Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да чаго яны падахвочваюць людзей, сьвяткуючы 7 лістапада? Да гвалтоўнай зьмены ўлады?..»


На пачатку лістапада ў Беларусі часта згадваюць далёкія падзеі 1917 году, калі ўладу ў былой Расейскай імпэрыі гвалтам захапілі бальшавікі. Беларусь застаецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе дата 7 лістапада дагэтуль адзначаецца як дзяржаўнае сьвята.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Віктар Макоўскі з Баранавічаў піша:

Няўжо Лукашэнка ня бачыць празрыстых паралеляў з той краінай і тым народам, якімі сам кіруе? (...) У Крамлі, відавочна, гэтыя небясьпечныя аналёгіі даўно зразумелі і ўсьвядомілі. Там гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі не сьвяткуюць.

«Дзіўна, што Лукашэнка так шануе бальшавіцкі пераварот у Расеі ў кастрычніку 1917 году. Няўжо гэта яму нічога не нагадвае? Даведзены да галечы народ зьбіраецца ў натоўпы, штурмуе рэзыдэнцыю законнай улады, разганяе ўрад і ставіць на яго месца гарлахватаў і папулістаў, якія абяцаюць усё ўсім і адразу: сялянам — зямлю, рабочым — заводы, галодным — хлеб, рабам — свабоду, народам — мір... Няўжо Лукашэнка ня бачыць празрыстых паралеляў з той краінай і тым народам, якімі сам кіруе? Наш народ таксама ў значнай ступені даведзены да галечы, да глыбіні душы абураны і зьняважаны паўсюднай сацыяльнай несправядлівасьцю, карупцыяй чыноўнікаў, адсутнасьцю свабоды. Што ж у такім разе сьвяткуе Лукашэнкава ўлада 7 лістапада? Да чаго яна падахвочвае людзей? Да гвалтоўнай зьмены ўлады?

І што адметна: у Крамлі, відавочна, гэтыя небясьпечныя аналёгіі даўно зразумелі і ўсьвядомілі. Там гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі не сьвяткуюць, хоць рэвалюцыя тая, уласна, расейская, а ніяк не беларуская».

Гадавіну расейскай Кастрычніцкай рэвалюцыі Лукашэнка вярнуў у пералік дзяржаўных сьвятаў дваццаць год таму — на хвалі савецка-камуністычнага рэваншу, які тады быў запатрабаваны значнай часткай грамадзтва. Цяпер і сытуацыя, і грамадзкія настроі зьмяніліся, але дата па інэрцыі застаецца ў беларускім календары сьвяточнай. Пры гэтым заўважце: пра што кожны год гаворыць Лукашэнка ў традыцыйных зваротах 7 лістапада? Не пра гераічных рэвалюцыянэраў-ленінцаў, не пра штурм Зімняга палаца і не пра гвалтоўны захоп улады. Гаворыць ён зусім пра іншае: што гэта сьвята, так бы мовіць, «працоўных падарункаў і новабудоўляў», што ў гэты дзень трэба шанаваць чалавека працы і дзякаваць яму за тое, што краіна разьвіваецца... Усё нібыта правільна, але пры чым тут гадавіна расейскай бальшавіцкай рэвалюцыі?

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Вушачаў — пра страчаную архітэктурную спадчыну. Спадар Кастусь піша:

«Гляджу на малюнак 18 стагодзьдзя, на якім адлюстраваны фасад уніяцкай Усьпенскай царквы, якая калісьці была, бадай, галоўным упрыгожаньнем нашага мястэчка. Ад яе сёньня не засталося нічога — ні фатаздымкаў, ні падмурку, ні памяці. Ніхто нават ня ведае, дзе яна стаяла. Засталася толькі праекцыя на чарцяжы, якую можна знайсьці ў старой манаграфіі І. Н. Ажэшкоўскай пра ўніяцкія храмы Віцебскай губэрні XVIII стагодзьдзя.

Такі храм мог бы ўпрыгожыць галоўную плошчу любой эўрапейскай сталіцы. Якая вытанчаная архітэктура, якая веліч! А памеры — шырыня фасаду каля 11 сажняў, або 23,5 мэтра, а вышыня з крыжамі каля 37 мэтраў! Пэўна ж, і скульптуры багоў і анёлаў упрыгожвалі гэты ўніяцкі храм. І мы страцілі такую прыгажосьць! Хто яе зьнішчыў — старэйшы брат з усходу, які запэўнівае нас, што да іх прыходу (чытай — захопу) мы былі адсталымі невукамі? Ці „дабрадзеі“ з захаду, якія стагодзьдзямі ладзілі на нашай зямлі тэатры ваенных дзеяньняў? Хто аплоціць нам рахункі?

...А сёньня раніцай я стаяў ля вакна, што выходзіць на ўсход сонца. Глядзеў на сваю краіну. Добрай раніцы, Беларусь! Я вітаю цябе! Я вітаю ў табе тое, чым бы ты магла быць — сапраўды незалежнай, багатай, моцнай, вольнай, дэмакратычнай дзяржавай. Я вітаю твае нязьдзейсьненыя мары, твае разбураныя і занядбаныя храмы і палацы, твае зьнішчаныя музэі пад адкрытым небам, падзівіцца на якія мог бы зьяжджацца ўвесь сьвет. Я схіляю галаву перад тваімі забітымі паэтамі і пісьменьнікамі, якія маглі б зрабіць важкі ўнёсак у сусьветную літаратуру. Я смуткую аб навукоўцах, дойлідах, скульптарах, сялянах, мулярах, вынаходніках, лекарах, настаўніках, мастаках, якія не адбыліся, — аб усіх, кім маглі б стаць забітыя ў шматлікіх войнах беларусы.

Добрай раніцы, Беларусь! Прачынайся! Пара ўставаць!».

Сапраўды, спадар Кастусь, у Беларусі амаль кожны горад і мястэчка на працягу апошніх некалькіх стагодзьдзяў пацярпелі падобныя архітэктурныя страты. Гарэлі цэрквы і касьцёлы падчас войнаў і паўстаньняў, але яшчэ больш нішчыліся тады, калі за гэта бралася ўлада. Уніяцкія храмы разбураліся і перабудоўваліся пераважна ў 19 стагодзьдзі, падчас вынішчэньня уніі ўрадам расейскага цара Мікалая Першага. Адметны факт: напрыканцы XVIII ст. 70% беларускага насельніцтва належала да ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15% былі рыма-каталікамі, 7% — юдэямі, і толькі 6% — праваслаўнымі. У 30–40-я гады 19 стагодзьдзя пад ціскам імпэрскіх уладаў уніяты гвалтам былі залічаныя ў праваслаўе.

Ну, а працягнулі і завяршылі справу бальшавікі — татальным перасьледам і вынішчэньнем усіх канфэсіяў. Здаецца, ніколі не было такой вайны, падчас якой было б разбурана столькі цэркваў, касьцёлаў, сынагогаў і мячэтаў, як гэта было зроблена камуністычным рэжымам за 70 гадоў ваяўнічага атэізму.
_________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG