуча, — адзначае Мэй. — Задача ўраду цяпер — зрабіць усё, каб воля народу была выкананая ў поўным аб’ёме».

Рэфэрэндум у Вялікай Брытаніі прайшоў 23 чэрвеня 2016 году. Большасць тых, хто ўзяў у ім удзел (51,9%), выказалася за выхад Брытаніі са складу ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG