Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу прайшлі пікеты супраць парушэньня правоў чалавека ў калёніях


Дзьве грамадзянскія актывісткі выйшлі на Неўскі праспэкт, салідарызуючыся ня толькі з Ільдарам Дадзінам, які расказаў пра катаваньні і зьбіцьцё ў Сегескай папраўчай калёніі № 7, але і з іншымі вязьнямі, пра якія не паведамляе прэса.

Актывісткі заклікалі задумацца пра тое, што жыцьцё і здароўе тысяч невядомых вязьняў штодня зазнае небясьпеку, а іхная чалавечая годнасьць безупынна прыніжаецца. На думку актывістаў, абыякавасьць грамадзтва ёсьць саўдзелам у злачынстве.

Другая тэма, якой была прысьвечана акцыя, — становішча ў грамадзкіх назіральных камісіях (ГНК), куды ў выніку выбараў замест некалькіх вядомых праваабаронцаў патрапілі ў тым ліку былыя супрацоўнікі калёніяў. Актывісты нагадваюць, што ў выніку грамадзкія назіральныя камісіі аказаліся практычна цалкам у руках праваахоўных органаў і людзей, далёкіх ад пытаньняў праваабароны, і што праваабарончая супольнасьць аднадушна назвала апошнія выбары разгонам або разгромам ГНК.

На думку арганізатаркі акцыі Аляксандры Маркевіч, былыя праваахоўнікі маюць трывалыя сувязі ў месцах зьняволеньня і ня стануць патрабаваць пакараньня тых, хто катуе і зьбівае вязьняў. Удзельніцы пікету запатрабавалі неадкладных перавыбараў у грамадзкія назіральныя камісіі.

Актывісткі лічаць, што ў Расеі зьявілася неабходнасьць актыўна абараняць правы ўсіх падсьледных і асуджаных — незалежна ад таго, палітычныя гэта вязьні ці не, вінаваты яны ці невінаватыя, а таксама ад таго, якога яны полу, нацыянальнасьці і веравызнаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG