Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі кіроўцу грузавіка, які дзіўна кружляў каля Дома ўраду і выкрыкваў абразы на адрас Лукашэнкі


Плошча Незалежнасьці, архіўнае фота

Пра гэта парталу tut.by паведамілі відавочцы, якія заўважылі дзіўны рух грузавіка ад помніка Леніну да плошчы Мясьнікова. Міліцыя перакрыла машыне рух і затрымала мужчыну, які ў гэты час выкрыкваў абразы на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле відавочцаў, затрыманьне праходзіла досыць жорстка: на кіроўцу надзелі кайданкі і нейкі час пакінулі стаяць на каленях. Потым адвезьлі ў пастарунак, а яго машына яшчэ каля гадзіны стаяла паблізу плошчы.

Пазьней прэс-служба менскай міліцыі патлумачыла, што затрыманы 38-гадовы кіроўца, які «пашкодзіў дарожны знак у раёне плошчы Незалежнасьці».

«Падчас спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў кіроўца вёў сябе неадэкватна, нецэнзурна лаяўся», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

Міліцыянты знайшлі ў салёне машыны мэталічную курыльную люльку з рэчывам расьліннага паходжаньня зялёнага колеру, круглую бляшанку з гэтым жа рэчывам. Знаходкі адпраўленыя на экспэртызу.

Супраць кіроўцы складзены адміністрацыйныя пратаколы. Як паведамляе ГУУС, кіроўца з 2008 па 2016 год 19 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў дарожнага руху і працоўнага заканадаўства. У 90-х супраць яго распачыналі крымінальную справу за сэксуальнае злачынства. Але ці быў ён прызнаны вінаватым, міліцыя не паведамляе.

Адносна затрыманага праводзіцца праверка, паведамілі ў ГУУС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG