Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыштальная ваза для Катару


Аляксандар Лукашэнка падса афіцыйнага візыту ў Катар, 30 кастрычніка 2016 году.
Аляксандар Лукашэнка падса афіцыйнага візыту ў Катар, 30 кастрычніка 2016 году.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Карней і Віталь Цыганкоў

Глод: Кіраўнік Беларусі ўчора завяршыў, тут я працытую ягоную прэсавую службу, «асноўную перамоўную частку візыту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты». Плянуецца, што ў суботу, 5 лістапада, адбудзецца заключная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам ААЭ.

Да гэтага трэба дадаць, што ў блізкаўсходнім рэгіёне Лукашэнка зрабіў афіцыйны візыт у Катар і працоўны візыт у ААЭ. Дарэчы, магчыма, хтосьці з тых, хто нас цяпер слухае, ня ведае розьніцы паміж афіцыйным і працоўным візытамі. Асноўнае адрозьненьне — пры афіцыйным візыце кіраўніка адной дзяржавы ў іншую яго абавязкова прымае дзейны кіраўнік краіны. Пры працоўным візыце гэтая ўмова не абавязковая. Так атрымалася і гэтым разам. У Катары Лукашэнка правёў перамовы з эмірам гэтай краіны, а ў ААЭ — з насьледным прынцам.

Прагледзеўшы свае архівы, я заўважыў, што існуюць дзьве асноўныя прычыны, якімі беларускія ўлады абгрунтоўваюць неабходнасьць візытаў Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Катар. Першая: гэтыя краіны — пэрспэктыўная пляцоўка для рээкспарту беларускай прадукцыі ў краіны Пэрсыдзкай затокі. Другая: яны маюць значныя інвэстыцыйныя рэсурсы, якія могуць быць прыцягнутыя ў беларускую эканоміку. І гэтыя словы рэфрэнам гучаць напярэдадні кожнай паездкі. Але што дзіўна — у агульным сьпісе гандлёвых партнэраў Беларусі па колькасьці таваразвароту багатыя Эміраты заўжды знаходзяцца толькі ў трэцім дзясятку: часам напрыканцы яго, часам у сярэдзіне, часам напачатку.

Багатай краіне патрэбныя цудоўныя, якасныя тавары. А Беларусь ня ў стане іх прапанаваць.

Чаму ж дагэтуль няма прарыву? Памятаю, былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч тлумачыў мне невялікі гандлёвы абарот з ААЭ нізкай якасьцю беларускіх вырабаў. Багатай краіне патрэбныя цудоўныя, якасныя тавары. А Беларусь ня ў стане іх прапанаваць. Вось, уласна кажучы, і ўвесь адказ. Да таго ж ААЭ — гэта своеасаблівая краіна. Там фактычна няма сельскай гаспадаркі ў звычайным разуменьні. Таму трактары, калій і іншыя традыцыйныя тавары беларускага экспарту ёй непатрэбныя. 20 грузавікоў або 20 трактароў на продаж — гэта фактычна нічога ня значыць.

А адсутнасьць стабільнага заканадаўства ў Беларусі стрымлівае эмірацкіх і катарскіх бізнэсоўцаў ад інвэстыцыяў. Яны цудоўна ведаюць, што многія законы — гэта прэзыдэнцкія дэкрэты ды ўказы, якія сёньня напісаныя, а заўтра адмяняюцца. Гэта не дае інвэстару стабільнасьці, гэта не дае ўпэўненасьці, каб спакойна працаваць на беларускім рынку. Таму гэтыя паездкі Лукашэнкі ніякага станоўчага выніку не дадуць.

Супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічных сфэрах маларэалістычнае. Беларусь не знаходзіцца на каналах і кірунках прыкладных дасьледаваньняў у Азіі — сучасных IT.

Яны ня будуць гаварыць пра правы чалавека. Але і цесна супрацоўнічаць таксама ня будуць.

Тады ўзьнікае пытаньне: магчыма, у візыце Аляксандра Лукашэнкі ёсьць нейкі палітычны сэнс? Аднак палітолягі ня бачаць і яго. Эміраты і Катар больш схіляюцца да Захаду. Праўда, яны ня будуць гаварыць пра правы чалавека. Але і цесна супрацоўнічаць таксама ня будуць.

З майго пункту гледжаньня, магчымае тлумачэньне гэтага візыту — пазычыць грошай. Уласна, пошук крэдытаў — гэта сёньня самая важная задача ўсіх замежных паездак беларускага кіраўніка. Аднак і тут спадзяваньні невялікія.

Цяпер «нафтавыя» краіны самі перажываюць не найлепшыя часы. Таму спадзявацца на іхнія крэдыты не выпадае.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка ці афіцыйная прапаганда фактычна пасьля кожнага візыту заяўляюць пра «стратэгічнае партнэрства». Але калі пералічыць тыя краіны, зь якімі афіцыйны Менск у розныя гады, асабліва апошнія, заяўляў пра стратэгічнае партнэрства, то выходзіць занадта шмат. Гэта Кітай, Віетнам, Вэнэсуэла, Іран, краіны Арабійскага паўвострава і г. д. Часта «стратэгічнае партнэрства» заканчвалася проста абвалам, як гэта было з Вэнэсуэлай ці Іранам, згортваньнем розных праектаў альбо проста адсутнасьцю росту.

З усяго гэтага пераліку сапраўды нейкія больш-менш трывалыя адносіны, якія маюць палітычнае і эканамічнае абгрунтаваньне, атрымаліся з Кітаем, і то мы ведаем, што таваразварот з Кітаем вельмі спэцыфічны, ён не на карысьць Беларусі.

Зразумела, чаго шукае афіцыйны Менск у краінах Арабійскага паўвострава. Па-першае, гэта багатыя краіны. Па-другое, гэта краіны, якія знаходзяцца на Блізкім Усходзе і, адпаведна, маюць патрэбу ў вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве. Па-трэцяе, гэта краіны, якія не ствараюць Беларусі ніякіх праблемаў ні наконт правоў чалавека, ні наконт геапалітычнага выбару. З гэтага пункту гледжаньня яны досыць зручныя, калі не сказаць ідэальныя, партнэры. Нічога ў палітычным сэнсе ня просяць, можа толькі падтрымкі якіх зьнешнепалітычных ініцыятываў, а патэнцыйна могуць зрабіцца пакупнікамі беларускіх тавараў, інвэстарамі ў прамысловасьць і будаўніцтва.

Псыхалягічна Аляксандру Лукашэнку заўсёды прыемна прыехаць у такія краіны, ведаючы, што там ня будзе ні вострых пытаньняў, ні крытыкі.

Таму псыхалягічна Аляксандру Лукашэнку заўсёды прыемна прыехаць у такія краіны, ведаючы, што там ня будзе ні вострых пытаньняў, ні крытыкі.

Калі ня ведаць дэталяў гэтага візыту, то, проста зыходзячы з гісторыі беларускіх адносінаў з краінамі, якія разьвіваюцца, можна прадказаць, што ніякага стратэгічнага прарыву не адбудзецца. Арабскія інвэстары, канечне, будуць запрашацца ў Беларусь, але яны дастаткова асьцярожныя і патрабуюць даволі шырокай пляцоўкі для свайго прыходу ў краіну. Таму гэты візыт можна паставіць у шэраг іншых візытаў.

Карней: Зірнуўшы на храналёгію двухбаковых адносінаў, бачым, што дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Катар былі ўсталяваныя роўна 20 гадоў таму, у 1996 годзе. Ад 2014-га ў катарскай сталіцы Досе працуе беларуская амбасада.

Езьдзіць туды Аляксандар Лукашэнка пачаў 15 гадоў таму, у 2001-м. Тады бакі абмежаваліся дэклярацыямі пра намеры рабіць і бараніць інвэстыцыі, а таксама аб эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве. Што маем на выхадзе праз паўтара дзясятка гадоў? Тыя самыя агульныя выразы пасьля перамоваў з шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані: сустрэча лідэраў — выдатная нагода, каб вызначыцца, як і ў якім кірунку прасоўваць двухбаковыя адносіны.

То бок прайшло столькі гадоў ад таго моманту, як Лукашэнка ўпершыню ступіў на катарскі пясок, а ідэя вызначыць пару праектаў, выгадных абодвум бакам, узьнікла толькі цяпер. Зрэшты, прыблізна гэта ж мы чулі і падчас папярэдняга візыту Лукашэнкі ў гэтую краіну — у 2011 годзе.

Калі ў папярэднія гады таваразварот Беларусі з Катарам не перавышаў сьціплыя 20 мільёнаў даляраў, то сёлета зьнешнегандлёвая статыстыка Беларусі не фіксуе яго наогул.

Паказальна, што калі ў папярэднія гады таваразварот Беларусі з Катарам не перавышаў сьціплыя 20 мільёнаў даляраў, то сёлета зьнешнегандлёвая статыстыка Беларусі не фіксуе яго наогул. Гэта значыць, нават калі ёсьць нейкія зьдзелкі, то беларускаму бюджэту ад гэтага нічога не перападае. Прыблізна з такім жа эфэктам праводзяцца Беларускія інвэстыцыйныя форумы за мяжой — грошай на арганізацыю і дастаўку шматлікай дэлегацыі траціцца больш, чым прыходзіць інвэстыцыяў.

Інтарэс Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах крыху большы, але не стратэгічны. Наадварот, пры завышаных чаканьнях маем абсалютны мінімум. Яшчэ ўвосень 2014 году Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з намесьнікам дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі шэйхам Тахнунам бэн Заідам аль-Гахаянам запэўніў, што цяперашні ўзровень гандлёвага абароту не адпавядае зададзенай планцы адносінаў, і паабяцаў давесьці іх да паўмільярда даляраў. Але за першае паўгодзьдзе 2015-га таваразварот дасягнуў усяго 15 мільёнаў даляраў, а да канца году не дацягнуў нават да 30 мільёнаў.

Падчас сустрэчы з насьледным прынцам Абу-Дабі шэйхам Мухамэдам бэн Рашыдам аль-Мактумам Лукашэнка зноў запэўніў, што дзьверы Беларусі заўсёды адчыненыя для Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Зноў былі абмеркаваныя пэрспэктыўныя кірункі далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае ўзаемадзеяньне. Практычна ўвесь вынік за амаль тыднёвае знаходжаньне ў рэгіёне.

Напрошваецца лягічнае пытаньне: магчыма, Лукашэнка і не перасьледаваў далёкасяжных плянаў, а проста сумясьціў паездку са школьнымі вакацыямі малодшага сына Мікалая? Да таго ж вядома пра захапленьне ягонага старэйшага сына Віктара, якога часьцяком бачаць на гонках «Формулы-1». Па зьбегу абставінаў, сёлетні лістападаўскі этап прыпадае якраз на Абу-Дабі.

Ну, і хакейныя справы. Зборная Арабскіх Эміратаў сёлета стала самай экзатычнай удзельніцай Каляднага хакейнага турніру на прыз прэзыдэнта ў Менску, а першыя ўрокі вялікага хакею арабскія гульцы атрымалі якраз ад бацькі і сына Лукашэнкаў, калі тыя наведваліся да іх два гады таму. Пра ўзровень эмірацкага хакею сьведчыць красамоўны факт: у часе таварыскай сустрэчы дзьвюма шайбамі ў вароты адзначыўся 10-гадовы на той момант Міколка.

Цыганкоў: Дадзеныя пра беларускі экспарт у Катар. Ён не адлюстроўваецца, таму што ён мінімальны. Але Катар сёлета купіў у Беларусі 6 кг рэклямных брашур, 11 жаночых сукенак, трошкі штучных кветак, 4 дазымэтры і крыштальныя вазы. Гэта проста анэкдатычная статыстыка з краінай, ад якой Беларусь хоча мець мільярдныя інвэстыцыі.

Карней: Гэта можа прадстаўнік беларускай амбасады прывезьці ў дарожнай сумцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG