Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне трэба». Саша Аўдзевіч зь Ліды робіць тое, што ўсе лічаць немагчымым


Саша Аўдзевіч
Саша Аўдзевіч

«Я такі чалавек — мне трэба. Калі я нешта раблю, то каб было „ух“, каб крычэла. Напэўна, такі мой шлях». — Шэсьць гадоў таму Саша разьбіўся на матацыкле, ад яго сышлі сябры і дзяўчына, ён пераехаў зь Менску ў Ліду. Маці Ганна сышла з працы і стала ягонай апякункай. Бацька загінуў, і было яшчэ шмат усяго.


Цяпер Сашу 32 гады. Верхнюю і ніжнюю частку хрыбта спалучаюць сьпіцы пад кутом, праз што ён увесь час адчувае боль «на васьмёрачку».
Саша прымушае чыноўнікаў рабіць пандусы і асфальтаваць дарогі, езьдзіць у падарожжы на тысячы кілямэтраў, у яго тысячы падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Руды, гаваркі, рухавы, харызматычны, — Аўдзевіч самы пазнавальны вазочнік у Беларусі.

У Лідзе Саша жыве «ў гаражы», які пад ягоныя патрэбы перарабілі ў сучасны і, як нам падаецца, вельмі ўтульны пакой.



Ганне 54 гады. Працу пакінула, каб даглядаць Сашу, аформіла статус апякункі. Шмат распавядае, як цяжка бывае паразумецца з чыноўнікамі, якія мусяць кантраляваць, ці яна дае рады.


«Яны звыкліся, што інвалід сядзіць дома, за сталом, есьць манную кашку і можа выйсьці ў двор, падыхаць сьвежым паветрам, а мама ззаду стаіць. У мяне Саша ўстае рана. Я яшчэ сплю, ён ужо ідзе свае практыкаваньні рабіць. Мне за ім бегчы?!» — кажа Ганна.



— Як ты ставісься да слова «інвалід»?

— Нармальна, дык а што?


Улетку Саша праехаў 4 тысячы кілямэтраў на хэндбайку па Эўропе. Літаральна — «на руках». Нядаўна вярнуўся з падарожжа ў Турцыю. «Я згадваю нейкіх сваіх сяброў лідзкіх і спрабую ўявіць, калі я пазваню ім і скажу: давай сёньня сустрэнемся піўка пап’ем». Пры нас Саша размаўляе па тэлефоне са знаёмым вазочнікам. Ад плянаў «папіць увечары піўка» той адмаўляецца.


«Чуваку 45 гадоў, ён едзе з мамай у „Эўраопт“. Гэта храновенька, нешта ня тое, ён можа сам ехаць у „Эўраопт“, і я гэта ведаю», — рэзюмуе Саша.

Дзякуючы Сашу ў Беларусі зьявілася першая «трэнажорка» для інвалідаў у фізкультурна-аздараўленчым комплексы «Алімпія».

«Мне гэтае памяшканьне больш за год не хацелі даваць, — распавядае ён, манэўруючы паміж трэнажорамі. — Яно матамі было завалена. Мне доўга казалі: „А маты куды дзець?!“ Я кажу: „Давайце мне ў гараж“. Тады сталі казаць, што памяшканьне прахадное і пажарнікі не дазваляюць. А ніфіга, што яно ў іх матамі заваленае?»
Выбіць памяшканьне ўсё ж удалося, і перад летнім падарожжам зацягнулі сюды трэнажоры.

Усе трэнажоры Саша набываў для сябе. Найпершы дапамагла купіць мясцовая фірма за 2 тысячы эўраў неўзабаве пасьля траўмы.
«Ігар Канстанцінавіч, сумавалі хоць трохі па мне?» — Саша пры нас тэлефануе кіраўніку «Алімпіі», каб даведацца, калі зробяць пандус на ўваходзе ў іхную «качалку».


«Гаварылі пра магчымасьць, але канкрэтна што будзем усталёўваць, ніякай размовы не было», — адказвае суразмоўца. Пасьля там доўга тлумачаць, што трэба «ўсё ўзгадніць», «вызначыць градус», і што Сашу трэба пад’ехаць і «пагаварыць» яшчэ раз.


«І што мне чакаць, пакуль ён высьветліць, які градус? Не хапае фінансаваньня, давайце я дадам!» — скончыўшы размову, Саша амаль кідае тэлефон.

«Ва ўсіх вазочнікаў прэс не працуе, кішкі вылазяць вонкі і такі жывоцік. Я спрабую з гэтым змагацца, бо мне здаецца, што гэта сэксуальна непрывабная рэч», — кажа Саша. — Калі б усе вазочнікі такія штукі валілі штодня, то ўсе былі б актыўнымі, нешта рабілі і кудысьці ганялі. Я ведаю, што значыць год ці два такога не рабіць. Гэта пекла. Ты прачынаесься — усё кепска, усё баліць. Пасьля яшчэ апісаўся, абкакаўся, цябе памылі, апранулі — павялі гуляць. Пагуляў — усё кепска, усё баліць. А блізкія ставяцца так, што ты мусіш ці ляжаць ці есьці. І стартануць першыя самастойныя штукі — здаецца, што гэта нерэальна«.


Вазочнікаў толькі ў Лідзе — каля трох соцень. А рэабілітацыя для вазочніка, кажа Саша, проста «маст хэв» — абавязковая.


«Рэабілітацыя — гэта стыль жыцьця. Я разумею, што шмат каго у няма магчымасьці купіць велік ці вэртыкалізатар. А ён мусіць рабіць гэта, як зубы чысьціць. У нас не прышчапляюць такую фішку. Такія штукі ёсьць толькі ў рэспубліканскім шпіталі актыўнай рэабілітацыі, куды ты па законе можаш трапіць на тры тыдні пасьля траўмы. Пасьля праз год яшчэ на тры тыдні. І пасьля туды бяз блату трапіць нерэальна. Таму што ўсё забіта расіянамі, бо там (у Расеі. — РС.) яшчэ больш гэта каштуе.


А такая заля паўсюль мусіць быць. Куды яшчэ інваліду прыйсьці? Дзе ён сустрэне такіх самых хлапцоў? Дзе ён даведаецца, што рабіць? Я хачу гэта разьвіваць, гатовы ўкладаць у гэта сілы і энэргію. Але калі ты тэлефануеш чуваку і ён ведае, што гэта даўно ёсьць, і кажа: „Мы мусім разабрацца і зразумець, які там кут...“ Я інвалід! Мне гэта трэба зараз! Я вызначу, які тут кут!»


У «Алімпіі» Сашу падабаецца.


«Я хачу туды ўсялякіх штук дадатковых зрабіць. Тут зручна, ёсьць туалет для інвалідаў, кавяранька, пад’ёмнік для інвалідаў, які апускае ў ваду, за які я напачатку вельмі біўся, саўна. І гэта бясплатна. Вось такога бясплатнага няма нідзе, ані ў якім санаторыі. Кожны інвалід-вазочнік можа прыехаць і ўсе гэтыя паслугі атрымаць.

У ідэале — улады мусілі б сказаць: „Давай, Саша, усё ок, мы дапаможам“. Але ніхто не сказаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG