Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У стужцы навін — паведамленьне з былога замку Дракулы, што ў Румыніі. Маладая канадка выйграла ў конкурсе ноч у гэтым легендарным месцы.

З сабой яна ўзяла брата. Вячэра пры сьвечках, начлег у трунах. Незабыўныя ўражаньні! Гэта зручней, чым у сваім ложку, прызналася канадка.

Днямі ў сацыяльных сетках раптам узьнялася кампанія: адкажам помнікам Стэфану Баторыю на помнік ягонаму ворагу Івану Грознаму ў расейскі Арле! Што ж, чаму не? Але дыскусія быццам на голым месцы. Як бы гэта што такое прыдумаць? Мяне гэта зьдзівіла. Быццам адкрыцьцё Амэрыкі адбываецца. А падмуркі ж былі, ёсьць.

Я сам ня раз пісаў раней пра караля Баторыя і Горадню. Мне ён цікавы, мне ён падабаецца. Тэма публічна агучаная прынамсі з 1986 году, калі ў Горадні адбылася навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаную каралю. Якраз было чатырыста гадоў, як ён застудзіўся на паляваньні, захварэў і хутка памёр. Тады здарылася незвычайнае: было праведзенае анатамічнае ўскрыцьцё цела караля. Ніколі такога не было ў нас! Яго забальзамавалі, і ён пэўны час ляжаў у Горадні, дзе хацеў быць пахаваным. І толькі потым яго даставілі на Вавэль у Кракаў, дзе хавалі ўсіх каралёў.

Адзін краязнаўца нядаўна напісаў у сацсетках, што, магчыма, сэрца Баторыя засталося ў Горадні. Існавала традыцыя — сэрца зьмяшчаць асобна ў судзіне, перад бальзамацыяй цела нябожчыка. Выдатная здагадка! — напісаў я. А пры сустрэчы запытаўся: адкуль у яго такія зьвесткі? Ён сказаў, што прачытаў у даваеннай польскай кніжцы. Гэта можа азначаць, што так сапраўды і было. Іншая рэч, ці магло сэрца Баторыя захавацца з тых часоў?

Пайшоў зрабіць здымкі замка, сустрэў гісторыка Андрэя Вашкевіча, ён працуе ў музэі ў замку. Удакладняю: ці магчыма, што сэрца магло застацца? Яму такія зьвесткі не трапляліся, але дапусьціць можна: калі дастаюць вантробы пры ўскрыцьці, то хіба іх назад зашываюць?

Былы замак Баторыя сёньня

Былы замак Баторыя сёньня

Тое, што сэрца магло застацца, можна выкарыстаць і ў турыстычных мэтах. Горадня — горад караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, Батуры, як пісалі ў старых беларускіх хроніках. Ён чалавек не мясцовы, паходзіў ў Трансыльваніі, Сяміградзьдзя — зноў жа паводле нашых хронік. Трансыльванія вядомая ў сьвеце дзякуючы замку Дракулы. Давайце зробім у Горадні падобнае: начоўку ў каралеўскай дамавіне! Пагатоў у плянах рэстаўрацыі Старога замку значылася і спачывальня караля, дзе ён памёр.

Папа Рымскі пасьля сьмерці караля даслаў удаве залатую ружу.

Сёньня Стары замак пакрысе рыхтуюць да перабудовы — у замкавы палац, у які была ператвораная цьвержа для патрэбаў менавіта Стэфана Баторыя.

«Батароўка» знаходзіцца на цэнтральным пляцы Горадні

«Батароўка» знаходзіцца на цэнтральным пляцы Горадні

У горадзе ёсьць трохпавярховая камяніца — «батароўка» альбо, як на шыльдзе — «баторыеўка», гарадзкі палац караля. Лічыцца, што ў яго сутарэньнях і адбылося анатамічнае ўскрыцьцё нябожчыка. Карацей, падставы завабліваць турыстаў менавіта каралеўскай гісторыяй — у наяўнасьці.

Шыльда «батароўкі»

Шыльда «батароўкі»

Помнік таксама абавязкова патрэбны. Канечне, не народу. Яму хапае Леніна і танка. Але помнікі ставіць не народ, начальства. У Расеі за помнік Грознаму масавага руху не было. Нікому ён быў непатрэбны. А як начальства паставіла і сказала, што будзе стаяць, адразу 53 адсоткі насельніцтва выказалася «за».

У Новым гарадзенскім замку калісьці была выстава менскага скульптара Валерыя Калясінскага, цалкам прысьвечаная Стэфану Баторыю. Розных памераў бюсты, скульптуры, у тым ліку конныя, барэльефы, гарэльеф. З бронзы, чыгуну, гіпсу. Дзьве працы знаходзяцца ў гарадзенскіх касьцёлах. У катэдральным, ён побач з «батароўка», на калёне бронзавы гарэльеф — галава караля.

Партрэт Стэфана Баторыя з надпісам «Пахавайце маё сэрца ў Гародні» аўтарства Алеся Сурава

Партрэт Стэфана Баторыя з надпісам «Пахавайце маё сэрца ў Гародні» аўтарства Алеся Сурава

3 лістапада — дзень заступніка Горадні сьвятога Губэрта, сьвята паляўнічых. Апошняе паляваньне стала для Баторыя фатальным, вялікі холад быў, маразы. Сьнежань. Я пытаюся ў Андрэя Вашкевіча: ці мог ён пачаць паляваць на дзень сьвятога Губэрта і працягнуць ловы надалей? Чаму ж не? Пры каралеўскім двары жылі сотні людзей, мяса было патрэбна шмат, а ён паляваць любіў.

І пару слоў аб літаратуры. Маё апавяданьне: кароль учора і кароль сёньня калісьці надрукаваў «Дзеяслоў», сёньня яно ў апошняй кнізе «Саргасава мора», можна знайсьці ў кнігарні на Савецкай вуліцы. Называецца «Конны помнік з пап’е-машэ». Бярыце і чытайце:

«Не дасягнуўшы катэдры, кароль спыніўся і стаіць дагэтуль на пляцы ў гайніку. Конь, напэўна, шчыкае траўку, апошнюю восеньскую, якая чэзьне навідавоку, неўзабаве буцьвее, жоўкне і пятрэе на марозе. А кароль не зьяжджае. Уся яго сьвіта даўно пахаваная на цвінтарах і ўнутры храмаў, у лёхах. Ад апошніх захаваліся часам магільныя пліты, напаўсьцёртыя надпісы. Хто апынуўся ў зямлі, зьніклі дазваньня. Няма даўно крыжоў, багародзіц, анёлаў, няма надмагільляў. І саміх могілак няма. Ані сьледу. А косткі ператварыліся ў глебу. А кароль запыніўся у одуме, не кранаецца з месца».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG