Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саід Янышаў: Ужо сёньня вядома, хто будзе наступным «бацькам узбэкаў»


Незалежны журналіст Саід Янышаў

Незалежны журналіст Саід Янышаў

Празь месяц 4 сьнежня ва Ўзбэкістане пройдуць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары — вакантнае месца ўтварылася пасьля сьмерці Іслама Карымава, які кіраваў краінай ад 1989 году.

Які шлях абярэ 30-мільённы Ўзбэкістан? Ці здолее адмовіцца ад палітыкі жорсткай рукі? Папулісцкія ці шчырыя крокі пераходных уладаў, якія спрабуюць выправіць хіба папярэднікаў і нават пачалі выпускаць з турмаў палітзьняволеных?

У часе нядаўняй паездкі ва Ўзбэкістан удалося пагутарыць з Саідам Янышавым, адным з самых вядомых незалежных журналістаў. Саід — унівэрсальны і шматгранны чалавек: мае філялягічную і тэатральную адукацыю, працаваў акторам, кіраваў тэатрам-студыяй, здымаў кіно, вёў аўтарскія праграмы на радыё, тэлебачаньні, быў ды-джэем у клюбах. Як многія ўзбэкі, паспрабаваў гастарбайтэрскага хлебу — год адпрацаваў у Нью-Ёрку, зарабляў на кватэру.

Па вяртаньні на радзіму распачаў журналісцкую кар’еру. Працаваў у газэце «Бизнес-вестник Востока», потым у тыднёвіку «Зеркало ХХІ». Зьехаў у Маскву, супрацоўнічаў з рэсурсам Газета.ру. Потым яго запрасілі на пасаду рэдактара новастворанага сайту UzNews.net — даччынага адгалінаваньня Брытанскага інстытуту асьвятленьня вайны і міру (IWPR). Два гады таму сайт пад ціскам уладаў закрыўся, а сёлета пачаўся перасьлед журналістаў, якія зь ім супрацоўнічалі. Цяпер піша для сайту Фергана.ру, які базуецца ў Маскве, рыхтуе рэпартажы для тэлеканалу «Настоящее время» — гэта сумесны праект радыёстанцыяў «Радыё Свабода» і «Голас Амэрыкі».

Саід Янышаў неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за публікацыі, у якіх крытыкавалася палітычная, эканамічная і сацыяльная палітыка вышэйшага кіраўніцтва Ўзбэкістану.

Улёткі з заклікам на прэзыдэнцкія выбары

Улёткі з заклікам на прэзыдэнцкія выбары

— Саід, зь якімі пачуцьцямі жыхары Ўзбэкістану чакаюць прэзыдэнцкіх выбараў? Ці разьлічваюць на нейкія зьмены пасьля працяглай кадэнцыі Іслама Карымава?

— Тое, што ў нас адбываецца з выбарамі, гэта ўвогуле асобная размова. Як вядома, афіцыйныя выбары прызначаныя на 4 сьнежня. Натуральна, дзеля прыліку кожная з партыяў — а ў нас афіцыйна зарэгістраваныя чатыры партыі і ўсе яны, само сабой, «кішэнныя» — фармальна вылучылі свайго кандыдата. Прычым гэта людзі, якіх выбарнікі ўвогуле ня ведаюць, упершыню бачаць і чуюць. Канечне, фармальна ў кожнага зь іх будзе свая праграма, яна нават будзе надрукаваная ў газэтах. Але ўжо сёньня ўсе ведаюць, хто будзе наступным «бацькам узбэкаў». Натуральна, Шаўкат Мірзіёеў, колішні прэм’ер-міністар Узбэкістану.

— То бок, нейкія іншыя варыянты нават не прадугледжваюцца?

— Абсалютна. Калі паміраў Карымаў, было агучана некалькі прэтэндэнтаў на яго месца. Прэм’ер Мерзіёеў, які стаў часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Рустам Азімаў, старшыня Службы нацыянальнай бясьпекі Рустам Інаятаў. Асноўных кандыдатаў было трое, але ў кулюарах шмат гаварылася, што «лібэрала» Азімава неўзабаве арыштавалі.

Прынамсі, як я думаю, калі не арыштавалі, то добра прыпалохалі, каб нават нос ня сунуў у гэтую справу. Асабіста я не сумняюся, што прэзыдэнтам празь месяц стане Мірзіёеў, а яго месца, хутчэй за ўсё, зойме Азімаў. Магу сказаць, што ў народзе Мірзіёева ня вельмі любяць, таму што ведаюць ягоную жорсткую руку — у наўпроставым сэнсе гэтага слова. То бок, яму не чужое рукапрыкладзтва, высокі тон у размовах і г.д.

Плякаты на вакзале ў Ташкенце з заклікам быць пільнымі

Плякаты на вакзале ў Ташкенце з заклікам быць пільнымі

— Тым ня меней ледзь не штодня прыходзяць «весткі з палёў»: Мірзіёеў адкрыў заблякаваныя дарогі, дазволіў танную казахстанскую бульбу і нават вызваліў некалькі палітвязьняў. Ці гэта папулісцкі ход перад выбарамі?

— Сапраўды, цяпер ідзе пэўнае паслабленьне амаль ва ўсіх сфэрах. Пачалі адчыняць раней перакапаныя дарогі, некалі засаджаныя елачкамі ў мэтах бясьпекі картэжу Карымава. Цяпер гэтыя дарогі раптам разблякавалі, увесь Фэйсбук пішчыць ад радасьці і захапленьня, які малайчына Мірзіёеў. Цяпер гэта адбываецца літаральна па ўсім Ташкенце. Некаторых чыноўнікаў вяртае на пасады, якія яны страцілі пры Карымаве, многіх хакімаў (аналяг мэраў, губэрнатараў), наадварот, паздымаў. Але тут як бы старая ісьціна — новая мятла па-новаму мяце. Па вялікім рахунку, Мірзіёеў папросту вяртае ў абойму нейкіх сваіх сяброў, паплечнікаў, фармуе свой апарат.

— Не сакрэт, што ў свой час прэзыдэнцкія амбіцыі агучвала старэйшая дачка Карымава Гульнара. Яна канчаткова выкрасьленая са сьпісу прэтэндэнтаў?

— Былі такія варыянты. На працягу доўгага часу, да пазамінулага году, у грамадзтве лічылася, што менавіта Гульнара стане наступным прэзыдэнтам Ўзбэкістану. Сьвецкая дзіва, яна была тут чалавекам № 2, захапіла літаральна ўсё, існавала цэлая імпэрыя Гульнары Карымавай. Рэгулярныя і ўсемагчымыя рэйдарствы, захопы любога больш-менш пасьпяховага бізнэсу; шыкоўныя шматсотмільённыя асабнякі за мяжой, банкаўскія рахункі. Усё было пад ёй, усё адносілася да яе. Але потым падначаленыя адважыліся дакласьці пра размах дзейнасьці татусіку, той раззлаваўся і досыць жорстка яе пакараў: Гульнару пасадзілі пад хатні арышт, адабралі ўсю яе бізнэс-імпэрыю, пазбавілі абсалютна ўсяго. Цяпер, паводле чутак, яна ў псыхушцы.

Дарэчы, гэта ня першы такі ход. У Карымава ёсьць незаконнанароджаны сын Джамшыд. Дык вось ён даўно сядзіць у псыхушцы, гадоў 10 ці нават больш. Дарэчы, таксама журналіст, мне нават удалося папрацаваць зь ім у газэце «Зеркало ХХІ». Неяк патэлефанавалі і сказалі: вазьміце карэспандэнта. Натуральна, узялі бязь лішніх пытаньняў. У яго была мамаша, якая магла зайсьці ў офіс і заявіць: забясьпечце за кошт рэдакцыі мабільны тэлефон майму сыну (а тады сотавая сувязь толькі разьвівалася, мабільнікі былі ў адзінак). Нічога супраць бацькі ён не пісаў, тым ня меней, ад граху далей засунулі ў псыхушку. Маці яго памерла, і ніхто ня ведае, дзе ён цяпер. Можа, і няма ўжо. Нават калі і жывы, то розумам не зусім здаровы, калі столькі гадоў пічкаюць усялякімі лекамі.

Цытатнік з выказваньннямі Іслама Карымава

Цытатнік з выказваньннямі Іслама Карымава

— Так разумею, што малодшая дачка Карымава Лола падобныя амбітныя пляны не агучвала?

— Не, Лола такіх амбіцыяў ня мела. Пакуль Гульнара кіравала, Лола заставалася ў яе цені, яе не было ні відаць ні чуваць. Хоць вядома, што ў Лолы на Захадзе таксама шыкоўныя асабнякі, што яе муж Цімур Ціляеў, атрымаўшы поўны карт-блянш як зяць прэзыдэнта, вядзе ва Ўзбэкістане бескантрольны і разгалінаваны бізнэс. Пра гэта ўсе ў курсе. Канечне, пасьля гісторыі з Гульнарай яна крыху пачала ўздымаць галаву, але, зноў жа, без аніякіх прэзыдэнцкіх закідаў. Штосьці кшталту дабрачыннасьці, сіроцкіх фондаў — нібыта, як я лічу. Як апякунка пэўных відаў спорту — мастацкай гімнастыкі, нечага яшчэ. Як быццам укладаецца грашыма, прынамсі яе з гэтым зьвязваюць. Але ў любым выпадку кропля ў моры ў параўнаньні з тым, што яна мае, што зарабляе, што папаўняе і здабывае зноў і зноў. Па вялікім рахунку, пыл у вочы, ня больш за тое...

— У любым выпадку працэс пайшоў, невядома толькі, чым усё скончыцца, — аслабленьнем путаў ці працягам палітыкі прэсінгу? Прынамсі для апанэнтаў рэжыму пакуль што нічога радыкальна не зьмянілася...

— На хвалі тэрактаў у траўні 2005 году, калі адбыўся напад на адміністрацыйныя будынкі ў Андыжане, да адказнасьці было прыцягнута больш за 100 чалавек. Я перакананы, што бальшыня ні ў чым не вінаватыя, тым ня меней, многія атрымалі тэрміны па 20 гадоў. Паколькі яны лічацца палітзьняволенымі, ва Ўзбэкістане існуе такая традыцыя — згнаіць іх у турмах. Ужываецца артыкул 221 Крымінальнага кодэксу — непадпарадкаваньне рэжыму папраўчай установы, парушэньне яе статуту і г.д. Каб пад яго патрапіць, хапае проста незапраўленага ложка. Скажам, чалавек павінен празь месяц выйсьці, на яго вешаюць гэты артыкул і працягваюць тэрмін утрыманьня яшчэ на тры гады. Праходзяць тры гады — зноў вешаюць той артыкул. Пры гэтым людзі, якія сядзяць па палітычных абвінавачаньнях, як у сталінскія часы, пазбаўленыя права ліставаньня. Зь імі няма ніякай сувязі нават у сваякоў, таму наогул невядома, жывыя яны ці не. Такое практыкуецца дагэтуль.

Самая страшная турма ў нас — Жаслык, яна знаходзіцца ў аўтаномнай рэспубліцы Каракалпакстан. Гэта ўвогуле жудасьць, адтуль рэдка хто выходзіць. Там у масе сваёй трымаюць якраз палітычных і рэлігійных асуджаных, самы галоўны палітычны артыкул 159 — замах на канстытуцыйны лад Узбэкістану. Яны ўсе сядзяць проста ў нечалавечых умовах, непрыдатных для выжываньня. Турма жахлівая нават па ўмовах разьмяшчэньня, бо стаіць у пустыні. Людзі мала за тое, што сядзяць у душагубках, дык яшчэ па 10-15 гадзінаў на прымусовых працах. Здаровым дакладна ніхто адтуль не выходзіць, сухоты як мінімум. Фактычна гэта ўжо не жыльцы.

Ля магілы Карымава ў Самаркандзе

Ля магілы Карымава ў Самаркандзе

— Саід, Іслам Карымаў прыйшоў да ўлады даўно і, відавочна, заціскаць гайкі пачаў не адразу. Калі рэальна адчуўся ціск на апанэнтаў? Нейкая вольніца пэўны час усё ж была, так?

— Да 2005 году гэтая вольніца якраз і была. Да таго ва Ўзбэкістане прысутнічала шмат замежных СМІ, яны былі афіцыйна акрэдытаваныя, практычна поўны набор — Reuters, ВВС, Associated Press і г.д. Гэтаксама офісы Freedom House, фонду Сораса, шэраг іншых грамадзкіх арганізацыяў. Але пасьля траўня 2005-га ўсіх іх прымусілі адсюль зваліць. Праўда, адносна нядаўна, ня ведаю нават, якім цудам, Reuters зноў атрымала афіцыйную акрэдытацыю.

Што адметна, ад таго моманту кожны год пачалі судзіць па 1-2 журналістаў — кагосьці паводле крымінальнага артыкулу, кагосьці паводле адміністрацыйнага. Але у асноўным былі дзяжурныя артыкулы — паклёп і абраза ўзбэцкага народа...

— То бок, не кіраўніка дзяржавы, як былі прэцэдэнты ў Беларусі, а ўсяго народа? Цікавая фармулёўка...

— Менавіта так. 5 ці 6 маіх калегаў, якія супрацоўнічалі з сайтам UzNews.net, вырашылі перастрахавацца. Калі мы паехалі ў Бішкек на трэнінг, прысьвечаны працы журналістаў у гарачых кропках, яны там засталіся і папрасілі прытулку. Справа ў тым, што да 2005 году ў нас было Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, але іх таксама адсюль папрасілі. Бліжэйшы камісарыят — якраз у Бішкеку. Ну а пасьля гэтага яны ўсе гуртам перамясьціліся ў Швэцыю.

Цяпер ва Ўзбэкістане агулам працуе блізу 30 замежных карэспандэнтаў, але большая частка прыходзіцца на ўсход — Кітай, Турэччына, краіны больш-менш ляяльныя да ўладаў.

Народны смутак па прэзыдэнце ў афіцыйнай прэсе

Народны смутак па прэзыдэнце ў афіцыйнай прэсе

— Будзе перабольшаньнем сказаць, што ўзбэцкі народ мог, але не скарыстаўся шанцам нешта радыкальна зьмяніць у бок дэмакратызацыі? Ці проста няма з кім гэты лад мяняць? Я маю на ўвазе адсутнасьць баяздольнай апазыцыі...

— Апазыцыі ў любым выпадку няма, ніводнага чалавека. Усе апанэнты ці ў турмах, ці за мяжой. Галоўны апазыцыянэр, якога ўлада дагэтуль моцна баіцца, — гэта Мухамад Саліх. Па сумяшчальніцтве вядомы пісьменьнік, у свой час друкаваліся ягоныя кнігі. Да 1991 году жыў ва Ўзбэкістане і быў рэальным апанэнтам і канкурэнтам Карымаву на прэзыдэнцкіх выбарах. Пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу, фальсыфікацыяў і падтасовак першым кіраўніком краіны быў абраны Карымаў, пасьля чаго пачаўся жорсткі ціск на Саліха, і ён мусіў зьехаць. Цяпер жыве ў Турэччыне, але ўлады па інэрцыі апасаюцца яго і праз 25 гадоў.

Просты прыклад: у мяне ёсьць прыяцель, вельмі вядомы мастак, у тым ліку за мяжой — Вячаслаў Ахунаў. Калісьці яны сябравалі з Саліхам. Ён быў на выставе ў Турэччыне, там сустрэліся, пасядзелі, папілі гарбаты. Спэцслужбы ўсё гэта адсачылі і ад таго часу Ахунаў — невыязны з краіны. У нас ёсьць такая норма: двухгадовая выязная віза, так званы дазвольны стыкер. Яму на працягу ўжо многіх гадоў гэты стыкер на даюць. То бок, па СНД выехаць можа, а ў далёкае замежжа, дзе патрабуецца ўнутраная віза, — не. Таму пэрсанальныя выставы, як нядаўна ў Нямеччыне, адбываюцца безь яго, не выпускаюць. І гэта толькі за адну сустрэчу з Саліхам. Прычым, яна ня мела нейкага палітычнага адценьня, проста пасядзелі старыя сябры за кубачкам гарбаты. Гэта якраз паказвае, наколькі ўлада баіцца апазыцыі, нават той, якая знаходзіцца ў выгнаньні.

— Дык калі зьнік з палітычнай сцэны апошні апазыцыянэр?

— Уласна кажучы, апошнім апазыцыянэрам і быў Мухамад Саліх, то бок, аж 1991 год. Усё, пасьля гэтага ніякіх апазыцыянэраў не было. Падчас усіх наступных выбарчых імітацыяў вылучаліся нейкія кішэнныя канкурэнты, якіх Карымаў нязьменна біў. Фармальна, паводле Канстытуцыі, як і ўсюды, ён ня мог кіраваць больш за два тэрміны запар, тады пачаліся гульні. Насамрэч ён пры ўладзе ад 1989 году, калі быў першым сакратаром кампартыі рэспублікі, ад 1991-га — на пасадзе прэзыдэнта, дацягнуў аж да верасьня гэтага году.

Спачатку захоўваліся нейкія фармальныя спробы ўзаконіць ягоную ўладу. Напрыклад, раптам абвяшчаюць рэфэрэндум і народным галасаваньнем прэзыдэнцкі тэрмін павялічваецца з 4 да 5 гадоў. Другі рэфэрэндум — ужо да 7 гадоў, потым зноў да 5. І кожны раз тлумачаць: два 4-гадовыя тэрміны ён прабыў, а трэці — ужо 5-гадовы, ці 7-гадовы, таму ня лічацца. Пачынаем усё спачатку. Хоць у Канстытуцыі дакладна ўказана: незалежна ад таго, колькі б гадоў ня быў прэзыдэнтам, больш за два тэрміны нельга, кропка. Але лічылі, як хацелі. А калі ён стаў прэзыдэнтам у мінулым годзе, нават ня сталі шукаць ніякіх апраўданьняў — канстатавалі як факт. Цікава, што сам народ горача яго любіў. Прыблізна як у «Драконе» Шварца: пакуль у нас ёсьць свой дракон, ніякі іншы да нас ня сунецца.

На вуліцах Ташкенту

На вуліцах Ташкенту

— То бок, калі Карымава праводзілі ў апошні шлях, і ў Ташкенце, і ў Самаркандзе людзі выходзілі на вуліцы добраахвотна, без прымусу?

— Так, самі. Справа ў тым, што нават апошнія выбары прадэманстравалі: ня трэба рабіць нейкіх фальсыфікацыяў ці падтасовак. Колькі кантактаваў зь людзьмі на вуліцах, са знаёмымі, усе казалі: канечне, за Карымава! Галоўнае яго дасягненьне, што ён пасьпеў зрабіць за прамінулыя 27 гадоў, — гэта выхаваць рабскую псыхалёгію, якая трывала засела ва ўзбэцкім народзе. Як было ў «Авадні» Войніч: раб шукае яшчэ большага раба, каб выціраць аб яго ногі. Замбаванасьць поўная, людзі не разумеюць, не асэнсоўваюць, для іх галоўны тэзіс, укладзены Карымавым, — хай у нас ня вельмі добра ў эканоміцы, ёсьць пэўныя перагібы, але затое няма тэрактаў, няма вайны. Дзякуй нашаму тату за мірнае неба. Гэта галоўны аргумэнт абсалютна ўсіх.

Калі спрабуеш з такім чалавекам пагаварыць, прывесьці нейкія аргумэнты — глядзі, што ў нас робіцца далей за Ташкент — як аб сьцяну гарох. А на самай справе літаральна за 10 кілямэтраў ад сталіцы, як пачынаецца Ташкенцкая вобласьць, дазаваная электрычнасьць, толькі па некалькі гадзінаў на дзень даюць ваду, зімой можа ня быць газу, няма ацяпленьня, паляць кізякі, высушаныя каровіны «ляпёшкі». Гэта тычыцца буйных гарадоў, уключна з Самаркандам, Бухарой, Ферганой. Я жыву ў цэнтры Ташкенту, там ёсьць вада, газ, сьвятло калі і «вырубаюць», дык пераважна ўначы. Але нават у рамках сталіцы ёсьць мікрараёны, дзе пастаянныя перабоі то з электрычнасьцю, то з ацяпленьнем.

Баваўняныя плянтацыі пад Самаркандам

Баваўняныя плянтацыі пад Самаркандам

— А самае вялікае «дасягненьне», што практычна 10% узбэкаў працуюць гастарбайтэрамі...

— Было і больш. Цяпер, канечне, крыху меней, але 3-4 гады таму, паводле розных ацэнак, колькасьць гастарбайтэраў вагалася ад 5 да 6 мільёнаў (ад агульных 30 мільёнаў). Па большай частцы працуюць у Расеі, у меншай ступені — у Казахстане. Хоць калі параўноўваць з суседзямі-казахамі, сам памятаю, як на зары незалежнасьці там была такая ж...а, што здавалася, Казахстан ніяк не акрыяе. Тады яшчэ мяжу не зачынялі, не было кардонаў, міграцыйных картак, пячаткі ў пашпарт ня ставілі. Дык вось у Ташкент прыяжджалі з таго ж Чымкенту і мяхамі нагружаліся хлебам. На сёньняшні дзень усё кардынальна наадварот: нашы людзі працуюць там гастарбайтэрамі, хлеб лічыцца лепшы з казахскай мукі, у нас яна па многіх парамэтрах жахлівая, дый увогуле ўзровень жыцьця ў Казахстане вышэйшы — спажывецкі кошык у некалькі разоў большы, чым ва Ўзбэкістане.

— То бок, прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў — лібэрал нават у параўнаньні з патэнцыйным пераемнікам Іслама Карымава?

— Усё, канечне, адносна. У любым выпадку гэта ўсходнія «ханствы», у любым выпадку кіраўнікі пажыцьцёвыя. Той жа Назарбаеў таксама пажыцьцёва на троне сядзець будзе. У Туркмэністане ўжо ўвекавечылі прэзыдэнцтва, у Таджыкістане таксама да гэтага ўсё ідзе. У кожным разе гэта ўсходняя дэспатыя. Проста, паўтаруся, усё адносна. У параўнаньні з Туркмэністанам нібыта і лепш, але там шмат што для людзей бясплатна —бэнзін, праезд, газ, соль. Адносна Таджыкістану — дакладна лепш. У Кіргізстане ўсё ж якая-ніякая дэмакратыя, хоць, зноў жа, з усходнім ухілам. У Казахстане адназначна лепш. Усё вельмі адносна...

Казахска-ўзбэцкі памежны пераход

Казахска-ўзбэцкі памежны пераход

— Іслама Карымава экспэрты лічылі адным з самых аўтарытарных кіраўнікоў на поставецкай прасторы, не перабольшаньне?

— Натуральна, бо ён меў абсалютна ўсе прыкметы ня толькі аўтарытарызму, нават таталітарызму. Усё іншадумства, правы і свабоды ў краіне даўно задушаныя. Афіцыйна, згодна з законам, цэнзура нібыта адсутнічае, але яна ёсьць. То бок, апарату цэнзара, так званай «літавальні» няма — калі сядзіць цэнзар, яму заносяцца палосы, і ён іх фільтруе. Але ўсе цудоўна разумеюць: калі ў нейкім друкаваным выданьні выйдзе няўзгоднены артыкул, гэта будзе апошні дзень гэтай газэты. Адпаведна, асноўнымі цэнзарамі зьяўляюцца галоўныя рэдактары, заснавальнікі, якія паводле закону мусяць быць у абавязковым парадку.

Таму ўсе мясцовыя СМІ абсалютна бяззубыя, ва ўсю хваляць прэзыдэнта і яго палітыку, наогул палітыку ўлады. Дакладна як за савецкім часам. У нас ёсьць галоўнае інфармагенцтва UzA. Шчыра кажучы, даўно не заходзіў на іх сайт, але пры жыцьці Карымава літаральна кожны артыкул пачынаўся са слоў: «як прыдумаў...», «як стварыў...», «як заклаў аснову наш Іслам Абдуганіевіч» і ў тым жа родзе. Фармальна Карымаў нібыта выступаў супраць культу сваёй асобы, але нефармальна ён ва ўсім нават пасьля яго сьмерці. Я ўпэўнены, што і будучы прэзыдэнт ня будзе выключэньнем...

Саід Янышаў

Саід Янышаў

Саід Янышаў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Ташкенце. Паэт, празаік, журналіст, кампазытар, кінарэжысэр. У 1995-м скончыў факультэт рускай філялёгіі Ўзбэцкага дзяржаўнага ўніверсытэту ўсясьветных моваў, у 1996-м — акторскае аддзяленьне Інстытуту мастацтваў імя Уйгура. Удзельнік шэрагу калектыўных збораў прозы і паэзіі, аўтар і рэжысэр больш чым 10 фільмаў у жанры паралельнага кіно, ажыцьцявіў шэраг тэатральных пастановак. Прафэсійны журналіст, супрацоўнічае з замежнымі і ўзбэцкімі СМІ. Жыве ў Ташкенце.

XS
SM
MD
LG