Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч ахвяруе 5 тысяч даляраў на музэй Адамовіча


Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч гатовая ахвяраваць на стварэньне музэю Алеся Адамовіча ў Глушы 5 тысяч даляраў. Пра гэта было заяўлена сёньня ў Магілёве падчас абмеркаваньня магчымасьцяў актывізацыі збору сродкаў на музэй.

У абмеркаваньні бралі ўдзел прадстаўнікі грамадзкасьці, улады, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Сьвятлана Алексіевіч у тэлефоннай гутарцы з журналістам Свабоды пацьвердзіла свой намер ахвяраваць 5 тысяч даляраў на рамонт будынка, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй. Гэтую суму нобэлеўская ляўрэатка гатовая пералічцыць на дабрачынны рахунак да 23 лістапада. Пісьменьніца ўдакладніла, што зробіць гэта публічна празь Беларускую службу Радыё Свабода.

«Алесь Адамовіч — беларускі Вацлаў Гавэл. Ягонае імя вартае ўвекавечваньня. Ідэю стварэньня музэю я падтрымліваю і буду ў гэтай справе ўдзельнічаць», — зазначыла Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч.

«Калі той, хто мае грошы больш чым іншыя, мог нешта зрабіць дзеля памяці вялікага пісьменьніка, мы б жылі інакш. Мы ж чакаем нейкіх дзеяньняў ад улады, а дзе мы самі?», — давяла сваю думку ўдзельнікам «круглага стала» нобэлеўская ляўрэатка.

Удзельнікі «круглага стала»

Удзельнікі «круглага стала»

Удзельнікі «круглага стала» выказаліся за стварэньне агульнанацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-годзьдзя Алеся Адамовіча. Ён павінен «падрыхтаваць сэрыю мерапрыемстваў для ўшанаваньня памяці пісьменьніка, сярод якіх будзе і стварэньне музэю». Зварот магілёўцы зьбіраюцца даслаць ураду.

Акрамя таго, яны зьвернуцца да Міністэрства культуры, каб тое ўключыла адкрыцьцё музэю ў свае пляны.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк выказаў спадзяваньне, што імпрэзы ў гонар Адамовіча будуць мець «радок у дзяржаўным бюджэце».

«Калі мы лічым, што Алесь Адамовіч адзін з нацыянальных прарокаў і геніяў, то пытаньне пра музэй павінна вырашацца на агульнанацыянальным ўзроўні. Патрэбны рэспубліканскі аргкамітэт», — казаў на «круглым стале» Ігар Марзалюк.

«Я ў абавязковым парадку, як старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навукі і культуры, пастаўлю гэтае пытаньне і на ўзроўні парлямэнцкай камісіі і паінфармую віцэ-прэм’ера Натальлю Качанаву, — абяцаў ён. — Калі мы хочам нешта зрабіць якасна, то тут без нацыянальнага ўзроўню не абыдзесься».

Ігар Марзалюк (справа)

Ігар Марзалюк (справа)

На «круглым стале» было прызнана, што будынак, які зьбіраюцца выкарыстаць пад музэй, аварыйны. Некаторыя з удзельнікаў выказвалі перасьцярогу, што ён не перажыве сёлетняй зімы. Дом вымагае абсьледаваньня. Апошніе візуальныя агледзіны праводзілася тры гады таму. На працягу двух дзясяткаў гадоў дом пуставаў. Праз дзіравы дах будынак залівае вадой, што паскарае ягонае разбурэньне, казалі на «круглым стале».

«Нягледзячы на гаротны стан будынку, ягоны дах у здавальняльным стане, і, паводле сьцьверджаньня Бабруйскага райвыканкаму, працяканьня няма. Па выніках сёньняшняй сустрэчы яны яшчэ раз правераць дом. Калі рамонт будзе вымагаць мінімальных выдаткаў, то праблемы зьліквідуюцца», — адказваў на занепакоенасьцыь прадстаўнікоў грамадзкасьці начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

Андрэй Кунцэвіч

Андрэй Кунцэвіч

Каб пачаць працу над праектна-каштарыснай дакумэнтацыяй будучага музэю, неабходна 120 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. На дабрачынным рахунку, які адкрылі дзевяць месяцаў таму, 9 мільёнаў.

Калі на рахунку будуць сорак працэнтаў ад неабходных 120 мільёнаў, то можна будзе распачынаць працу з дакумэнтацыяй, казалі на «круглым стале» спэцыялісты. Збор гэтых сродкаў застаецца прыярытэтнай задачай.

«Адсутнасьць рашэньня райвыканкаму пра стварэньне музэя — не перашкода для яго стварэньня. Прынцыповае рашэньне мясцовыя ўлады прынялі. Яны стварылі магчымасьці для ажыцьцяўленьня гэтага праекту. Давайце проста будзем працаваць», — заклікаў Андрэй Кунцэвіч удзельнікаў «круглага стала».

На «круглым стале» была створана грамадзкая рада пры Таварыстве беларускай мовы, якая будзе кантраляваць збор сродкаў на музэй. Удзельнікі абмеркаваньня падрыхтуюць зварот да тэатральных калектываў, каб тыя далучыліся да збору сродкаў. Арганізавалі дабрачынныя паказы спэктакляў.

Прапанавалі на «круглым стале» і надаць імя Адамовіча бібліятэцы ў яго роднай Глушы.

Натальля Адамовіч

Натальля Адамовіч

Дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч таксама брала ўдзел у абмеркаваньні сытуацыі з музэем. Па яго завяршэньні яна выказала асьцярожны аптымізм наконт адкрыцьця музэю. Прызналася, аднак, што стамілася ад абяцаньняў адкрыць яго.

«Упершыню за дваццаць год я адчула, што музэй могуць адчыніць, бо пачалі гавораць пра нацыянальны ўзровень праблемы. Можа гэтаму паспрыяе і юбілей Адамовіча, які будзе адзначацца ў 2017 годзе. А так наагул прыкра, што нават у школьнай праграме няма твораў пісьменьніка. Трэба паглядзець, што будзе далей», — зазначыла Натальля Адамовіч.

Плянуецца, што музэй у Глушы будзе музэем ваеннага летапісу «Вайна пад стрэхамі». Тут разьмесьцяць і экспазыцыю, прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Алеся Адамовіча.

У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі надаць імя Адамовіча цэнтральнай вуліцы пасёлка. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Яна, аднак, не была ўхваленая ўладаю. Вуліца імя Адамовіча ў Глушы ёсьць. Яна вядзе да мясцовай школы, якую ня раз наведваў пісьменьнік. Школа з расейскай мовай навучаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG