Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі адзначаюць Дзень народнага адзінства. Масоўкі набіраюць праз інтэрнэт


У Расеі 4 лістапада адзначаюць Дзень народнага адзінства. Сьвята заснавалі ў 2005 годзе у памяць аб падзеях 1612, калі народнае апалчэньне пад правадырствам Кузьмы Мініна і Дзьмітрыя Пажарскага вызваліла Маскву ад польскага войска.

Паводле дадзеных «Лявада-Цэнтру», упершыню за 11 гадоў больш за палову расейцаў (56 адсоткаў) у часе апытаньня змаглі дакладна сказаць, якое сьвята адзначаецца ў Расеі 4 лістапада. Аднак большасьць не зьбіраецца яго адзначаць.

Кожны год у гэты дзень у Расеі праходзяць шэсьці нацыяналістаў пад назвай «Рускі марш».

У Новасыбірску ў Маршы ўзялі ўдзел ня больш за 150 чалавек. Адзін з арганізатараў акцыі Андрэй Афанасьеў патлумачыў гэта «палітычнай апатыяй» і заявіў, што «спрут» Адзінай Расеі «ахапіў усе».

У Маскве адбылося арганізаванае пракрамлёўскімі рухамі шэсьце «Мы адзіныя!» Напярэдадні на сайце Massovki.ru была апублікаваная абʼява аб наборы масоўкі для ўдзелу ў мітынг-канцэрце «Мы адзіныя!» Удзельнікам прапаноўвалася 400 рублёў «кампэнсацыі за праезд».

У камэнтары ТАСС сакратар Грамадзкай палаты РФ Аляксандр Брачалаў заявіў, што людзі прыехалі на шэсьце «за свой кошт». «Для іх важна сказаць, што, нягледзячы на шматканфэсійнасьць, розныя пункты гледжаньня, ёсьць даты і моманты, калі мы павінны абʼяднацца», — сказаў ён.

На Баравіцкай плошчы каля Крамля прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл урачыста адкрываюць помнік князю Ўладзіміру. 16-мэтровы манумэнт было вырашана ўзьвесьці, нягледзячы на заклікі архітэктараў і абаронцаў помнікаў не парушаць гістарычны ляндшафт расейскай сталіцы.

У горадзе Аляксандраве Ўладзімірскай вобласьці адкрываюць другі ў Расеі помнік Івану Жахоіваму (Грознаму). Першы помнік Івану Жахліваму быў усталяваны ў Арле 14 кастрычніка.

Усяго ж у Дзень народнага адзінства ў Расеі чакаецца каля 2 тысяч масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 600 тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG